САКРАМЭНТ ЭЎХАРЫСТЫІ

 

У часе Апошняй Вячэры Езус сеў за стол разам са сваімі  вучнямі,  каб  спажыць з імі Пасху, але не толькі на знак успаміну выхаду Ізраэля з егіпецкай няволі, але ўжо на знак успаміну таго, што павінна было  хутка  стацца:  на  памяць  аб  сваёй  смерці  і  ўваскрасенні  як  вызваленні  ўсяго

чалавецтва з няволі граху і смерці. «Вельмі  захацелася  Мне, - кажа  Езус  да сваіх вучняў, -есці  з  вамі  гэтую  Пасху  перад  тым,  як  буду  цярпець» (пар. Лк 22,15).

Езус павінен адысці з  гэтага  свету  да  Айца.  Яг о вучні  і  ўсе,  хто  дзякуючы  іх  слову  будуць верыць у Яго, застаюцца тут на зямлі. Таму Езус падае ім хлеб як сваё Цела,  выдадзенае  за  іх, і віно як сваю Кроў, пралітую за  іх,  загадваючы  сваім  вучням  у  будучым  рабіць  тое  самае  на ўспамін  пра  Яго.

«I,  калі яны елі,  Езус, узяўшы хлеб і паблагаславіўшы, ламаў  і  даваў  вучням,  кажучы: Прыміце, ешце;  гэта  ёсць  Цела  Маё. I, узяўшы келіх і аддаўшы хвалу, падаў ім і сказаў: Піце  з яго ўсе, бо  гэта  ёсць  Кроў  Мая  новага  запавету,   якая  ліецца  за  многіх  дзеля даравання  грахоў»  (пар.Мц 26,26).

Гэтымі словамі Езус устанавіў  Эўхарыстыю  -  Найсвяцейшы  Сакрамэнт  свайго  Цела  і  сваёй Крыві. Абрадам гэтага сакрамэнту ёсць літургія Святой  Імшы,  у  часе  якой  пасля  адпаведных слоў святара адбываецца перамяненне хлеба і віна ў сапраўднае Цела і сапраўдную Кроў Езуса Хрыста.  Так  падчас  кожнай  Святой  Імшы  ўзгадваецца  і  бяскроўным  чынам  здзяйсняецца Ахвяра Езуса Хрыста, складзеная за нас  Богу  на  крыжы.  Так  сам  Езус,  прысутны  ў  Ахвяры Святой Імшы, заступаецца за нас перад Богам Айцом,  а ў Святой  Камуніі  становіцца  для  нас пасілкам. Памерлы і ўваскрослы Хрыстус яднаецца  з  намі,  умацоўвае  нас, лечыць,  каб мы не паддаваліся  спакусе,  і  робіць  нас  здольнымі  да  новага  хвалебнага  жыцця.

Гэтак, як хрост,Эўхарыстыя з'яўляецца сакрамэнтам будавання Касцёла. Касцёл як супольнасць любові  развіваецца і будуецца ў залежнасці ад любові, якая існуе паміж вызнаўцамі Езуса. Таму святы Ян Евангеліст апісвае Апошнюю

Вячэру як вячэру любові.  Ён  пачынае  са  сцвярджэння,  што  Езус,  «палюбіўшы  сваіх,  што на  свеце, да канца палюбіў іх» (пар.Ян 13,1) і таму як запавет даў нам сваю новую запаведзь, каб  мы  любілі  адзін  аднаго,  як  Ён  палюбіў  нас (пар. Ян 13, 34).

 

Малітва св. Амброзія перад Святою Імшою

 

О добры Езу, вось я - грэшнік, які не спадзяецца на свае заслугі, але толькі на Тваю міласэрнасць і  дабрыню,   з  хваляваннем  і  бояззю  прыступаю  да   стала   Тваёй Найсвяцейшай  Гасціны,   бо  сэрца  і  цела  маё  запляміў  я  многімі  правінамі;  не стрымліваў думак  і  языка.   Таму,   бясконцая   Дабрыня  і  невымоўная   Веліч, я, гаротны, прыгнечаны нягодамі, прыбягаю да Цябе - крыніцы міласэрнасці; спяшаюся да Цябе, каб атрымаць аздараўленне, і ўцякаю пад Тваю абарону Прашу Цябе, будзь маім Збаўцам, бо не змагу я ўстаяць перад судом Тваім.

Табе,  Пане, паказваю свае раны,  перад Табою прызнаю мой сорам. Ведаю,  што я вельмі грэшны, і таму баюся,  але спадзяюся  на  Тваю  міласэрнасць,  якая  не  мае межаў. Пане Езу Хрыстэ, вечны Валадару, Бог і Чалавек, укрыжаваны за чалавека, узглянь на  мяне  вачамі  сваёй міласэрнасці.   Выслухай  мяне,   бо  я  на  Цябе  спадзяюся; змілуйся  нада  мною,   поўным гора і  грахоў,   бо  невычэрпная   крыніца   Тваёй міласэрнасці.

