РАЗДЗЕЛ II

 

ЧАЛАВЕЧАЕ РАЗВІЦЦЁ Ў НАШ ЧАС

 

21. Павел VI меў выразны погляд на развіццё. Праз паняцце «развіццё» хацеў указаць у якасці мэты вызваленне народаў найперш ад голаду, галечы, эндэмічных хвароб i непісьменнасці. З эканамічнага пункту гледжання гэта азначае іх актыўны ўдзел на аднолькавых умовах у міжнародным эканамічным працэсе; з грамадскага пункту гледжання гэта азначае іх эвалюцыю ў напрамку адукаваных і салідарных грамадстваў; з палітычнага пункту гледжання гэта азначае ўмацаванне дэмакратычнай улады, здольнай гарантаваць свабоду i спакой. Пасля столькіх гадоў, калі з трывогай назіраем за развіццём i перспектывамі крызісаў, якія памнажаюцца у гэты час, задаем сабе пытанне, у якой ступені чаканні Паўла VI спраўджвае мадэль развіцця, прынятая ў апошнія дзесяцігоддзі. Таму прызнаем, што абгрунтаваным быў непакой Касцёла ў тым, ці здольны выключна «тэхналагічны» чалавек паставіць перад сабой аб’ектыўныя мэты i адпаведна карыстацца прыладамі, якія знаходзяцца ў яго распараджэнні. Прыбытак з’яўляецца карысным, калі як сродак скіраваны да мэты, што надае яму сэнс у тым, як яго атрымаць і як выкарыстаць. Выключнасць прыбытку, калі быў неналежна атрыманы i калі яго канчатковай мэтай не з’яўляецца агульнае дабро, нараджае небяспеку знішчэння багацця i вядзе да беднасці. Эканамічнае развіццё, якога жадаў Павел VI, павінна было б прыносіць рэальны рост, які ахопліваў бы ўсіх i быў бы канкрэтна збалансаваны. Гэта праўда, што развіццё было i надалей застаецца станоўчым фактарам, які вызваліў з галечы міліярды асобаў i, нарэшце, прынёс многім краінам магчымасць стаць дзейснымі пратаганістамі міжнароднай палітыкі. Аднак трэба прызнаць, што тое самае эканамічнае развіццё было i надалей адзначаецца дэфармацыяй i драматычнымі праблемамі, яшчэ больш бачнымі ў сучаснай крызіснай сітуацыі. Яна ставіць нас непазбежна перад выбарам, што датычыць усё больш прызначэння чалавека, які зрэшты не можа пазбыцца сваёй прыроды. Тэхнічныя сілы, бачныя сёння, планетарныя ўзаемаадносіны, згубныя для рэальнай эканомікі вынікі дрэнна арганізаванай, а нават спекулятыўнай фінансавай дзейнасці, вялізныя міграцыйныя рухі, часта толькі правакацыйныя, a затым неўласцівае размеркаванне, празмернае выкарыстанне прыродных рэсурсаў схіляюць нас сёння да роздуму аб прымяненні неабходных сродкаў для вырашэння не толькі новых праблем у параўнанні з тымі, якім супрацьстаяў Павел VI, але таксама i найперш тых, якія маюць вырашальны ўплыў на дабро чалавецтва сёння i ў будучыні. Аспекты крызісу i яго пераадолення, a таксама будучага магчымага развіцця штораз больш звязаны паміж сабою, маюць узаемны ўплыў, патрабуюць новых высілкаў гарманічнага зразумення і новага гуманістычнага сінтэзу. Слушна непакоіць нас сённяшняя складаная i сур’ёзная эканамічная сітуацыя, але мы павінны рэальна, з даверам і надзеяй прыняць новую адказнасць, да якой нас заклікае сітуацыя свету, патрабуючы глыбокага культурнага абнаўлення i адкрыцця прынцыповых каштоўнасцяў, на якіх можна будаваць лепшае будучае. Крызіс абавязвае нас нанова паразважаць над нашым шляхам, прыняць новыя правілы i знайсці новыя формы ўдзелу, выкарыстоўваць станоўчы вопыт i адкідваць негатыўны. Такім чынам, крызіс дае магчымасць распазнаваць i рабіць новыя праекты. У гэтай перспектыве, больш поўнай надзеі чым адмовы, трэба супрацьстаяць сучасным цяжкасцям.

