ШТО МЫ ВЕДАЕМ ПРА ПАНА БОГА

 

Пан  Бог  аб'явіў  людзям,   кім  Ён  ёсць.   Пан  Бог  ёсць   Духам,   бо  не  мае  цела.

Пан Бог быў заўсёды,  ёсць і будзе заўсёды,  і таму мы называем Пана Бога вечным.

Пан Бог — усюды: у небе, на зямлі і на кожным месцы. Пана Бога не можна бачыць.

Пан Бог усё бачыць, усё ведае, Ён знае нашыя думкі і жаданні. Бог адзін, але ў трох Асобах: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы. Бога ў трох Асобах называем Найсвяцейшай Тройцай.

Жагнаючыся, думаем пра Пана Бога  і кажам: Ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Падумаю перад тым, як жагнацца. Падзякую Пану Богу за тое, што магу аб Ім вучыцца.

Пытанне: Чаму Пана Бога не можна бачыць?

Адказ: Пана Бога не можна бачыць, бо Ён — Дух, не мае цела.

 

ПАН БОГ СТВАРАЕ СВЕТ

На пачатку стварыў Бог неба і зямлю... Бог бачыў, што ўсё, што ўчыніў, было добра.

Пан Бог гэта Дух дасканалы, Тварэц неба і зямлі, Айцец наш найлепшы.

Пана Бога называем Стварыцелем, бо Ён усё стварыў з нічога.

Пан Бог усё можа зрабіць, бо ёьць Ўсемагутны.

Пана Бога называем Айцом найлепшым, бо Ён любіць ўсіх людзей і клапоціцца пра ўсе свае стварэнні.

Уранку і увечары у пацерах кажам: Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі...

 

ПАН БОГ СТВАРАЕ АНЁЛАЎ

Апрача свету, які мы бачым, Пан Бог стварыў Анёлаў.

Анёлы — гэта духі, якія маюць розум і вольную волю, але цела не маюць.

«Анёлы... у небе аглядаюць заўсёды аблічча Айца» (Мт. 18,10).

Анёлы славяць Пана Бога і цешацца шчасьцем, бо аглядаюць Бога ў небе. Анёлаў, якія з даручэння Божага памагаюць нам і апякуюцца намі, называем Анёламі Апекунамі. Кожны чалавек мае свайго Анёла Апекуна. Анёлы ў небе хваляць Пана Бога і спяваюць:

«Святы, святы, святы Госпад Бог Магуццяў. Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй. Гасанна на вышынях».

Гэтымі словамі славім мы Бога ў святой Імшы.

Некаторыя Анёлы збунтаваліся і не хацелі слухаць Пана Бога. Збунтаваных анёлаў скінуў Пан Бог у пекла, дзе яны зносяць вечныя мукі. Збунтаваных анёлаў называем шатанамі, ліхімі духамі, д'ябламі, чэрцямі, злыднямі, дэманамі.

Ліхія духі спакушаюць людзей, каб яны не слухалі Пана Бога.

Папросім нашага Анёла Апекуна, каб апекаваўся намі: Анеле, Апякуне мой, Ты заўжды пры мне стой, Рана, ўвечар, днём і ноччу Будзь заўсёды мне ў помач, Беражы мяне Ты ад ліхога I вядзі мяне да Бога.

П.: Навошта Пан Бог стварыў Анёлаў?

Ад.: Пан Бог стварыў Анёлаў, каб яны славілі Яго, памагалі людзям асягнуць збаўленне ды цешыліся шчасьцем у небе.

 

ПАН БОГ СТВАРАЕ ЛЮДЗЕЙ

Сказаў Пан Бог: «Учыніма чалавека на адлюстраваньне наша, падобнага нам». Стварыў Пан Бог чалавека з любові. Чалавек — гэта разумнае стварэнне, якое мае душу несмяротную і цела. Душа чалавечая падобная да Пана Бога духам, бо мае розум ды волю і ніколі не ўмірае. Пан Бог хоча, каб мы былі цяпер шчаслівымі на зямлі, а пасля смерці і ў небе.

Мы павінны любіць Пана Бога і выпаўняць яго святую волю. Пан Бог загадаў людзям працаваць. Ён сказаў людзям: Будзьце плодныя і размнажайцеся, і падпарадкоўвайце сабе зямлю.

Першыя людзі былі шчаслівымі, былі дзецьмі Божымі. Любіў іх Пан Бог, працаваць было ім лёгка і прыемна, і не маглі яны ўміраць.

