РАЗДЗЕЛ IV

 

РАЗВІЦЦЁ НАРОДАЎ, ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ,

НАВАКОЛЬНАЕ АСЯРОДДЗЕ

 

43. «Паўсюдная салідарнасць, якая ёсць фактам i дабрадзейнасцю для нас, з’яўляецца таксама абавязкам»105 . Сёння многія асобы схільныя думаць, што яны нікому нічога не павінны, толькі самім сабе. Лічаць, што маюць толькі правы i часта сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі ў сталенні да адказнасці за інтэгральнае развіццё сваё i іншага чалавека. З гэтай прычыны важным ёсць імкненне да новага роздуму над тым, якім чынам правы прадугледжваюць абавязкі, без якіх яны ператвараюцца ў самаволю106 . Сёння мы з’яўляемся сведкамі сур’ёзнага непаразумення. У той час, калі, з аднаго боку, мы заўважаем патрабаванне дэклараваных правоў арбітральнага і другаснага характару, іх прызнання i прамоцыі грамадскімі структурамі, то, з іншага боку, ёсць элементарныя і фундаментальныя правы, якія не прызнаюцца i парушаюцца ў вельмі вялікай частцы чалавецтва107 . Часта заўважаецца сувязь паміж патрабаваннем празмерных правоў ці наогул права на парушэнне i грэх у багатых грамадствах і недахопам ежы, пітной вады, базавай адукацыі і неабходнай медыцынскай апекі ў некаторых маларазвітых рэгіёнах свету, a таксама на перыферыях вялікіх мітраполій. Згаданая сувязь грунтуецца на тым, што індывідуальныя правы, адарваныя ад кантэксту абавязкаў, які надае ім поўны сэнс, становяцца неразумнымі i накручваюць практычна неабмежаваную i пазбаўленую крытэрыяў спіраль жаданняў. Празмерная акцэнтацыя правоў заканчваецца забыццём пра абавязкі. Абавязкі акрэсліваюць правы, бо адсылаюць да антрапалагічнага і этычнага кантэксту. Калі правы ўпісаныя ў аб’ектыўную праўду, яны не становяцца самаволяй.  З гэтай прычыны абавязкі ўмацоўваюць правы i прапануюць іх абарону, а таксама прамоцыю як заданне, якое трэба выканаць у служэнні дабру. Калі ж правы чалавека знаходзяць сваю падставу толькі ў рашэннях нейкага сходу грамадзянаў, яны могуць быць заменены ў кожную хвіліну, і таму абавязак іх захавання і клопат пра іх аслабляецца ў паўсюднай свядомасці. У выніку ўлада і міжнародныя структуры могуць забыць пра аб’ектыўнасць і «недзеяздольнасць» правоў. Калі гэта адбываецца, сапраўднае развіццё народаў знаходзіцца ў небяспецы108 . Падобныя паводзіны падрываюць аўтарытэт міжнародных структур, асабліва ў вачах краін, якім больш неабходна развіццё. Яны патрабуюць, каб міжнародная супольнасць прыняла на сябе абавязак дапамагаць ім стаць «творцамі свайго лёсу»109 , г.зн., каб яны таксама прынялі свае абавязкі. Дзяленне ўзаемнымі абавязкамі мабілізуе намнога больш, чым толькі патрабаванне правоў.

 