 

22. Сёння вобраз развіцця поліцэнтрычны. Ёсць шматлікія ўдзельнікі i прычыны як адставання ў развіцці, так і развіцця, а таксама розныя правіны i заслугі. Гэты факт павінен схіліць да вызвалення ад ідэалогій, якія часта штучна спрошчваюць рэчаіснасць, i да аб’ектыўнай ацэнкі чалавечага характару праблем. Мяжа падзелу паміж багатымі i беднымі краінамі не такая выразная, як у часы Populorum progressio, што ўжо падкрэсліваў Ян Павел II55 . Павялічваецца сусветнае багацце, зразуметае глабальна, але ўзрастае няроўнасць. У багатых краінах бяднеюць новыя сацыяльныя катэгорыі, i нараджаюцца новыя формы беднасці. У найбольш бедных сферах некаторыя групы цешацца ў пэўнай ступені раскошным i спажывецкім звышразвіццём, якое непрымальна кантрастуе з працяглымі сітуацыямі нечалавечай галечы. Надалей трывае «скандал неверагодных няроўнасцяў»56 . Карупцыя i беззаконне прысутнічаюць, на жаль, як у паводзінах эканамічных і палітычных суб’ектаў багатых краін, старых і новых, так і ў краінах бедных. Бывае, што чалавечыя правы працаўнікоў не захоўваюцца вялікімі міжнароднымі прадпрыемствамі, а таксама мясцовымі вытворчымі групамі ў розных краінах. Міжнародная дапамога часта ўдзялялася неадпаведна з прызначэннем з прычыны безадказнасці і сярод суб’ектаў-донараў, і сярод адрасатаў. Тую самую ступень адказнасці можам сустрэць сярод нематэрыяльных або культурных прычын развіцця i адставання ў развіцці. Маем справу з празмернымі формамі аховы ведаў з боку багатых краін праз празмерна жорсткае карыстанне правам інтэлектуальнай уласнасці, асабліва ў сферы здароўя. Адначасова ў некаторых бедных краінах надалей трываюць культурныя стандарты i нормы грамадскіх паводзінаў, якія запавольваюць працэс развіцця.

 

23. Сёння развіліся, хоць праблематычным i неаднародным чынам, многія абшары планеты, уваходзячы ў шэраг вялікіх моцаў, прызначаных адыграць важную ролю ў будучыні. Трэба аднак падкрэсліць, што толькі эканамічнага і тэхнічнага развіцця недастаткова. Неабходна, каб развіццё было перадусім сапраўдным і інтэгральным. Выйсце з эканамічнай адсталасці, само па сабе станоўчае, не вырашае складанай праблематыкі прамоцыі чалавека ні для краін-удзельніц гэтага працэсу, ні для краін ужо эканамічна развітых, ні для краін, якія застаюцца беднымі і акрамя даўнейшых форм эксплуатацыі могуць мець негатыўныя наступствы, крыніцай якіх з’яўляецца рост, што адзначаецца дэфармацыямі i адсутнасцю раўнавагі.

 

Пасля распаду эканамічных і палітычных сістэм у камуністычных краінах Усходняй Еўропы i гэтак званых супрацьлеглых блокаў, было б неабходным цалкам перагледзець развіццё. Аб гэтым прасіў Ян Павел II, які ў 1987 годзе ўказаў на існаванне гэтых блокаў як на адну з галоўных прычын спазнення ў развіцці57 , паколькі палітыка прысвойвала рэсурсы эканомікі i культуры, а ідэалогія абмяжоўвала свабоду. У 1991 годзе, пасля падзей 1989 года, ён прасіў, каб распаду блокаў спадарожнічала таксама новае глабальнае праектаванне развіцця не толькі ў гэтых краінах, але таксама на захадзе і ў развіццёвых частках свету58 . Гэта было здзейснена толькі часткова i надалей застаеца сапраўдным абавязкам, які трэба споўніць, магчыма, зрабіўшы неабходны выбар для пераадолення актуальных эканамічных праблем.

 

24. Свет, які Павел VI меў перад вачыма, – хоць працэс абагульнення значна ўжо пайшоў наперад, таму папа мог гаварыць пра сацыяльную праблему ў сусветным маштабе, – быў намнога менш інтэграваным за сённяшні. Эканамічная дзейнасць i палітычная функцыя ў значнай ступені мелі месца ў той самай сферы, а таму маглі быць узаемазалежнымі. Вытворчая дзейнасць у большасці вялася ў дзяржаўных межах, a фінансавыя інвестыцыі мелі пераважна абмежаванае поле дзеяння за мяжой, паколькі палітыка многіх краін магла яшчэ ўстанаўліваць прыярытэты эканомікі i пэўным чынам кіраваць працэсам дзякуючы прыладам, якімі яшчэ распараджалася. З гэтай прычыны Populorum progressio вызначала «публічнай уладзе»59 цэнтральнае, хоць і не выключнае заданне.