Будзь  прывітана,  Ахвяра  збаўлення,  складзеная  за  мяне,  за  ўвесь род чалавечы. Будзь прывітана,   высакародная   і   дарагая   Кроў,  што  выцякае  з  ранаў  майго ўкрыжаванага Пана,  Езуса Хрыста, і змывае грахі ўсяго  свету. Узгадай,  Пане, пра сваё стварэнне, якое адкупіў Ты сваёй Крывёю.

Каюся,  што зграшыў я,  і хачу выправіць тое,  у  чым  правініўся.  Найласкавейшы Ойча, забяры ад мяне ўсе мае правіны і грахі, каб з чыстаю душою  і  целам  я  змог прыняць Святое Святых. Дазволь, каб гэты святы спажытак  Твайго Цела  і  Крыві, які я, нягодны,  збіраюся прыняць, вызваліў мяне ад грахоў,  дасканала  ачысціў  ад правінаў, аддаліў дрэнныя  думкі,  аднавіў ува мне  добрыя  пачуцці,  дапамог мне здзяйсняць  прыемныя  Табе   справы   і   стаў  для маёй душы  і  цела  надзейнай абаронаю  ад  подступаў  ворага.  Амэн.

 

Малітва св. Тамаша Аквінскага перад Святой Камуніяй

 

Усемагутны  вечны  Божа,   вось  я  прыступаю  да  таямніцы  Адзінароднага  Сына Твайго, Пана нашага Езуса Хрыста: цяжка хворы - да Даўцы жыцця, забруджаны – да крыніцы міласэрнасці, сляпы - да светача яснасці, бедны і ўбогі  -  да  Пана  неба і зямлі.

Малю Цябе, праяві шчодрасць Тва-ёй бязмежнай любові, каб вылечыць маю немач, змыць бруд, прасвятліць  слепату,  адзець  нагату,  узбагаціць  беднасць;  каб  хлеб Анёлаў, Валадара ўладароў і Пана пануючых я прыняў з такою пашанаю і пакораю, з  такою  скрухаю  і адданасцю, з   такою  чысцінёю  і  вераю,  з  такім   намерам і абяцаннем, як патрабуе таго збаўленне душы маёй. Прашу,  дазволь мне  прыняць  не  толькі  саму  таямніцу  Цела  і  Крыві  Пана, але таксама ласку і моц  гэтай  таямніцы.  О  найласкавейшы Ойча,  дай  мне  прыняць Цела Твайго Адзінароднага Сына,  Пана  нашага  Езуса  Хрыста,  якое  ўзяў  Ён ад Панны  Марыі,   каб  стаў я годным  быць   часткаю  Яго  містычнага  Цела  і  быў далучаны  да  Ягоных  членаў. Онаймілейшы Ойча,  дазволь мне любага  Сына  Твайго,  якога  я  цяпер,  на  маім зямным шляху, прагну прыняць, укрытага ў сакрамэнце,  сузіраць  вечна  тварам у твар.  Які  з Табою жыве  і  валадарыць  на  векі  вечныя. Амэн.

 


Малітва падзякі пасля Святой Імшы  св. Тамаша Аквінскага

 

Дзякую Табе,  Пане  Святы  Ойча,  усемагутны  вечны  Божа,  які  мяне,  грэшніка, Нягоднага слугу  Твайго,   без  аніякіх  маіх  заслугаў,   але   толькі   моцаю  Тваёй міласэрнасці палічыў  годным  наталіць  найдаражэйшым  Целам  і  Крывёю  Сына Твайго, Пана нашага  Езуса  Хрыста.

Малю,   каб  гэтая  Святая  Камунія   не   стала  мне  прысудам  на  пакаранне,  але збавенным заступніцтвам для прабачэння. Няхай  яна будзе для мяне зброяй веры і шчытом  добрай волі.  Няхай  стане  вызваленнем  ад  заганаў,   пазбаўленнем  ад прагавітасці  і  нястрыманасці, узрастаннем у любові  і  цярплівасці,   у  прастаце і пакоры ды ва ўсіх цнотах; моцнаю абаронаю ад  подступаў  усіх  маіх  ворагаў, як бачных,  так і нябачных;  дасканалым задаваленнем маіх памкненняў,  як цялесных, так і  духоўных;  трывалым  прабываннем  у Табе - адзіным  і праўдзівым  Богу, а таксама  шчаслівым  заканчэннем  майго  жыцця.  Малю Цябе, каб Ты  меў ласку прывесці мяне, грэшніка,  да той невымоўнай гасціны, на якой Ты з Сынам Тваім і Духам Святым, і з усімі святымі Тваімі з'яўляешся святлом праўдзівым, наталеннем поўным, радасцю вечнаю,  хараством  завершаным  і  шчасцем  дасканалым.

Праз  Хрыста,  Пана  нашага.  Амэн.

 

 

Хостинг от uCoz