Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту

 Уступная малітва

     С.: Пане Езу Хрыстэ, паглядзі літасціва на тых,  хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго  алтара.   Дай  нам  ласку   моцнай   веры  ў   цудадзейную  прысутнасць  Тваю на  гэтым  алтары,   кааб  мы  зразумелі,  што  Ты – наш найлепшы  прыяцель  і  Айцец. Учыні,  кааб  гэтыя  хвіліны  адарацыі  ўзмацнілі нас у  добрых  імкненнях  і  абяцаннях. Просім,  выслухай  малітвы  нашыя.
     Усе: Літасцівы Збавіцелю  наш,  вось мы стаім сёння перад Табою, нашым Уладаром і найлепшым прыяцелем.  Прыходзім аддаць Табе найглыбейшую пашану і падзякаваць за ўсе бясцэнныя дабрадзейнасці Твае.
     Ахвяруем Табе гэтыя хвіліны малітвы каля трону Твайго:
     – за Айца Святога, біскупа нашага і ўвесь Касцёл святы;
     – за Айчыну нашу;
     – за нас саміх, за бацькоў і за родных нашых, а таксама ў інтэнцыі, у якой кожны з нас сёння асабліва жадае маліцца.

     С.: Пане Езу, бясконцая любоў Твая да нас прымусіла Цябе застацца з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Знаходзішся тут – той самы, які хадзіў па свеце, навучаў, лячыў і так палюбіў чалавека.
     Усе: Верым усёй душою, што Ты, о Езу, знаходзішся на гэтым алтары Жывы, хоць укрыты, як Бог і як Чалавек.
     Верым, з любоўю глядзіш Ты ў гэтую хвіліну на нас, хоць мы не бачым  Цябе,  і  не чуем голасу Твайго. Верым,  што  знаходзішся  тут  дзеля  таго,  каб  мы  маглі  часта прыходзіць  да  Цябе  як  да  найлепшага  прыяцеля   і   Айца.  Верым,   што  ў  гэтым Найсвяцейшым  Сакрамэнце  прагнеш  быць  частым  узмацненнем  душ  нашых.

Ушанаванне
     С.: О Езу, Пане і Божа наш! Верым, што знаходзішся на гэтым алтары і аддаем Табе паклон у найглыбейшай пакоры і пашане разам з усімі Тваімі святымі і Анёламі.
     
Усе: Кланяемся Табе, о Езу.
     С.: З нашымі Анёламі Ахоўнікамі.
     Усе: Кланяемся Табе, о Езу.
     С.: З наймілейшай Маці Тваёй, Найсвяцейшай Паннай Марыяй.
     Усе: Кланяемся Табе, о Езу.
     Славім  Цябе,  благаслаўляем  Цябе,  дзякуем  Табе,  ушаноўваем Цябе,  о Езу, які з любові да нас устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб у ім з намі заўсёды знаходзіцца і быць штодзённым узмацненнем для душ нашых. Праслаўляем Цябе за  гэта,  шануем  і дзякуем.

Перапрашэнне
     С.: О добры Езу, мы ўдзячныя Табе за ўсе дабрадзейнасці. Шкадуем, што мы так часта імі злоўжывалі, прагнем сёння Табе аддзякаваць і перапрасіць Цябе:
     За занядбанне і неналежнае чытанне малітваў штодзённых.
     Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!
     С.: За вымаўленне без належнай пашаны імёнаў святых.
     Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!
     С.: За непабожныя паводзіны ў касцёле і няўважлівасць у часе Святой Імшы.
     
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!
     С.: За неналежную падрыхтоўку да Святой Камуніі і абыякавасць пасля прыняцця Цябе ў сэрцы нашыя.
     
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!
     С.: За гнеў, зайздрасць і назалянне іншым.
     Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!
     С.: За нясціплыя думкі, жарты і ўчынкі.
     Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!
     С.: За грахі ўсіх людзей.
     Усе: Перапрашаем Цябе, Пане!

Надзея
     С.: Без Тваёй ласкі, о Езу, мы слабыя, але Ты падасі нам руку дапамогі.
     
