САКРАМЭНТ ХРОСТУ

 

«Ідзіце  і   навучайце   ўсе   народы,   хрысцячы  іх  у   імя   Айца   і   Сына,    і   Духа Святога. Хто паверыць  і ахрысціцца – будзе  збаўлены» (пар. Мц 28, 19; Мк 16, 15.16), - гэтымі словамі  Пан Езус  устанавіў   першы   з   сямі   с  акрамэнтаў   –  сакрамэнт   святога хросту.  Толькі пасля прыняцця  хросту  мы  можам  прымаць іншыя сакрамэнты.

Праз святы хрост Пан ачышчае нас ад заганы першароднага граху,  адпускае  ўсе правіны, учыненыя да хрышчэння, удзяляе надпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага  жыцця  дзяцей Божых,   акрамя  таго,   праз   хрост   людзі     далучаюцца     да  супольнасці  люду    Божага  -  Касцёла. Звычайна ўдзяляе сакрамэнт хросту  святар  альбо дыякан,   а  ў  выпадку  небяспекі смерці,  калі  няма святара, ахрысціць можа кожны чалавек. Пажадана, каб імя, якое даецца пры хрышчэнні,  было імем святога альбо святой, каб ахрышчаны меў свайго  заступніка перад Богам і прыклад для наследвання. Хрост - гэта толькі пачатак, фундамент, які патрабуе далейшага развіцця, брама для пераходу да Таямніцы хрысціянскай  веры  і  да  жыцця  паводле прынятай  веры.  Клапаціцца  пра  гэта – абавязак   бацькоў,  хросных  і  самаго ахрышчанага.

 

Абрад хросту дзяцей

 

- Прыняцце дзяцей, першы знак Крыжа.

- Чытанне Св. Пісання і казанне.

- Малітва над хрысцільнаю вадою.

- Адрачэнне ад зла і вызнанне веры.

- Хрост, намашчэнне хрызмам, уручэнне свечкі  і ўскладанне белага адзення.

  Малітва Ойча наш, благаславенне бацькоў  і ўсіх прысутных.

 

На  заканчэнне абраду там, дзе ёсць звычай прыносіць новаахрышчаных дзяцей да алтара Найсвяцейшай Панны Марыі,  мэтазгодна  яго захаваць.

 

Парадак хросту дзяцей пры небяспецы смерці ці пры кананні, які выкарыстоўваецца, калі адсутнічаюць  святар  і  дыякан 1. Пасля таго, як будзе падрыхтаваная вада, нават не асвячоная, і вакол хворага дзіцяці збяруцца бацькі, хросныя,  а калі магчыма, таксама некаторыя блізкія і сябры, цэлебрант,  г. зн.  адпаведна падрыхтаваны  вернік,  пачынае кароткую  малітву  вернікаў:

Просім  усемагутнага  Бога  быць  міласэрным  да  гэтага  дзіцяці, якое прыме ласку хросту, да яго бацькоў, хросных і ўсіх ахрышчаных.

 

Цэлебрант: Молімся, каб праз хрост Ты далучыў гэтае дзіця да Твайго Касцёла. Усе:   Цябе просім, выслухай нас, Пане.

Цэлебрант: Молімся,  каб праз  хрост Ты ўчыніў гэтае дзіця  Тваім  усыноўленым дзіцем.

Цэлебрант: Молімся, каб  гэтае  дзіця, пахаванае з Хрыстом праз хрост, Ты меў ласку ўчыніць  удзельнікам  Яго  смерці  і  ўваскрасення.

Цэлебрант: Молімся, каб ва ўсіх, тут прысутных, Ты аднавіў ласку хросту. Цэлебрант: Молімся,  каб  усіх вучняў Хрыстовых,  якія праз хрост сталі адным целам, Ты меў ласку заўсёды захоўваць у адзінстве веры і любові.

 

2. Малітва верных завяршаецца наступнымі словамі:

 

Божа,  крыніца ўсялякага жыцця   і любові,  Ойча  Пана  нашага  Езуса Хрыста, Ты, падтрымліваючы   бацькоў  у  іхнім   клопаце   і   апякуючыся  дзецьмі  ў небяспецы, адкрываеш нам план Тваёй любові  і  адраджаеш  іх да  вечнага  жыцця. Выслухай ласкава нашыя пакорныя просьбы:  не дапусці,  каб гэтае дзіця было пад уладай граху, але змілуйся над ім  і  ласкава  прымі  яго  ў  валадарства  Твайго  Сына. Учыні, каб гэтае дзіця, якому  мы  даем  імя  N.,  праз  ваду  моцаю  Духа  Святога  стала  падобным да Хрыста ў таямніцы Яго смерці і ўваскрасення,  а як Тваё ўсыноўленае дзіця атрымала спадчыну Хрыста  і  радавалася  ў  Касцёле  прабыванню  з  Табою, Тваім  Адзінародным Сынам  і  Духам  Святым  на  векі  вечныя.   Амэн.