 

У нашую эпоху дзяржава знаходзіцца ў такой сітуацыі, што павінна супрацьстаяць абмежаванням, якія дыктуе яе незалежнасці новы міжнародны эканамічна-гандлёвы і фінансавы кантэкст, што адзначаецца таксама ўзрастаючай мабільнасцю фінансавых капіталаў, а таксама матэрыяльных i нематэрыяльных сродкаў вытворчасці. Гэты новы кантэкст змадыфікаваў палітычную ўладу дзяржаў.

 

Сёння, памятаючы таксама пра ўрок, які нам дае трываючы эканамічны крызіс, у якім публічныя ўлады дзяржаў непасрэдна ўдзельнічаюць дзеля выпраўлення памылак i дысфункцый, больш рэальнай здаецца паўторная ацэнка іх ролі i паўнамоцтваў, якія трэба мудра нанова перагледзець i ацаніць, каб таксама дзякуючы новым спосабам функцыянавання яны былі ў стане адказаць на заклікі сучаснага свету. Можна прадбачыць, што дзякуючы лепшай канкрэтызацыі ролі публічных улад будуць узмоцнены новыя формы ўдзелу ў нацыянальнай і міжнароднай палітыцы, якія зрэалізуюцца праз дзейнасць арганізацый, што функцыянуюць у грамадзянскай супольнасці; у гэтай сферы належала б жадаць сабе большай увагі i ўдзелу ў res publica з боку грамадзянаў.

 

25. З грамадскага пункту гледжання сістэмы абароны i апекі, існуючыя ўжо ў часы Паўла VI у многіх краінах, з цяжкасцю дасягаюць i могуць з яшчэ большай цяжкасцю дасягнуць у будучыні сапраўднай грамадскай справядлівасці ў значна змененым вобразе сілаў. Рынак, які стаў глабальным, з боку багатых дзяржаў спрыяў перадусім пошуку рэгіёнаў для перанясення таннай вытворчасці з мэтаю зніжэння кошту многіх дабротаў, большай стымуляцыі попыту i такім чынам паскарэння ступені росту, сканцэнтраванай на большым спажыванні для ўласнага ўнутранага рынку. У выніку рынак абудзіў новыя формы спаборніцтва паміж дзяржавамі з мэтаю прыцягвання вытворчых цэнтраў замежных фірм дзякуючы розным інструментам, сярод якіх льготныя падаткі i паслабленне юрыдычных норм у свеце працы. Гэтыя працэсы прывялі да рэдукцыі сферы сацыяльнага забеспячэння ўзамен за пошук большай канкурэнцыйнай карысці на глабальным рынку, ствараючы вялікую небяспеку для правоў працаўнікоў, для фундаментальных правоў чалавека, а таксама для салідарнасці, рэалізаванай у традыцыйных формах сацыяльнай дзяржавы. Сістэмы сацыяльнага страхавання могуць страціць здольнасць выконваць сваё заданне як у развіццёвых краінах, так і ў краінах даўно развітых, а таксама ў бедных краінах. Тут балансавая палітыка з памяншэннем выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, якую часта таксама падтрымліваюць міжнародныя фінансавыя інстытуцыі, можа зрабіць грамадзянаў безабароннымі перад абліччам даўнейшых i новых пагрозаў; такога тыпу безабароннасць узрасла з прычыны адсутнасці эфектыўнай абароны з боку працоўных таварыстваў. Сукупнасць грамадскіх і эканамічных зменаў вядзе да таго, што прафсаюзам становіцца больш складана выконваць сваё заданне ў прадстаўленні інтарэсаў працаўнікоў таксама і таму, што ў выніку эканамічных выгадаў улады часта абмяжоўваюць свабоду прафсаюзаў або іх здольнасць да перамоў. Такім чынам традыцыйныя сеткі салідарнасці сустракаюцца з пераадоленнем узрастаючых перашкод. Таму сёння яшчэ больш чым раней трэба трымацца закліку сацыяльнага вучэння Касцёла, пачынаючы ад Rerum novarum60 , каб узніклі таварыствы працаўнікоў для абароны ўласных правоў, даючы перадусім хуткі i празорлівы адказ на пільныя патрэбы з’яднання новых энэргій на міжнародным і мясцовым узроўні.