44. Паняцце правоў і абавязкаў у развіцці павінна таксама ўлічваць праблематыку, звязаную з дэмаграфічным ростам. Маецца на ўвазе вельмі важны аспект сапраўднага развіцця, бо датычыць ён неад’емных каштоўнасцяў жыцця i сям’і110 . Лічыць рост насельніцтва першапрычынай недаразвіцця з’яўляецца памылкай таксама з эканамічнага пункту гледжання: дастаткова ўзгадаць, з аднаго боку, значнае змяншэнне смяротнасці дзяцей i  павелічэнне працягласці жыцця ў краінах з развітай гаспадаркай; з другога боку, адзнакі крызісу бачны ў грамадствах, у якіх назіраецца трывожны спад нараджальнасці. Безумоўна, трэба падкрэсліваць вагу адказнай пракрэацыі, якая з’яўляецца фактычным укладам у інтэгральнае чалавечае развіццё. Касцёл, заклапочаны сапраўдным развіццём чалавека, рэкамендуе яму поўнае шанаванне чалавечых каштоўнасцяў, таксама ў карыстанні сэксуальнасцю. Нельга звесці яе да звычайнага геданістычнага факту ці забавы, падобна як нельга звесці сэксуальнага выхавання да тэхнічнай інструкцыі, клапоцячыся толькі пра абарону зацікаўленых ад магчымай хваробы ці «непажаданай» пракрэацыі. Гэта было б раўназначна збядненню i занядбанню глыбокага значэння сэксуальнасці, якое павінна адказна прызнавацца i прымацца як асобай, так і супольнасцю. Адказнасць аднолькава забараняе лічыць сэксуальнасць звычайнай крыніцай прыемнасці і рэгуляваць яе праз палітыку прымусовага планавання нараджальнасці. У абодвух выпадках маем дачыненне з палітыкамі i матэрыялістычнымі дзеяннямі, у якіх асобы зазнаюць розныя формы насілля. Гэтаму ўсяму трэба супрацьпаставіць першачарговую кампетэнцыю сем’яў у гэтай сферы111 адносна дзяржавы i яе рэстрыкцыйнай палітыкі, a таксама адказную адукацыю бацькоў.

 

Маральна-адказнае прыняцце жыцця з’яўляецца грамадскім і эканамічным багаццем. Вялікія народы маглі выйсці з галечы дзякуючы вялікай колькасці i здольнасцям сваіх жыхароў. I наадварот, народы, якія калісьці квітнелі, сёння перажываюць фазу няўпэўненасці, a ў некаторых выпадках і заняпад менавіта з прычыны зніжэння нараджальнасці, што з’яўляецца ключавой праблемай грамадстваў з высокім узроўнем дабрабыту. Зніжэнне нараджальнасці, часам ніжэй гэтак званага «паказчыка зменаў», выклікае таксама крызіс сістэм сацыяльнай апекі, павялічвае яе кошты, змяншае назапашаныя зберажэнні i ў выніку фінансавыя сродкі, неабходныя для інвестыцый, змяншае лічбу кваліфікаваных працаўнікоў, звужае рэсурсы «мозгу», якія можна выкарыстоўваць для патрэб народу. Больш за тое, малыя, а часам вельмі малыя сем’і стаяць перад небяспекай збяднення грамадскіх повязяў i немагчымасці гарантаваць эфектыўныя формы салідарнасці. Гэтыя сітуацыі паказваюць сімптом абмежаванага даверу адносна будучыні, а таксама маральнай стомленасці. Таму становіцца грамадскай, a нават эканамічнай неабходнасцю паўторнае паказванне новым пакаленням прыгажосці сям’і i сужэнства як інстытутаў, якія адказваюць на самыя глыбокія патрэбы сэрца i годнасці асобы. У гэтай перспектыве заданне дзяржаў – весці палітыку, якая падтрымлівае цэнтральны характар i інтэгральнасць сям’і, што грунтуецца на сужэнстве мужчыны і жанчыны, сям’і, якая з’яўляецца першаснай i жыццядайнай грамадскай ячэйкай112 , клапоцячыся таксама пра яе эканамічныя і фіскальныя праблемы з захаваннем яе рэляцыйнай прыроды.

 

45. Адказ на найбольш глыбокія маральныя патрэбы асобы мае таксама важныя i дабрачынныя наступствы эканамічнага характару. Эканоміка патрабуе этыкі для свайго правільнага функцыянавання; не якой-небудзь этыкі, але этыкі прыязнай асобе. Сёння шмат гаворыцца пра этыку ў сферы эканомікі, фінансаў, прадпрымальніцтва. Узнікаюць цэнтры навучання i фармацыйныя праграмы ў сферы этыкі бізнэсу; у развітым свеце пашыраецца сістэма этычных сертыфікатаў, якая рэалізуе дух ідэй, якія датычаць сацыяльна-этычнага прадпрымальніцтва. Банкі прапануюць гэтак званыя «этычныя» рахункі i інвестыцыйныя фундацыі. Развіваецца «этычнае фінансаванне», асабліва праз пасрэдніцтва мікракрэдыту, a больш агульна – мікрафінансавання. Гэтыя працэсы расцэньваюцца з прыхільнасцю i заслугоўваюць на шырокую падтрымку. Іх станоўчыя вынікі можна таксама прасачыць у менш развітых рэгіёнах зямлі. Аднак трэба выпрацаваць добрыя крытэрыі разпазнавання, бо заўважаецца пэўнае злоўжыванне прыметнікам «этычны», які пры мала канкрэтызаваным выкарыстанні можа мець вельмі розныя значэнні, да той ступені, што пад ім могуць змяшчацца рашэнні i выбар, супрацьлеглыя справядлівасці i сапраўданаму дабру чалавека.