 

3. Затым  адбываецца   вызнанне  веры.

 

Цэлебрант  звяртаецца  да  прысутных з такімі словамі:

Узгадваючы свой уласны хрост,  вызнаем веру ў Езуса Хрыста, бо гэта – вера Касцёла, у якой прымае хрост ваша дзіця.

Затым ён пытаецца:

Цэлебрант: Ці верыце  ў  Бога,  Айца  ўсемагутнага,  Стварыцеля  неба  і зямлі?

Усе:  Веру

Цэлебрант: Ці верыце  ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага,  Пана  нашага, народжанага з Дзевы Марыі, замучанага  і  пахаванага, які ўваскрос з памерлых і сядзіць праваруч Айца?

Усе:  Веру.

Цэлебрант: Ці верыце ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае?                           

Усе:  Веру.

Можна таксама вызнаць веру, прамаўляючы Апостальскі сімвал веры.

 

4. Затым цэлебрант хрысціць дзіця, гаворачы:

 

N. (імя),  Я  ЦЯБЕ  ХРЫШЧУ  Ў  ІМЯ АЙЦА     палівае  вадой  першы  раз I СЫНА, палівае вадой другі раз   I  ДУХА  СВЯТОГА палівае  вадой  трэці раз.

 


5. Прапускаючы ўсе іншыя абрады, можна  здзейсніць ускладанне белага адзення.

 

Цэлебрант:  N. (імя),  ты   стаў  (стала)   новым  стварэннем  і  апрануўся (апранулася)  ў Хрыста.  Няхай  гэтае  белае  адзенне  будзе  для  цябе  знакам годнасці  дзіцяці Божага. Нясі  ж  яе  незабруджанай  у  жыццё  вечнае.

Усе:  Амэн.

 

6.  Абрад заканчваецца малітвай Панскай Ойча наш.

 

Калі сярод прысутных няма нікога, хто быў бы здольны весці малітву, то хрысціць можа кожны вернік, прамаўляючы  Сімвал веры і затым  паліваючы  ваду на  прымаючага хрост  і  гаворачы прадпісаныя  словы  (п. 4).   Аднак   у   выпадку  неабходнасці  нават Сімвал  веры  можа  быць прапушчаны.

Пры кананні дастаткова,  каб  цэлебрант,  прапусціўшы  іншыя  абрады,  паліваў  ваду  на дзіця, гаворачы прадпісаныя словы (п. 4). Пажадана, наколькі гэта магчыма,  каб цэлебрант здзяйсняў хрост у прысутнасці аднаго ці двух  сведкаў.  Аб  удзеленым хросце сям'я  неадкладна  павінна паведаміць  свайму  пробашчу.  Пасля  выздараўлення дзіцяці  бацькі  і хросныя  прыносяць  яго  ў касцёл, каб парафія даведалася пра тое, што дзіця прынята ў Касцёл. Тады  святар  моліцца  за  дзіця, намашчае яго святым  хрызмам,  ускладае  белае адзенне, уручае  запаленую  свечку,  удзяляе  благаславенне бацькам   і   іншым прысутным   і там,   дзе   ёсць   такі  з вычай,   аддае  дзіця  ў  апеку   Найсвяцейшай Панне Марыі.

 

Малітва ў гадавіну хросту

 

Божа, у Тройцы Адзіны, дзякую Табе за тое, што ўжо ў дзяцінстве Ты адарыў мяне ласкаю святога хросту Ты вырваў мяне з цемры і перанёс у валадарства  ўлюбёнага Твайго  Сына,   Ты  ўдзяліў  мне  асвячальную  ласку  і  ўчыніў  мяне  сваім дзіцем.Сёння, у гадавіну гэтай падзеі, такой знамянальнай у маім жыцці,хачу аднавіць мой запавет з Табою.

Веру ва ўсё,  у што святы Касцёл каталіцкі  прапануе верыць.  Выракаюся   шатана  і  ўсіх яго  спраў  і  даручаю сябе  майму  Збаўцу, Езусу Хрысту, каб Яго волю верна ыконваць і   так   даваць   сведчанне  сваім   жыццём.  Учыні,  Божа,   каб  я  верна  служыў  Табе  і кожны   дзень  узрастаў  у  Тваёй   ласцы.   Праз   Хрыста,   Пана   нашага.   Амэн. 

 

Хостинг от uCoz