 

Працоўная мабільнасць разам з агульным аслабленнем юрыдычных норм была важнай падзеяй, не пазбаўленай станоўчых аспектаў, бо была здольнай абудзіць да стварэння новага багацця i абмену паміж рознымі культурамі. Аднак, калі няўпэненасць ва ўмовах працы як вынік працэсаў мабільнасці і аслаблення норм становіцца эндэмічнай, нараджаюцца формы псіхалагічнай няўпэненасці, цяжкасці ў будаванні ўласнай i сумеснай экзістэнцыі, уключна з сужэнствам. Вынікам гэтага сталі сітуацыі дэградацыі чалавека і, больш за тое, марнатраўства грамадскай энэргіі. У параўнанні з тым, што мела месца ў мінулым у прамысловым грамадстве, сёння беспрацоўе выклікае новыя аспекты пачуцця нязначнасці для эканомікі, а сённяшні крызіс можа толькі пагоршыць сітуацыю. Звальненне з працы на доўгі час або працяглая залежнасць ад публічнай ці прыватнай апекі парушаюць свабоду i крэатыўнасць асобы, а таксама яе сямейныя і грамадскія адносіны, выклікаючы вялікія пакуты псіхалагічнага і духоўнага характару. Хацеў бы ўсім нагадаць, асабліва кіраўнікам, якія ўдзельнічаюць у стварэнні новай формы эканамічнага і грамадскага ладу ў свеце, што першым капіталам, які трэба ўратаваць i ацаніць з’яўляецца чалавек, асоба, ва ўсёй сваёй паўнаце: «Чалавек — гэта творца, цэнтр і мэта ўсяго грамадска-эканамічнага жыцця»61 .

 

26. У культурным вымярэнні, у параўнанні з эпохай Паўла VI, адрозненне становіцца яшчэ больш выразным. Тады культура была больш ясна акрэсленай i мела большыя магчымасці абараніцца ад спробаў культурнай гомагенізацыі. Сёння значна ўзраслі магчымасці ўзаемаўплыву культур, ствараючы новыя перспектывы інтэркультурнага дыялогу, які, каб быць плённым, павінен мець за пункт выйсця глыбокае разуменне адмысловай тоеснасці розных суразмоўцаў. Нельга забываць пра тое, што ўзрастаючая меркантылізацыя культурнага абмену сёння спрыяе падвойнай небяспецы. У першую чаргу заўважаецца прымаемы часта безкрытычна культурны эклектызм: культуры набліжаюцца проста да сябе i лічацца прынцыпова раўназначнымі i ўзаемазамяняльнымі. Гэта спрыяе паслухмянасці рэлятывізму, які не садзейнічае праўдзіваму міжкультурнаму дыялогу. У грамадскім сэнсе культурны рэлятывізм вядзе да таго, што культурныя групы набліжаюцца да сябе або суіснуюць, але асобна, без праўдзівага дылогу, a значыць без сапраўднай інтэграцыі. На другім месцы – супрацьлеглая небяспека, якая заключаецца ў нівеліраванні культур i уніфікацыі паводзінаў i стыляў жыцця. Такім чынам губляецца глыбокае значэнне культуры розных народаў, традыцыі розных плямёнаў, у межах якіх асоба становіцца перад асноўнымі пытаннямі экзістэнцыі62 . І эклектызм, i культурнае нівеліраванне адзяляюць культуру ад чалавечай прыроды. Такім чынам культуры не могуць ужо знайсці сваёй меры ў прыродзе, якая іх пераўзыходзіць63 , i, урэшце, зводзяць чалавека толькі да культурнага факту. Калі гэта мае месца, чалавецтва спазнае новыя небяспекі зняволення і маніпуляцыі.

 

