Навэнна да святога Францішка

Песня да святога Францішка.

 

       Уступная малітва на кожны дзень.

Усемагутны, вечны Божа,  праз Адзінароднага Сына Свайго асвяціў нашыя душы святлом Евангелля, просім Цябе, дай нам, праз заслугі святога айца Францішка, жыць як ён Евангеллем, а праз гэта Цябе выхваляць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Першы дзень: аб пакоры Святога

Св.: Молімся:

Мой Збаўца, у Тваёй школе святы Францішак навучыўся найвялікшай пакоры. На гэтай дарозе дасягнуў надзвычайнай дасканаласці. А я, грэшны, не магу перамагчы сваёй пыхі. Учыні, Божа, каб наслядуючы святога Францішка, я моцна стаў каля крыжа Твайго Сына. Святы айцец Францішак, няхай твая пакора будзе для мяне прыкладам, каб я памятаў, што маё сапраўднае дабро не залежыць ад прызнання мяне светам, але ад радаснага знясення ўсіх перашкод жыцця для Ўкрыжаванага Збаўцы. Амэн.

       Літанія да святога Францішка.

       Заключная малітва на кожны дзень.

Святы айцец Францішак, прабіты святымі ранамі Хрыста. Малі Даўцу каштоўнага дару стыгматаў, каб нас ачысціў і аднавіў у сваіх святых ранах.

Св.: Маліся за нас, святы Францішак

У.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых

Св.: Пане, выслухай малітвы нашы

У.: І просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць

Св.: Пан з вамі

У.: І з духам тваім

 Св.:  Молімся:

Пане Езу Хрыстэ, ты сярод халоднасці свету выявіў святыя раны Свайго цярпення на целе айца нашага Францішка, просім праз яго заслугі і праз яго заступніцтва, дай нам ласку безупынна несці Твой крыж. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя.

У.: Амэн

Песня да святога Францішка – на заканчэнне.

 

Другі дзень: аб убогасці Святога

Молімся:

Пане Езу Хрыстэ, учыні, каб я, не прывязваючыся да таго, што зямное, за Серафіцкім айцом маім мог казаць: ”Бог мой і ўсё маё”. Святы Францішак, выпрасі мне хоць частку гэтых асалодаў, якія ты чарпаў з убогасці. Учыні, каб я асветлены Божым святлом, імкнуўся да ўбогага жыцця, якое праводзіў на зямлі Езус. Амэн.

Трэці дзень: аб пакутах Святога

Молімся:

Мой Збаўца, Езу Хрыстэ, якая вялікая розніца паміж учынкамі слугі Твайго Францішка і маімі! Ён жыў у поўным катаванні і вялікіх пакутах, а я баюся нават мыслі аб пакуце. О вялікі пакутнік! У астатніх хвілінах жыцця ты прасіў прабачэння ў свайго цела, за тое, што так яго катаваў, не дазволь, каб я праз пачуццёвасць, уніканне пакутаў, шкадаваў пры смерці, што занадта трошчыўся аб сабе, забыўшыся пра душу. Амэн.

Чацвёрты дзень: аб цярплівасці

Молімся:

Падзяку Табе складаю, о Пане, за ўсе цярпенні, якія Ты дагэтуль на мяне спасылаў і з якімі Ты ў сваёй міласэрнасці захочаш як і раней да мяне прыйсці. Хвалебны і святы айцец Францішак, падтрымлівай мяне Сваёй цярплівасцю; асвятляй мой розум і сэрца, каб я з радасцю і сапраўднай хвалой Божых слугаў добраахвотна прыняў цярпенні для любові Божай. Амэн.

Пяты дзень: аб любові Божай

Молімся:

Божа мой, Твой благаславёны слуга, святы Бонавэнтура, параўнаў святога Францішка з вуглём, распаленым у агні Тваёй любові. Пазыч мне хоць малую іскру з гэтага святога полымя, якім палаў Францішак, каб я, ідучы за яго прыкладам, цалкам пасвяціў сябе Тваёй любові. Святы Серафін і айцец маёй душы, выпрасі для мяне ласку ў Пана, каб я клапаціўся толькі аб Яго хвале. Амэн.

Шосты дзень: аб любові бліжняга

Молімся:

Мой Езу, падзяку Табе складаю за ўсе дабрачыннасці, якія Ты праз святога Францішка спаслаў на свет. Дай мне ласку стараннага наследавання майго святога айца; няхай з гэтай хвіліны я буду настойліва старацца аб збаўленні людзкіх душаў. Святы Францішак, выпрасі для мяне ласку, каб я ў бліжнім заўсёды бачыў не толькі брата, але самога Збаўцу, бо тады, натхнёны Божай любоўю, я стану Тваім паслядоўнікам.

Сёмы дзень: аб пабожнасці

Молімся:

Мой Збаўца, дай мне жывую веру і гарачую любоў святога Францішка, каб крыніцы Тваіх ласк не былі для мяне дарэмнымі. А ты, мой айцец Францішак, дасканалы прыклад пабожнасці, выпрасі, каб я хваліў Бога думкаю, моваю і ўсім жыццём на вякі. Амэн.

Восьмы дзень: стыгматы Святога

Молімся:

Пане Езу Хрыстэ, прашу Цябе, праз заслугі святога айца Францішка, дай мне гэтую ласку, каб я жыў для Цябе, бо Ты праз пакутную смерць адарыў нас жыццём вечным. Святы Францішак, дай мне, калі я буду цалаваць твае раны, зразумець добра словы: кахай Бога, які праз празмернасць Сваёй любові цярпеў і памёр за мяне. Амэн.

Дзевяты дзень: благаславёная смерць

Молімся:

Пане Езу Хрыстэ, дай мне ласку радаснага супакою ў апошняй хвіліне майго жыцця. А паколькі звычайна смерць будзе такой, якім было жыццё, дай мне сілу і настойлівасць у Тваёй службе, каб я заслужыў шчаслівую смерць. Святы мой айцец, твая цудоўная смерць напаўняе мяне гарачым прагненнем збаўлення. Як жа шчасліва памірае той, хто жыў падобна як ты. Выпрасі для мяне ласку, каб я мог спачыць у Пану смерцю справядлівых. Амэн.  

 

Хостинг от uCoz