САКРАМЭНТ КАНФІРМАЦЫІ (БЕЖМАВАННЕ)

 

У  Дзеях   Апостальскіх   чытаем:  «Апосталы  ж,   што  былі   ў   Ерузалеме,   пачуўшы,  што Самарыя  Прыняла   Слова  Божае,    паслалі    ім    Пятра    і    Яна,    якія,   прыйшоўшы, памаліліся  за  іх,  каб яны  прынялі Духа Святога, (бо  Ён  на  нікога  яшчэ   не  зышоў,  а толькі  былі  яны  ахрышчаны  ў  імя   Пана   Езуса).   Тады  яны  ўсклалі   на   іх   рукі,   і тыя  прынялі  Духа  Святога»   (пар. Дз 8, 14-17).

Сакрамэнт канфірмацыі - гэта сакрамэнт сталасці. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным  Духа Святога,  які ў дзень Пяцідзесятніцы быў праз Яго спасланы на апосталаў.  Праз  гэты  дар Духа Святога  вернікі  яшчэ  больш  упадабняюцца  да  Хрыста  і  ўмацоўваюцца,   каб  складаць  Яму сведчанне і будаваць Яго Цела ў веры і любові.«Але вы не ў целе, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі  ж  хто Духа  Хрыстовага не мае, той  і  не  Ягоны» (пар. Рым 8, 9).  

Чалавек  з'яўляецца хрысціянінам у такой ступені,  у якой  удзельнічае ў жыцці Хрыста, наколькі ён,  як  і   Езус  Хрыстус,  ёсць  намашчаны  Духам  Святым  -  Духам  праўды  і   любові,  Духам мужнасці для  сведчання, Духам  адказнасці  за  развіццё  Касцёла  і  за  прысутнасць  Хрыста  ў свеце.  Праз  сакрамэнт   канфірмацыі   хрысціянін   атрымлівае   незнішчальны  знак  вызнаўцы Хрыста, таму гэты  сакрамэнт не паўтараецца.

Кожны ахрышчаны можа і павінен прыняць  сакрамэнт  канфірмацыі.  Удзяляе  гэты с акрамэнт біскуп. Бацькі абавязаны клапаціцца аб падрыхтоўцы дзяцей да  сакрамэнтальнага  жыцця  праз фармаванне і паступовае ўмацаванне ў іх духа веры, а таксама праз  непасрэдную  падрыхтоўку да годнага прыняцця сакрамэнтаў канфірмацыі і Эўхарыстыі.

Пры бежмаванні павінен быць так званы сведка,  выбраны  кандыдатам  да  бежмавання  альбо яго роднымі. Сведка павінен вызначацца прыкладным  хрысціянскім жыццём. Сведкамі могуць быць  хросныя  і  нават  родныя  бацькі  кандыдата  да  бежмавання.   У  часе  ўдзялення  гэтага сакрамэнту сведка кладзе правую руку на правае плячо кандыдата ў знак таго, што ён будзе дапамагаць  яму  парадаю  і  чынам  у  жыцці,  згодным  з  вызнаванаю  вераю.

 

Малітва перад бежмаваннем

 

Духу Святы, Ты  праз  хрост  учыніў мяне Божым дзіцем і хрысціянінам. Май ласку сысці на мяне ў гэтым сакрамэнце, як сышоў на апосталаў у дзень  Пяцідзесятніцы. Пасяліся назаўсёды ў душы маёй з дарамі Тваімі. Удзялі мне дар мудрасці, розуму і здольнасці,   дар  парады  і мужнасці,   пабожнасці   і   боязі   Божай.  Натхні  мяне апостальскім духам, каб я быў нястомным сведкам  Хрыста,  Пана  нашага.   Амэн.

 

Абрады сакрамэнту канфірмацыі

 

  1. Уступныя абрады.

  2. Літургія слова.

  3. Просьба аб удзяленні сакрамэнту.


 

Святар: Дастойны  ойча,  святы  Касцёл  просіць  праз мяне аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі с абраным  тут  вернікам  (сабранай тут моладзі)  парафіі  (называецца парафія).

Біскуп: Ці гэтыя  вернікі  (гэтая моладзь)  ведаюць,  які  вялікі  дар  атрымаюць яны ў гэтым сакрамэнце,і ці адпаведна падрыхтаваліся (падрыхтавалася) да прыняцця яго?

 

Святар: Я перакананы,  што ўсе падрыхтаваліся  да  канфірмацыі,  бо  ўдзельнічалі ў слуханні Слова Божага і супольнай  малітве,  а  таксама  прыступілі  да  сакрамэнту споведзі.

Біскуп: Дарагія браты і сёстры,  скажыце  перад  сабраным тут Касцёлам, якіх ласкаў чакаеце вы ад Бога ў гэтым сакрамэнце?


Кандыдаты: Прагнем, каб Дух Святы, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага Вызнавання  веры  і  для  жыцця  паводле  яе  запаведзяў.

Усе: Амэн.

 

  4. Аднаўленне прысягаў хросту.

  5. Ускладанне рук і намашчэнне хрызмам:

 

Біскуп:      N. (імя), прымі знак дару Духа Святога.

Кандыдат: Амэн.

Біскуп:       Супакой з табою.

Кандыдат: I з духам тваім.

 

  6. Малітва Панская.

  7. Пантыфікальнае благаславенне.

 

Біскуп: Пан з вамі.

Усе:     I з духам тваім.


Біскуп: Няхай імя Пана будзе благаслаўлёна.

Усе:     Цяпер і навекі.

 

Біскуп: Дапамога наша - у імені Пана.

Усе:     Які стварыў неба і зямлю.

 

Біскуп: Няхай  благаславіць  вас Бог  усемагутны,  Айцец  і  Сын, * і Дух Святы.

Усе:     Амэн.

 

Малітва пасля бежмавання

 

Духу Святы,  праз гэты сакрамэнт Ты даў мне сілу для барацьбы,  каб моцаю і жывою вераю я сведчыў аб валадарстве Хрыста на зямлі. Няхай жа жыццё маё будзе барацьбою, няхай  сярод перамог і ўпадкаў,  падтрыманы  Тваёю  сілаю, штораз лепш буду  разумець  словы  святога Пятра:  «Але  вы - выбраны  род, каралеўскае   святарства,   народ   святы,   людзі,   выбраныя, каб  абвяшчаць дабрадзейнасці  Таго,  Хто  паклікаў  вас  з  цемры  ў  цудоўнае  сваё  святло».

 

 

Хостинг от uCoz