27. У многіх бедных краінах трымаецца i пагражае паглыбленнем скрайная жыццёвая няўпэўненасць, як наступства нястачы ежы: голад паглынае яшчэ шмат ахвяраў сярод столькіх «лазараў», якім не дазваляецца, чаго патрабаваў Павел VI, каб яны селі пры стале багача64 . Даць хлеб галодным (пар. Мц 25, 35. 37. 42) – гэта этычны імператыў для паўсюднага Касцёла, які адказвае на навучанне яго Заснавальніка, Пана Езуса, аб салідарнасці i ўменні дзяліцца. Больш за тое, ліквідацыя ў свеце голаду ў эпоху глабалізацыі з’яўляецца мэтаю, да якой трэба імкнуцца, каб уратаваць спакой і стабільнасць планеты. Голад вынікае не столькі з нястачы матэрыяльных рэсурсаў, колькі з недахопу грамадскіх рэсурсаў, сярод якіх найважнейшым з’яўляецца той, які мае інстытуцыйную прыроду. Гэта значыць, што не хапае структуры эканамічных інстытуцый, якія ў стане гарантаваць рэгулярны i адпаведны з пункту гледжання харчавання доступ да ежы i вады, і вырашаць пільныя сітуацыі, звязаныя з першымі патрэбамі і сапраўднымі прадуктовымі крызісамі, выкліканымі натуральнымі прычынамі або безадказнай унутранай і міжнароднай палітыкай. Праблемай няўпэўненасці, калі маецца на ўвазе забеспячэнне прадуктамі, трэба заняцца ў перспектыве доўгага перыяду, выключаючы яе структурныя прычыны i стымулюючы развіццё земляробства ў бедных краінах пры дапамозе інвестыцый у інфраструктуру вясковых абшараў, у сістэму арашэння, у транспарт, у арганізацыю рынкаў, у фармацыю i распаўсюджванне адпаведных тэхнік земляробства, г. зн. здольных лепш выкарыстаць чалавечыя, прыродныя і грамадска-эканамічныя рэсурсы, даступныя ў большасці на мясцовым узроўні, каб гарантаваць іх утрыманне на працягу доўгага перыяду. Усё гэта трэба рэалізаваць, уключаючы мясцовыя супольнасці ў выбар i рашэнні, якія датычаць выкарыстання зямлі, прыдатнай для апрацоўкі. Дзеля гэтага было б карысным улічваць новыя перспектывы правільнага выкарыстання традыцыйных і новых земляробчых тэхнік, зважаючы на тое, што пасля належнага спраўджвання яны былі прызнаныя адпаведнымі нормам аховы асяроддзя i інтарэсам найменш абароненага насельніцтва. Адначасова нельга занядбоўваць пытання справядлівай аграрнай рэформы ў краінах, якія знаходзяцца на шляху развіцця. Права на харчаванне i на ваду мае важную ролю ў здабыванні іншых правоў, пачынаючы ў першую чаргу з фундаментальнага права на жыццё. Таму неабходна, каб сталела салідарная свядомасць, якая лічыць харчаванне i доступ да вады паўсюдным правам усіх людскіх істот, якое не дапускае адрозненняў ці дыскрымінацыі65 . Акрамя таго важна паказаць, якім чынам салідарны шлях развіцця бедных краін можа быць праектам пераадолення дадзенага глабальнага крызісу, у чым пераканаліся ў апошні час палітыкі i адказныя за міжнародныя інстытуцыі. Дапамога эканамічна бедным краінам планамі фінансавання, якія кіруюцца салідарнасцю, каб яны самі стараліся задаволіць патрэбы спажывецкіх дабротаў i развіцця сваіх грамадзянаў, не толькі можа прывесці да сапраўднага эканамічнага росту, але таксама можа спрыяць падтрымцы вытворчых здольнасцяў багатых краін, якія рызыкуюць тым, што іх закране крызіс.

 

28. Адным з найбольш відавочных аспектаў сённяшняга развіцця з’яўляецца важная роля тэмы шанавання жыцця, якую ніякім чынам нельга аддзяліць ад спраў, што датычаць развіцця народаў. Маецца на ўвазе аспект, які ў апошні час набывае штораз большае значэнне, абавязваючы нас пашыраць паняцці беднасці66 i адставання ў развіцці пытаннямі, звязанымі з прыняццем жыцця, асабліва там, дзе яно сустракаецца з рознымі перашкодамі.

 

Галеча не толькі выклікае яшчэ ў многіх рэгіёнах высокую ступень смяротнасці дзяцей, але таксама прычыняецца да таго, што ў розных частках свету практыкуецца дэмаграфічны кантроль з боку ўлады, якая часта прапагандуе кантрацэпцыю, a нават змушае да абортаў. У эканамічна больш развітых краінах заканадаўства, якое супярэчыць жыццю, вельмі распаўсюджана i ўжо абумовіла звычаі і практыкі, спрыяючы пашырэнню антынараджальнага менталітэту, які часта імкнецца пераказаць таксама іншым дзяржавам, быццам бы маецца на ўвазе культурнае развіццё.

 

Апроч гэтага некаторыя пазаўрадавыя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у прапагандзе абортаў, часам рэкламуючы ва ўбогіх краінах практыку стэрылізацыі, таксама ў дачыненні жанчын, якія гэтага не разумеюць. Больш за тое, існуе абгрунтаванае падазрэнне, што часам дапамога на карысць развіцця звязана з пэўнай санітарнай палітыкай, якая імкнецца фактычна ўстанавіць моцны кантроль нараджальнасці. Абуджаюць непакой таксама заканадаўствы, якія дапускаюць эўтаназію, а таксама націск нацыянальных і міжнародных груп, якія патрабуюць яе юрыдычнага прызнання.

 

Прыняцце жыцця знаходзіцца ў цэнтры сапраўднага развіцця. Калі нейкае грамадства імкнецца да адмаўлення i знішчэння жыцця, яно не знаходзіць больш матываў i патрэбнай энэргіі да ўдзелу ў служэнні сапраўднаму дабру чалавека. Калі губляецца асабістая і грамадская ўражлівасць да прыняцця новага жыцця, іншыя формы прыняцця, карысныя для грамадскага жыцця, таксама становяцца бясплоднымі67 . Прыняцце жыцця ўмацоўвае маральныя сілы i дае здольнасць да ўзаемадапамогі. Паглыбляючы паставу адкрытасці на жыццё, багатыя народы могуць лепш зразумець патрэбы бедных народаў, пазбегнуць выкарыстання вялізных эканамічных і інтэлектуальных рэсурсаў для заспакаення эгаістычных жаданняў сваіх грамадзянаў, і ў сваю чаргу падтрымліваць высакародныя чыны ў перспектыве маральна здаровай і салідарнай вытворчасці, у шанаванні фундаментальнага права кожнага народу i кожнай асобы на жыццё.