Усе: Давяраем Табе, о Езу!
     С.: Шмат спакусаў у свеце змагаецца за сэрцы нашыя, але Ты ўзмоцніш нашу добрую волю.
     Усе: Давяраем Табе, о Езу!
     С.: Абяцаем, што дойдзем калісьці да Цябе.
     Усе: Давяраем Табе, о Езу!
     С.: Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
     
Усе: На Цябе ўскладаем надзею!

Любоў
     С.: Пане Езу, Ты ўмілаваў нас першы, сышоў з нябёсаў і стаўся чалавекам, быў маленькім дзіцяткам, цярпеў холад, нястачу, бяду.
     Усе: З любові да нас.
     С.: Працай рамесніка зарабляў на сваё жыццё трыццаць гадоў. Хадзіў па свеце, навучаючы і ўсім чынячы дабро.
     Усе: З любові да нас.
     С.: Дазволіў сябе замучыць, убічаваць, цернем укаранаваць; нёс цяжкі крыж на гару Кальварыю, дазволіў сябе ўкрыжаваць.
     
Усе: З любові да нас.
     С.: Але перад смерцю, каб нам аказаць яшчэ большую любоў, устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, застаўся з намі ў постаці Хлеба і знаходзішся на гэтым алтары.
     
Усе: З любові да нас.
     С.: О добры Езу, прагнем Цябе за гэта любіць.
     Усе: Мы хочам любіць Цябе, як любяць Цябе Анёлы і святыя ў небе!
     С.: Мы хочам пакласці да ног Тваіх плён працы і дабрадзейнасцяў, годных Цябе!
     Усе: Мы хочам быць асвячонымі як найхутчэй!
     С.: Мы хочам пакорна прынесці Табе сэрцы нашыя, створаныя на падабенства Божага Сэрца Твайго.
     
Усе: О добры Езу, не маем нічога, што было б годным Цябе і што маглі б ахвяраваць Табе, акрамя добрых нашых пажаданняў.
     С.: О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, наш найлепшы прыяцель і Ойча, усім сэрцам любім Цябе!
     
Усе: О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, усім сэрцам любім Цябе! Больш за ўсе выгоды, больш за прыемнасці, больш за саміх сябе, больш за жыццё нашае! Любім толькі Цябе!


Духоўная Камунія
     С.: О Езу, які прагнеш быць узмацаваннем душ нашых.
     
Усе: Прыйдзі да нас! Прагнем прыняць Цябе, сумуем без Цябе, дай нам сябе самога, дай нам ласкі свае, асвяці і ўмацуй душы нашыя і застанься з намі назаўсёды.

     Хвіліна роздуму – размаўляй з Панам Езусам у сваім сэрцы.

     С.: О Езу, мы Табе належым.
     Усе: Табе саміх сябе і ўсё, што маем, аддаем і разам з душою і целам аддаемся Табе навекі.


Просьбы
     С.: Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў: «Аб чым-небудзь прасіць будзеце ў Айца ў імя Маё – дасць вам».
     Усе: Каб мы маглі любіць Цябе ўсё больш.
     С.: Памолімся за Айца Святога і ўвесь святы Касцёл, за нашага біскупа і нашу дыяцэзію, за нашу парафію і нашых святароў.
     Усе: Ойча наш...
     С.: За нашых бацькоў, за родных нашых, выхавацеляў і настаўнікаў, за ўсіх хворых, засмучаных і пакутуючых, за ўсіх грэшнікаў, асабліва за тых, якія сёння адыдуць з гэтага свету.
     Усе: Ойча наш...
     С.: За нашу Айчыну і за тых, хто ёю кіруе, за згоду і супакой між народамі.
     Усе: Ойча наш...
     С.: За ўсіх памерлых, асабліва за памерлых бацькоў і родных нашых.
     Усе: Ойча наш...
     С.: Вечны адпачынак дай ім, Пане.
     Усе: А святло вечнае няхай ім свеціць.
     С.: Няхай адпачываюць у супакоі вечным.
     Усе: Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.  

 

Хостинг от uCoz