Пан Бог хоча, каб усе людзі былі з Ім у небе.

Я ж, хто створаны Табою, Злучаны жыццём з зямлёю, Ці ж такі нягодны быў бы, Што Цябе ды не хваліў бы?

П.: Скуль узяўся чалавек?

Ад.: Чалавека стварыў Пан Бог.

П.: Як называліся першыя людзі?

Ад.: Адам і Ева.

 

ЛЮДЗІ АДВАРОЧВАЮЦЦА АД ПАНА БОГА

Пан Бог хацеў, каб людзі кахалі Яго і былі Яму паслухмянымі. Д'ябал нагаварыў першых людзей да непаслухмянасці Пану Богу. Непаслухмянасцю людзі загневалі Пана Бога, дапусціліся граха.

Непаслухмянасць першых людзей называем грахом першародным.

Пан Бог пакараў першых людзей за іхні грэх: яны перасталі быць дзецьмі Божымі, адхіліў ад іх сваю ласку, прадказаў, што за кару будуць цяжка працаваць, хварэць, гараваць і ўміраць ды выгнаў іх з раю.

Кары гэтыя перайшлі на ўсіх людзей. Усе людзі родзяцца ў першародным граху.

Найсвяцейшая Дзева Марыя, Маці Езуса Хрыстуса была свабоднай, не звязанай першародным грахом.

Чыста Дзева, Каралева, Красой неба ачаруй. Нашы дзеткі — зямлі кветкі — Цнатлівасцю абдаруй.

П.: 3 чаго найлепш цешыліся людзі?

Ад.: Першыя людзі перад усім цешыліся з таго, што былі мілымі дзецьмі Божымі.

 

ПАН БОГ ЛЮБІЦЬ НАВАТ ГРЭШНІКА

Пан Бог пакараў людзей за непаслухмянасць, але і далей іх мілуе. Абяцаў людзям паслаць Збаўцу. Гэтым Збаўцам ёсць Езус Хрыстус, які нарадзіўся з найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Божай.

Доўга чакалі людзі прыходу Езуса Хрыстуса. Мы таксама чакаем прыхода Пана Езуса. Час чакання прыхода Пана Езуса называем Адвантам. Адвант працягваецца чатыры тыдні.

У Адванце рыхтуемся:

—  да ўрачыстасці Божага нараджэння, да прыйсця Пана Езуса Хрыстуса да нас у Святой Камуніі,

—  да прыходу ў апошні дзень на Судзе Божым. Маці Божая чакала нараджэння Пана Езуса.

У Адванце ўшаноўваем асаблівым чынам Маці Божую.

Падзякуем Пану Богу за тое, што так нас любіць, што Сына Свайго даў нам Збаўцам.

Мы ачышчаемся ад першароднага граха Хрышчэннем, якое ўстанавіў Пан Езус.

Калі змагу, то хоць раз пайду на «Рараты» (Імша).

П.: Што такое Адвант?

Ад.: Адвант гэта час, калі чакаем прыходу Пана Езуса.

 

ПАН БОГ КЛІЧА НАС ДА ВЕЧНАГА ШЧАСЦЯ

Пан Бог стварыў чалавека, каб чалавек кахаў Яго, спаўняў Яго волю, а пасля смерці быў з Ім у небе.

Пасля смерці чалавека яго душа ідзе на Суд Божы.

Пасля Суда Божага, паводля нашых заслуг, ідзём або ў неба, або на ачышчэньне грахоў у чысцец, або на вечнае пакараньне ў пекла.

У неба пойдуць тыя людзі, якія кахаюць і слухаюць Пана Бога.

Людзі ў небе шчаслівыя, бо бачаць Пана Бога, знаходзяцца разам з Панам Езусам, з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, з анёламі і святымі, і ні ў чым не адчуваюць недахопу.

Першага лістапада святкуем урачыстасьць Усіх Сьвятых.

Мы паважаем і любім святых, якія ў небе. Молімся да іх, каб яны ўпрошвалі Пана Бога прыняць нас у неба.

Пры канцы сьвету ўсе людзі ўваскрэснуць на Апошні Суд. Вось тады і наша цела атрымае ўзнагароду ў небе.

Пан Бог даў нам сумленне, каб мы маглі знаць, што добрае, а што дрэннае. Сумленне гаворыць нам, што добрае трэба рабіць, а дрэннага трэба высцерагацца. Мы абавязаны слухаць голасу сумлення.