 

29. Ёсць яшчэ іншы аспект сённяшняга жыцця, вельмі цесна звязаны з развіццём: адмаўленне права на рэлігійную свабоду. Не маю на ўвазе толькі барацьбу i канфлікты, якія яшчэ прысутнічаюць у свеце з рэлігійных матываў, нават калі часам рэлігійная матывацыя толькі маскіруе іншую праўду, як прагу ўлады i багацця. Насамрэч, сёння часта забіваюць дзеля святога Божага імя, што шматразова падкрэсліваў i над чым смуткаваў мой папярэднік Ян Павел II і я таксама68 . Насілле стрымлівае сапраўднае развіццё i перашкаджае ў імкненні народаў да большага грамадска-эканамічнага і духоўнага дабрабыту. Гэта асабліва датычыць фундаменталістычнага тэрарызму69 , які прыносіць цярпенне, знішчэнне i смерць, блакіруе дыялог паміж народамі i робіць немагчымым мірнае i грамадзянскае выкарыстанне рэсурсаў. Аднак трэба дадаць, што акрамя рэлігійнага фанатызму, які ў некаторых сітуацыях ускладняе карыстанне правам рэлігійнай свабоды, таксама пашырэнне запраграмаванай рэлігійнай абыякавасці або практычнага атэізму з боку многіх краін супярэчыць развіццю народаў, забіраючы ў іх духоўную і чалавечую энэргію. Бог – гэта гарант сапраўднага развіцця чалавека, бо ствараючы яго паводле свайго вобраза, Ён адарыў яго таксама трансцэндэнтнай годнасцю i падтрымлівае ў ім асноўнае жаданне «быць больш». Чалавек – гэта не загублены атам у выпадковым сусвеце70 , але Божае стварэнне, якое Ён захацеў адарыць несмяротнай душой i якое палюбіў ад пачатку. Калі б чалавек быў толькі пладом выпадку або неабходнасці, ці калі б павінен быў абмежаваць свае імкненні вузкім гарызонтам сітуацый, у якіх жыве, калі б усё было толькі гісторыяй i культурай, a чалавек не меў прыроды, прызначанай перавышаць саму сябе ў звышпрыродным жыцці, можна было б казаць пра рост ці эвалюцыю, але не пра развіццё. Калі дзяржава прапагандуе, навучае або проста дыктуе пэўныя формы практычнага атэізму, яна пазбаўляе сваіх грамадзянаў маральнай і духоўнай моцы, неабходнай для ўдзелу ў інтэгральным чалавечым развіцці, i перашкаджае ім ісці наперад з новым дынамізмам у сваім больш велікадушным адказе на Божую любоў71 . Здараецца, што эканамічна развітыя краіны або тыя, што знаходзяцца на шляху развіцця, экспартуюць у бедныя краіны, у кантэксце іх культурных, гандлёвых і палітычных адносінаў, гэтае звужанае бачанне асобы i яе прызначэння. Гэта крыўда, якую прычыняе сапраўднаму развіццю «звышразвіццё»72 , калі спадарожнічае яму «маральнае недаразвіццё»73 .

 