 

Многае залежыць ад маральнай сістэмы, паводле якой ідзе ацэнка. У гэтай сферы сацыяльнае вучэнне Касцёла робіць свой адмысловы ўклад, падставай якога з’яўляецца стварэнне чалавека паводле «Божага вобраза» (Быц 1, 27). З гэтага вынікае непарушная годнасць чалавечай асобы, а таксама трансцэндэнтная каштоўнасць натуральных маральных норм. Гаспадарчая этыка, якая не ўлічвала б гэтых двух асноў, непазбежна сутыкнулася б з небяспекай страты сваёй адметнасці i з падпарадкаваннем інструменталізацыі; сцісла кажучы, ёй пагражала б падпарадкаванне існуючым эканамічна-фінансавым сістэмам, і яна не змагла б выпраўляць іх парушэнні. Між іншым яна магла б апраўдваць фінансаванне неэтычных праектаў. Акрамя гэтага, нельга спасылацца на слова «этыка» ідэалагічна дыскрымінуючы яго, даючы зразумець, што ініцыятывы, фармальна незабяспечаныя гэтым азначэннем, не з’яўляюцца этычнымі. Трэба клапаціцца, і гэта істотна, каб паўсталі не толькі «этычныя» сектары або аддзелы эканомікі ці фінансаў, але каб уся гаспадарка i фінансы былі этычнымі, i не толькі з увагі на знешнюю этыкетку, але з увагі на захаванне ўнутраных патрабаванняў адносна іх сутнасці. У сувязі з гэтым выразна выказваецца сацыяльнае вучэнне Касцёла, нагадваючы, што эканоміка з усімі сваімі сферамі з’яўляецца сектарам чалавечай дзейнасці113 .

 

46. Разважаючы над пытаннямі ўзаемаадносінаў прадпрымальніцтва і этыкі, а таксама эвалюцыі сістэмы вытворчасці, здаецца, што прынятыя да гэтага часу адрозненні паміж прадпрыемствамі, якія маюць на мэце прыбытак (profit), і арганізацыямі, нескіраванымі на прыбытак (non profit), ужо не ў стане ўлічваць рэчаіснасць, а таксама плённа кіраваць будучыняй. У апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шырокі прамежкавы абшар паміж дзвюма тыпамі прадпрыемстваў. Ствараюць яго традыцыйныя прадпрыемствы, якія, аднак, падпісваюць пакты дапамогі для адсталых краін; фундацыі, якія з’яўляюцца ініцыятывамі асобных прадпрыемстваў; групы прадпрыемстваў, якія ставяць на мэце грамадскую карысць; шматстайны свет суб’ектаў гэтак званай грамадзянскай і супольнаснай эканомікі. Не маецца на ўвазе толькі «трэці сектар», але новая, шырокая i складаная рэчаіснасць, якая ахоплівае прыватную і грамадскую ўласнасць і не выключае прыбытку, але лічыць яго прыладаю для рэалізацыі гуманістычных і грамадскіх мэтаў. Тое, што гэтыя прадпрыемствы раздзяляюць або не раздзяляюць прыбытак, або прымаюць тую ці іншую форму, прадугледжаную юрыдычнымі нормамі, становіцца другасным адносна іх гатоўнасці разумець прыбытак як прыладу для дасягнення мэты, якой ёсць гуманізацыя рынку i грамадства. Трэба выказаць пажаданне, каб гэтыя новыя формы прадпрыемстваў знайшлі ва ўсіх краінах адпаведную юрыдычную і фіскальную канфігурацыю. Гэта яны, не змяншаючы значэння, а таксама гаспадарчай і грамадскай карысці традыцыйных форм прадпрымальніцтва, змяняюць сістэму ў кірунку больш празрыстага i фактычнага прыняцця абавязкаў з боку эканамічных суб’ектаў. І не толькі. Сама разнастайнасць інстытуцыйных форм прадпрымальніцтва стварае больш цывілізаваны i адначасова больш канкурэнтны рынак.