П.: Што такое смерць?

Ад.: Смерць гэта адлучэньне душы ад цела.

П.: Хто ідзе ў неба?

Ад.: У неба ідуць тыя, хто кахае і слухае Пана Бога.

 

ДЗЕНЬ ЗАДУШНЫ

Душы тых людзей, якія прасілі Пана Бога дараваць грахі, але яшчэ не адпакутавалі за іх пры жыцьці, пойдуць у чысцец. Душы ў чысцу церпяць праз нейкі час адпаведныя мукі, а потым ідуць у неба.

Мы можам дапамагчы душам у чысцу, молячыся за іх, прымаючы ўдзел у св. Імшы, даючы за іх ахвяру, спаўняючы дзеля іх добрыя ўчынкі.

«Святой думкай дзеля збаўлення маліцца за памёршых, каб былі ім адпушчаны грахі» (II Мах. 12, 46).

Другога лістапада, на наступны дзень пасля свята Ўсіх Святых выпадае Дзень Задушны. У гэты дзень усе каголікі, увесь Касцёл моліцца за душы памёршых.

Часта гаворым малітву за душы памёршых: Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі вечным. Амэн.

Падумай, за кого нам трэба маліцца?

Вечарам 1 лістапада пойдзем на могілкі разам са святаром маліцца за памёршых.

П.: Чыя душа пасля сьмерці ідзе ў чысцец?

Ад.: У чысцец ідуць душы такіх людзей, якія памерлі ў малых грахах і не адпакутавалі за свае грахі пры жыцьці.

 

ЛЮДЗІ ПРЫНОСЯЦЬ ПАНУ БОГУ АХВЯРЫ

Пану Богу трэба складаць ахвяры, бо Пан Бог Валадар, усіх рэчаў. Складаннем ахвяр людзі выказваюць Пану Богу пашану, удзячнасць і міласць.

Перад нараджэннем Пана Езуса, людзі складалі ў ахвяру Пану Богу жывёлу, збожжа, плады, віно, аліву, муку, кадзіла.

Сыны Адама, першага чалавека, складалі Пану Богу ў ахвяру: Каін — збожжа і плады, Абель жывёлу.

Мэльхізадэх склаў у ахвяру Пану Богу хлеб і віно.

Яго ахвяра сімвалічная, нагадвае нам ахвяру святой Імшы.

Мы не складаем цяпер такіх ахвяраў, бо Пан Езус склаў за нас ахвяру на крыжы. Цяпер у кожнай святой Імшы Пан Езус складае ў ахвяру самога сябе ў выглядзе хлеба і віна.

Мы ахвяруем Богу Айцу разам з Панам Езусам саміх сябе, свае маленьні, цярпенні, працу і добрыя ўчынкі.

Ахвяру Пану Богу трэба складаць ахвотна.

У часе святой Імшы молімся, каб Бог прыняў гэту ахвяру: «Глянь і спагадна прымі, падобна як прыняў Ты дары Абеля і тую ахвяру, якую склаў святар Мэльхізадэх, як прадказанне дасканалай ахвяры».

П.: Якая ахвяра наймілейшая Богу?

Ад.: Наймілейшая ахвяра Пану Богу — ахвяра Пана Езуса, складзеная на крыжы.

 

ПАН БОГ АБЯЦАЕ ПАСЛАЦЬ ЗБАЎЦУ

Пан Бог загадаў Абрагаму пакінуць свой край і ісці ў Святую зямлю. Абрагам паверыў Пану Богу і адразу пайшоў, куды загадаў яму Пан Бог.

Пан Бог абяцаў Абрагаму, што ён будзе бацькам выбранага народа, з якога прыйдзе на свет Збаўца.

Пан Бог сказаў: «Зраблю з цябе вялікі народ, буду табе спагадаць». Нашчадкі Абрагама называліся Ізраэлітамі (ад Якуба — Ізраэль).

Абрагам меў сына Ісаака, якога вельмі любіў. Пан Бог захацеў выпрабаваць Абрагама, таму загадаў яму скласьці ў ахвяру Ісаака. Абрагам быў гатовы гэта зрабіць. Абрагам усім жыцьцём паказаў, што верыць Пану Богу і любіць Яго болын за ўсё.

Пан Бог заключыў прымірэньне з Абрагамам.