30. У гэтай перспектыве тэма інтэгральнага чалавечага развіцця мае яшчэ больш складаны характар: суадносіны паміж яго шматлікімі элементамі патрабуюць ўзаемнага уплыву розных узроўняў чалавечых ведаў для прапаганды сапраўднага развіцця народаў. Часта лічыцца, што развіццё або адпаведныя грамадска-эканамічныя пастановы павінны выконвацца толькі сумесна. Аднак гэтае сумеснае дзеянне патрабуе скаардынаванасці, бо «кожная грамадская дзейнасць звязана з пэўнай дактрынай»74 . Зважаючы на складаны характар праблем, верагодным з’яўляецца тое, што розныя дысцыпліны павінны супрацоўнічаць дзякуючы ўпарадкаванай інтэрдысцыплінарнасці. Любоў не выключае ведаў, больш за тое, патрабуе іх, развівае іх i ажыўляе знутры. Веды ніколі не з’яўляюцца толькі справай розуму. Зразумела, можна іх звесці да калькуляцыі або вопыту, але калі павінны быць ведамі, здольнымі накіроўваць чалавека ў святле першых прынцыпаў i яго канчатковай мэты, павінны быць «запраўленыя соллю» любові. Дзеянне без ведаў – сляпое, a веды без любові – бясплодныя. Сапраўды, «той, хто кіруецца сапраўднай любоўю, старанна напружвае свой розум, каб адкрыць прычыны беднасці i знайсці спосабы яе знішчэння i рашучага пераадольвання»75 . У святле падзей, якія назіраем, любоў у праўдзе патрабуе перадусім пазнання i зразумення, усведамлення i шанавання спецыфічнай кампетэнцыі кожнага ўзроўню ведаў. Любоў не з’яўляецца пазнейшым дадаткам да закончанай ужо працы розных дысцыплін, але вядзе з імі дыялог з самага пачатку. Патрабаванні любові не супярэчаць патрабаванням розуму. Чалавечыя веды недастатковыя, a заключэнні, якія вынікаюць з ведаў, ніколі не змогуць самастойна ўказваць шлях, які вядзе да інтэгральнага развіцця чалавека. Трэба заўсёды ісці далей: гэтага патрабуе любоў у праўдзе76 . Аднак крочанне наперад ніколі не азначае абстрагавання ад заключэнняў розуму і аспрэчвання яго вынікаў. Няма розуму, a затым любові: існуе любоў, узбагачаная розумам, а таксама розум, поўны любові.

 

31. Гэта азначае, што маральныя ацэнкі i навуковыя даследаванні павінны ўзрастаць разам, а любоў павінна ажыўляць іх, каб яны стваралі адну гарманічную, інтэрдысцыплінарную цэласнасць, якая складаецца з еднасці i адрознення. Сацыяльнае вучэнне Касцёла, якое мае «важны інтэрдысцыплінарны характар»77 , у гэтай перспектыве можа выконваць надзвычай плённую ролю. Яно дазваляе веры, тэалогіі, метафізіцы i навукам знайсці сваё месца ў рамках супрацоўніцтва дзеля служэння чалавеку. Асабліва ў гэтай сферы сацыяльнае вучэнне Касцёла рэалізуе сваю меру мудрасці. Павел VI ясна заўважаў, што сярод прычын недаразвіцця ёсць недахоп мудрасці, разважлівасці i мыслення, здольнага да сінтэзу, які ўказвае напрамак78 і які патрабуе «яснага бачання ўсялякіх эканамічных, грамадскіх, культурных і духоўных аспектаў»79 . Празмерная фрагментарнасць ведаў80 , замкнёнасць гуманітарных навук у метафізіцы81 , супраціўленне навук у дыялогу з тэалогіяй перашкаджаюць не толькі развіццю ведаў, але таксама развіццю народаў, бо калі гэта мае месца, цяжэй заўважыць усё дабро чалавека ў розных вымярэннях, якія яго характарызуюць. «Пашырэнне нашай канцэпцыі розуму i карыстанне ім»82 з’яўляецца неад’емным, каб адпаведна ўзважыць усе паняцці, звязаныя з пытаннем развіцця i вырашэння грамадска-эканамічных праблем.

 

32. Вялікая навізна, якую сёння прадстаўляе развіццё народаў, у многіх выпадках патрабуе новых вырашэнняў. Трэба шукаць іх разам у шанаванні ўласных правоў кожнай рэчаіснасці, а таксама ў святле інтэгральнага бачання чалавека, якое адлюстроўвае розныя аспекты чалавечай асобы, сузіраемай ачышчаным любоўю позіркам. Тады будуць адкрытыя асаблівыя тоесныя пункты i канкрэтныя магчымасці вырашэнняў без адмаўлення ад якога-небудзь фундаментальнага вымярэння чалавечага жыцця.

 

Годнасць асобы i патрабаванні справядлівасці дамагаюцца, каб асабліва сёння эканамічныя рашэнні не павялічвалі празмерна i маральна недапушчальным чынам адрозненняў у валоданні багаццямі83 i каб надалей было імкненне дасягнуць – як прыярытэту – мэты, якой з’яўляецца доступ усіх да працы i яе захаванне. Калі глядзець разважліва, патрабуе гэтага таксама «эканамічная слушнасць». Няспыннае павелічэнне няроўнасці паміж грамадскімі групамі ў адной краіне i сярод насельніцтва розных краін, г.зн. масавы рост беднасці ў рэлятыўным сэнсе не толькі знішчае грамадскія сувязі, што пагражае дэмакратыі, але мае таксама негатыўны ўплыў у эканамічнай сферы з-за ўзрастаючай эрозіі «грамадскага капіталу», г.зн. усёй сукупнасці адносінаў даверу, верагоднасці i шанавання норм, неад’емных для кожнага грамадзянскага суіснавання.