 

47. Развіццё розных форм прадпрымальніцтва, асабліва здольных лічыць прыбытак прыладай дасягнення мэтаў гуманізацыі рынку i грамадства, павінна адбывацца таксама ў краінах, асуджаных на выключэнне або маргіналізацыю ў святле глабальнай эканомікі. Вельмі важна працягваць адпаведна зразуметыя i кіраваныя праекты субсідый, якія імкнуцца да ўмацавання правоў, прадбачачы, аднак, заўсёды прапарцыянальную адказнасць. У дзеяннях на карысць развіцця трэба захаваць прынцып цэнтральнага месца чалавечай асобы – суб’екта, які ў першую чаргу павінен прыняць абавязак развіцця. Галоўным дабром з’яўляецца належная жыццёвая сітуацыя канкрэтных асобаў дадзенага рэгіёну, каб яны маглі выканаць гэтыя абавязкі, бо без гэтага яны не могуць іх прыняць. Клопат ніколі не можа быць абстракцыйным. Каб праграмы развіцця маглі дастасоўвацца да канкрэтных сітуацый, яны павінны адзначацца эластычнасцю. Але асобы, якія імі карыстаюцца, павінны непасрэдна ўдзельнічаць у іх планаванні i быць пратаганістамі іх рэалізацыі. Трэба таксама выкарыстоўваць крытэрыі росту i асіставання – уключна з кантролем вынікаў – бо няма паўсюдна абавязковых рэцэптаў. Многае залежыць ад канкрэтнай рэалізацыі намераў. «Паколькі народы з’яўляюцца творцамі ўласнага развіцця, яны першымі адказваюць за яго. Аднак не змогуць яго рэалізаваць без іншых»114 . Сёння ў святле ўмацавання працэсу паступовай інтэграцыі планеты гэтая перасцярога Паўла VI становіцца яшчэ больш актуальнай. Дынаміка інтэгравання не з’яўляецца механічнай. Вырашэнні трэба дастасоўваць да жыцця народаў i канкрэтных асобаў, разважліва ацэньваючы кожную сітуацыю. Побач з макрапраектамі патрэбны мікрапраекты, a перадусім фактычная мабілізацыя ўсіх суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, асобаў юрыдычных i фізічных.

 

Міжнароднае супрацоўніцтва патрабуе асобаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе гаспадарчага і цывілізацыйнага развіцця праз салідарную прысутнасць, асіставанне, фармацыю i павагу. З гэтага пункту гледжання міжнародныя структуры павінны задумацца над рэальнай плённасцю сваіх бюракратычных і адміністрацыйных апаратаў, часта вельмі дарагіх. Часам здараецца, што адрасат дапамогі становіцца карысным для таго, хто яму дапамагае, i што бедныя служаць для ўтрымання дарагіх бюракратычных арганізацый, якія патрабуюць для свайго існавання вельмі вялікага працэнту рэсурсаў, па сутнасці прызначаных для развіцця. У гэтай перспектыве належала б выказаць пажаданне, каб усе міжнародныя структуры, а таксама недзяржаўныя арганізацыі клапаціліся пра абсалютную яснасць у інфармаванні спонсараў i грамадскай думкі пра працэнт атрыманых фундацый, прызначаных для праграм супрацоўніцтва, пра праўдзівы змест гэтых праграм i, нарэшце, пра структуру выдаткаў самой інстытуцыі.

 

48. Тэма развіцця сёння таксама моцна звязана з абавязкамі чалавека адносна прыроднага асяроддзя. Бог даў яго ўсім, a карыстанне ім з’яўляецца для нас адказнасцю перад беднымі, будучымі пакаленнямі i ўсім чалавецтвам. Калі прырода, a перадусім чалавечая істота, будуць лічыцца вынікам выпадку або эвалюцыйнага дэтэрмінізму, усведамленне адказнасці слабне ў сумленнях. Веруючы ўспрымае прыроду як цудоўны плён творчай дзейнасці Бога, якім чалавек можа адказна карыстацца, каб задаволіць свае слушныя патрэбы – матэрыяльныя i нематэрыяльныя – з захаваннем унутранай раўнавагі самога стварэння. Калі гэтае бачанне знікае, чалавек пачынае лічыць прыроду недатыкальным табу, або наадварот злоўжывае ёй. Абодва гэтыя стаўленні супярэчаць хрысціянскаму бачанню прыроды, якая з’яўляецца плёнам Божага стварэння.

 

Прырода з’яўляецца выразам плану любові і праўды. Яна апярэджвае нас i была дадзена нам Богам як асяроддзе жыцця. Яна кажа нам пра Стварыцеля (пар. Рым 1, 20) i пра Яго любоў да чалавецтва і прызначана быць «з’яднанай» у Хрысце напрыканцы часоў (пар. Эф 1, 9-10; Клс 1, 19-20). А значыць, i яна з’яўляецца «пакліканнем»115 . Прырода, якая знаходзіцца ў нашым распараджэнні, не з’яўляецца «нагрувашчваннем выпадкова раскіданых адходаў»116 , але дарам Стварыцеля, які вызначыў яе ўнутраныя законы, каб чалавек чэрпаў з іх адпаведныя арыентацыі, каб працаваў на ёй i даглядаў яе (пар. Быц 2, 15). Трэба таксама падкрэсліць, што праўдзіваму развіццю супярэчыць тое, што прырода лічыцца найважнейшай за чалавечую асобу. Такая пазіцыя вядзе да неаплатанізму або да новага пантэізму: з самой толькі прыроды, зразуметай выключна ў натуралістычным сэнсе, не можа паходзіць збаўленне чалавека. У сваю чаргу трэба таксама адкінуць супрацьлеглую пазіцыю, скіраваную да яе цалкавітай тэхнізацыі, бо прыроднае асяроддзе гэта не толькі матэрыя, якой можам распараджацца паводле ўласных жаданняў, але цудоўная справа Стварыцеля, якая змяшчае ў сабе «граматыку», што ўказвае на мэтазгоднасць i крытэрыі мудрага, a не інструментальнага ці самавольнага карыстання ёй. Абсалютнае звядзенне прыроды да сукупнасці звычайных, фактычных дадзеных урэшце становіцца крыніцай насілля над асяроддзем, a нават абгрунтаваннем дзейнасці, якая не шануе самой прыроды чалавека. Прырода, складаючыся не толькі з матэрыі, але таксама з духу, i таму багатая на змест i трансцэндэнтныя мэты для дасягнення, мае таксама нарматыўны характар для культуры. Чалавек інтэрпрэтуе i фарміруе прыроднае асяроддзе дзякуючы культуры, якая са свайго боку кіруецца адказнай свабодай, чуйнай на прадпісанні маральнага закону. Таму праекты інтэгральнага чалавечага развіцця не могуць забываць пра наступныя пакаленні, але павінны адзначацца салідарнасцю i справядлівасцю між пакаленнямі, улічваючы многія сферы: экалагічную, юрыдычную, эканамічную, палітычную i культурную117 .

 

49. Пытанні, звязаныя з клопатам пра асяроддзе і з яго аховай, сёння павінны сур’ёзна ўлічваць энэргетычныя праблемы. Рабаўніцкая здабыча неўзнаўляльных крыніц энэргіі з боку некаторых дзяржаў, груп улады i прадпрыемстваў з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для развіцця бедных краін. Яны не маюць эканамічных сродкаў ні на тое, каб мець доступ да наяўных неўзнаўляльных крыніц энергіі, ні на фінансаванне пошукаў новых і альтэрнатыўных крыніц. Захоп прыродных рэсурсаў, якія ў многіх выпадках знаходзяцца менавіта ў бедных краінах, нараджае эксплуатацыю i частыя ўнутраныя і міжнародныя канфлікты. Гэтыя канфлікты ўзнікаюць часта на тэрыторыі гэтых краін, выклікаючы такія сур’ёзныя страты як смерць, знішчэнні i далейшую дэградацыю. Міжнародная супольнасць мае неад’емнае заданне знайсці інстытуцыйныя шляхі рэгулявання спраў, звязаных з эксплуатацыяй неўзнаўляльных рэсурсаў, пры ўдзеле таксама бедных краін, каб супольна планаваць будучыню.