 

Акрамя гэтага, эканамічныя веды кажуць нам, што структурная сітуацыя няўпэўненасці нараджае антывытворчыя паставы i паставы стварэння чалавечых рэсурсаў, бо працаўнік схіляецца да пасіўнага прыстасавання да аўтаматычных механізмаў замест таго, каб рэалізаваць сваю крэатыўнасць. Таксама ў гэтым выяўляецца супадзенне эканамічных ведаў i маральнай ацэнкі. Чалавечыя кошты заўсёды з’яўляюцца таксама эканамічнымі коштамі, a дрэннае функцыянаванне эканомікі цягне за сабой таксама чалавечыя кошты.

 

Трэба затым нагадаць, што нівеліраванне культур у тэхналагічнай сферы за кароткі перыяд можа спрыяць атрыманню прыбытку, але на працягу доўгага часу перашкаджае ва ўзаемным абагачэнні i дынаміцы супрацоўніцтва. Важным з’яўляецца адрозненне паміж эканамічнымі або сацыялагічнымі разважаннямі на бліжэйшую і далейшую перспектыву. Зніжэнне ўзроўню абароны правоў працаўнікоў або вырачэнне механізмаў падзелу даходаў дзеля забеспячэння краіне большай міжнароднай канкурэнцыйнасці перашкаджае ў дасягненні доўгатрывалага развіцця. Трэба таксама ўважліва ацэньваць наступствы, якія маюць для асобаў актуальныя тэндэнцыі да часовай эканомікі, a часам вельмі кароткачасовай. Гэта патрабуе новага i паглыбленага разважання над сэнсам эканомікі i яе мэтамі84 , a таксама сур’ёзнай i далёкабачнай рэвізіі мадэляў развіцця, каб зрабіць карэкту іх неадпаведнага функцыянавання i дэфармацыі. На самой справе гэтага патрабуе стан экалагічнага здароўя планеты; асабліва патрабуе гэтага культурны i маральны крызіс чалавека, рысы якога ўжо даўно бачныя ў кожнай частцы свету.

 

33. Больш за сорак гадоў пасля Populorum progressio галоўная тэма, а менавіта развіццё, застаецца адкрытай праблемай, якая стала больш вострай i пільнай з прычыны сённяшняга эканамічна-фінансавага крызісу. У той час, як некаторыя раёны планеты, якія ўжо доўгі час церпяць беднасць, адчулі значныя змены ў выглядзе эканамічнага росту i ўдзелу ў сусветнай вытворчасці, іншыя абшары знаходзяцца яшчэ ў сітуацыі галечы, параўнальнай з той, што існавала ў часы Паўла VI, a нават у некаторых выпадках можна казаць пра пагаршэнне. Важна тое, што некаторыя прычыны гэтай сітуацыі ідэнтыфікаваліся ўжо ў Populorum progressio, як, напрыклад, высокія мытныя квоты, устаноўленыя эканамічна развітымі краінамі, якія надалей ускладняюць таварам з бедных краін выйсці на рынкі багатых краін. У сваю чаргу іншыя прычыны, якія энцыкліка толькі закранула, выявіліся больш выразна. Напрыклад, ацэнка працэсу дэкаланізацыі, які шырока тады адбываўся. Павел VI прапаноўваў аўтаномны шлях, у свабодзе i спакоі. Пасля больш сарака гадоў мы павінны прызнаць, што гэты шлях быў вельмі цяжкі як з прычыны новых форм каланізацыі i залежнасці ад старых i новых краін-лідэраў, так і з сур’ёзных прычын унутранай безадказнасці саміх краін, якія атрымалі незалежнасць.

 

Прынцыповай навізной стаў выбух узаемнай планетарнай залежнасці, якая паўсюдна вядома як глабалізацыя. Павел VI часткова яе прадбачыў, але час i раптоўнасць, з якой яна развілася, уражвае. Гэты працэс, нарадзіўшыся ў эканамічна развітых краінах, па сваёй натуры ахапіў усе эканомікі. Ён стаў галоўным рухавіком выйсця з недаразвіцця цэлых рэгіёнаў i дае вялікія магчымасці. Аднак, без кіраўніцтва любові ў праўдзе гэты планетарны імпульс можа прычыніцца да паўстання невядомых дагэтуль шкодаў i новых падзелаў у чалавечай сям’і. З гэтай прычыны любоў i праўда ставяць перад намі невядомае дагэтуль i творчае заданне, безумоўна вельмі шырокае i складанае. Маецца на ўвазе адкрытасць розуму, каб ён стаў здольным пазнаваць i кіраваць тымі імпазантнымі новымі дынамічнымі сіламі, ажыўляючы іх у перспектыве «цывілізацыі любові», зерне якой Бог прышчапіў кожнаму народу, кожнай культуры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Хостинг от uCoz