 

Таксама існуе пільная маральная неабходнасць аднаўлення салідарнасці, асабліва ў адносінах паміж развіццёвымі краінамі і краінамі з высокай ступенню індустрыялізацыі118 . Тэхналагічна развітыя грамадствы могуць і павінны зменшыць свой энэргетычны попыт таму, што развіваецца мануфактурная дзейнасць, і таму, што сярод іх грамадзянаў распаўсюджваецца большая ўвага да экалогіі. Акрамя гэтага трэба дадаць, што сёння можна паляпшаць энэргетычную эфектыўнасць, i адначасова з’яўляецца магчымым прагрэс у пошуку альтэрнатыўных энэргій. Аднак неабходна таксама планетарнае пераразмеркаванне энергетычных рэсурсаў, каб да іх мелі доступ таксама краіны, якія іх пазбаўлены. Іх выкарыстанне не можа застацца ў руках першага здабыўцы ці падпарадкоўвацца логіцы мацнейшага. Маюцца на ўвазе праблемы, якія – каб іх належна пераадолець – патрабуюць ад усіх адказнага разумення наступстваў, якія пяройдуць на будучыя пакаленні, асабліва на шматлікую моладзь бедных краін, якая «патрабуе свайго ўдзелу ў будаванні лепшага свету»119 .

 

50. Гэтая адказнасць мае глабальны характар, бо датычыць не толькі энергіі, але ўсяго стварэння, якое мы не павінны пакінуць новым пакаленням пазбаўленым яго багаццяў. Чалавеку можна здзяйсняць адказную ўладу над прыродай дзеля яе захавання, атрымання ад яе карысці i дзеля яе дагляду пры дапамозе новых форм i дзякуючы новым прагрэсіўным тэхналогіям, каб яна магла належна прыняць i выкарміць чалавецтва, якое яе насяляе. Для ўсіх ёсць месца на нашай зямлі: на ёй уся чалавечая сям’я павінна знайсці неабходныя для годнага жыцця багацці пры дапамозе самой прыроды, якая з’яўляецца дарам Бога для Яго дзяцей, робячы ўласны ўклад працы i вынаходніцтва. Аднак мы павінны прыняць як сур’ёзны абавязак перадачу новым пакаленням зямлі ў такім стане, каб таксама i яны маглі годна яе насяляць i далей працаваць на ёй. Гэта прадбачыць неабходнасць сумеснага «вырашэння, пасля адказнага распазнання шляху, якім трэба ісці, з мэтаю ўмацавання пагаднення паміж чалавекам i асяроддзем, якое павінна быць адлюстраваннем творчай любові Бога, ад якога мы вышлі i да якога ідзём»120 . Хочацца пажадаць, каб міжнародная супольнасць i паасобныя ўлады змаглі плённа супрацьстаяць знішчальным спосабам выкарыстання навакольнага асяроддзя. Неабходна таксама, каб кампетэнтныя ўлады прыклалі неабходныя намаганні, каб эканамічныя і грамадскія кошты, якія вынікаюць з выкарыстання агульных прыродных рэсурсаў, былі яўна прызнаныя i прынятыя тымі, хто імі карыстаецца, a не іншымі людзьмі ці будучымі пакаленнямі: ахова прыроды, рэсурсаў, а таксама клімату патрабуе, каб усе адказныя на міжнародным узроўні дзейнічалі разам i былі гатовыя дзейнічаць у добрай веры, з захаваннем правоў i салідарнасці адносна слабейшых рэгіёнаў планеты121 . Адным з самых галоўных заданняў эканомікі з’яўляецца менавіта больш плённае выкарыстанне, a не злоўжыванне рэсурсамі, маючы заўсёды на ўвазе, што паняцце эфектыўнасці не з’яўляецецца аксіялагічна нейтральным.

 

51. Спосабы ўспрыняцця чалавекам прыроднага асяроддзя уплываюць на тое, як ён успрымае самога сябе, і наадварот. Гэта – выклік для сучаснага грамадства, каб яно сур’ёзна перагледзела свой стыль жыцця, які ў многіх частках свету мае геданістычны і спажывальніцкі характар без увагі на вынікаючыя з гэтага шкоды122 . Неабходна плённая змена менталітэту, які нас схіліць да прыняцця новых стыляў жыцця, «у якіх шуканне праўды, прыгажосці і дабра, а таксама супольнасць людзей, якія імкнуцца да сумеснага развіцця, былі б вырашальнымі элементамі у выбары якасці спажывання, ашчаднасці і інвестыцый»123 . Кожнае парушэнне салідарнасці і грамадзянскага сяброўства нясе экалагічную шкоду, падобна як дэградацыя асяроддзя выклікае незадавальненне ў грамадскіх адносінах. Прырода, асабліва ў наш час, настолькі інтэграваная ў грамадскую і культурную дынаміку, што ўжо амаль не з’яўляецца незалежна зменлівай. Спусташэнне зямлі i вытворчае збядненне некаторых земляробчых абшараў з’яўляюцца таксама вынікам абяднення яе насельніцтва i яго адсталасці. Праз актывізацыю эканамічнага і культурнага развіцця гэтага насельніцтва ахоўваецца таксама прырода. Але ж колькі прыродных рэсурсаў знішчылі войны! Спакой народаў i паміж народамі таксама спрыяў бы большай ахове прыроды. Захоп рэсурсаў, асабліва вады, можа выклікаць сур’ёзныя канфлікты паміж уцягнутымі ў яго грамадствамі. Мірная дамова, якая датычыць выкарыстання рэсурсаў, можа зберагчы прыроду i адначасова дабрабыт зацікаўленых грамадстваў.

 

Касцёл адказны за стварэнне і павінен таксама падкрэсліваць гэтую адказнасць на публічным форуме. Робячы гэта, павінен абараняць не толькі зямлю, ваду і паветра як дары стварэння, якія належаць усім. Павінен перадусім аберагаць чалавека ад самазнішчэння. Трэба, каб было штосьці накшталт адпаведна зразуметай чалавечай экалогіі. Дэградацыя натуры сцісла звязана з культурай, якая фарміруе чалавечае суіснаванне: калі ў грамадстве захоўваецца «чалавечая экалогія»124 , экалогія навакольнага асяроддзя таксама мае з гэтага карысць. Як чалавечыя цноты з’яднаныя паміж сабою так, што аслабленне адной пагражае таксама іншым, так і экалагічная сістэма абапіраецца на шанаванні праекта, які датычыць здаровага суіснавання ў грамадстве і добрага стаўлення да прыроды.

 

Для аховы прыроды недастаткова дзеянняў, якія абуджаюць або стрымліваюць гаспадарку, недастаткова нават адпаведнага настаўлення. Гэта важныя прылады, але галоўнай праблемай з’яўляецца цэласная маральная пастава грамадства. Калі не захоўваюцца правы на жыццё і на натуральную смерць, калі робіцца штучным зачацце, цяжарнасць, нараджэнне чалавека, калі чалавечыя эмбрыёны аддаюцца для даследаванняў, паўсюдная свядомасць губляе паняцце чалавечай экалогіі, a разам з ім паняцце экалогіі навакольнага асяроддзя. Недарэчна заклікаць новыя пакаленні да шанавання прыроднага асяроддзя, калі ў той жа час выхаванне i заканадаўства не дапамагаюць ім шанаваць саміх сябе. Кніга прыроды – адна і непадзельная у тым, што датычыць асяроддзя, а таксама сферы жыцця, сэксуальнасці, сужэнства, сям’і і грамадскіх адносінаў, адным словам у сферы інтэгральнага чалавечага развіцця. Нашыя абавязкі адносна асяроддзя лучацца з абавязкамі, якія маем адносна самой асобы, а таксама адносна іншых. Нельга змушаць да адных абавязкаў, парушаючы другія. Гэта сур’ёзная супярэчнасць сённяшняга менталітэту і практыкі, якая прыніжае асобу, разбурае навакольнае асяроддзе і прычыняе шкоду грамадству.

 

52. Праўду і выяўленую праз яе любоў нельга стварыць; іх можна толькі прыняць. Чалавек не можа быць іх канчатковай адзінай крыніцай, але толькі Бог, які з’яўляецца Праўдай i Любоўю. Гэты прынцып вельмі важны для грамадства i для развіцця, бо ні адна, ні другая не можа быць выключна чалавечым прадуктам; само пакліканне да развіцця асобаў і народаў не абапіраецца на звычайныя чалавечыя разважанні, але закладзена ў папярэдні план адносна нас i з’яўляецца для нас усіх абавязкам, які павінен быць свабодна прынятым. Тое, што нас апярэджвае i вызначае – суіснуючыя Любоў i Праўда – указваюць нам, што з’яўляецца дабром i ў чым заключаецца нашае шчасце. А значыць указваюць нам шлях да сапраўднага развіцця.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Хостинг от uCoz