Мы таксама верым ва ўсё, што Пан Бог нам аб'явіў. Гаворым Пану Богу:

Акт веры

Веру ў Цябе, Божа жывы, у Тройцы Адзінай сапраўдны Ты, Веру, што нам аб'явіў Ты, Божа, Слова Тваё ашукаць ня можа.

П.: Як узнагародзіў Пан Бог веру і любоў Абрагама?

Ад.: Пан Бог зрабіў Абрагама бацькам Выбранага народу. Езус Хрыстус стане ягоным нашчадкам.

 

ПАН БОГ АБ'ЯЎЛЯЕ СВАЮ ВОЛЮ

Пан Бог апякаваўся Выбраным народам, які паходзіў ад Абрагама.

Пан Бог праз Майсея вывеў Выбраны народ з егіпецкай няволі (як Хрыстус з няволі шатанскай).

Пасля выхаду з Егіпта Майсей падышоў з Выбраным народам да гары Сынай.

На гары Сынай Пан Бог аб'явіў сваю волю ў дзесяці Божых загадах. Пан Бог з міласці да людзей заключыў на гары Сынай прымірэнне з Выбраным народам. Прымірэнне гэта ўрачыстая ўмова між Панам Богам і людзьмі. Пан сказаў: «Я — Бог твой» і абяцаў апякавацца Выбраным народам (Ізраэлскім).

Выбраны народ абавязаўся берагчы Божыя загады.

Пан Езус пацьвердзіў усе Божыя загады і прытым сказаў, што найважнейшым загадам ёсьць загад міласьці: Палюбі Бога твайго, ўсім сваім сэрцам, усім сваім розумам, усёй душою сваёй, а бліжняга свайго, як самога сябе.

Хто не спаўняе загадаў Божых, той паказвае, што не любіць Пана Бога, грашыць.

Падзякую Пану Богу, што любіць нас, ды з любові даў нам загады, каб мы ведалі, што трэба рабіць.

П.: Колькі загадаў Божых?

Ад.: Загадаў Божых дзесяць.

 

ПАН БОГ ДАЕ ЛЮДЗЯМ ЗБАЎЦУ

Арханёл Габрыель, пасланы Богам, вітае Найсвяцейшую Дзеву Марыю словамі: «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою». I абвясьціў Ёй, што Пан Бог выбраў яе на Маці Збаўцы свету, Езуса Хрыстуса.

Найсвяцейшая Дзева Марыя згадзілася быць Маткай Пана Езуса і пакорліва сказала: «Вось жа я служка Божая, няхай мне учыніцца паводле слова Твайго».

У памяць гэтага здарэньня ды каб ушанаваць Маці Божую молімся малітваю «Вітай, Марыя».

Маці Божую называем Найсвяцейшай, бо Яна не мела ніякага граха і была заўсёды з'яднана з Богам і поўная ласкі Божай.

Маці Божая вельмі любіць нас і цешыцца, калі Яе любім і молімся да Яе.

На падзяку Пану Богу за прысланне Збаўцы і на ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы Марыі святкуем 25 сакавіка свята Благавешчаньня Пана.

Навучуся малітвы «Анёл Паньскі».

П.: Чаму называем Маці Божую Найсвяцейшай?

Ад.: Маці Божую называем Найсвяцейшай, бо Яна не мела ніводнага граха і вельмі кахала Пана Бога.

 

ЗБАЎЦА ПРЫХОДЗІЦЬ НА СВЕТ

Пан Езус нарадзіўся ў мястэчку Бэтлеем. «Найсвяцейшая Дзева Марыя нарадзіла першароднага свайго Сына, ахутала Яго ў пялёнкі і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк. 2, 4-7).

Анёлы славілі Бога і сьпявалі: «Слава на вышынях Богу, а людзям добрай волі супакой на зямлі».

Пастушкі прыбылі да паветкі, каб пакланіцца Пану Езусу і скласці свае дары.

Езус Хрыстус, Сын Божы, нарадзнўся чалавекам дзеля нашага збаўлення.

Пан Езус — Бог і чалавек адначасова. Айцец Езуса Хрыстуса — Бог Айцец. Маці Пана Езуса — Найсвяцейшая Дзева Марыя. Святы Юзэф быў Апякунам Пана Езуса.

Маці Божая таксама і наша маці, Яна любіць нас.

Божае Нараджэньне — вялікае і радаснае свята. Нашу радасць і ўдзячнасць выяўляем Божаму Дзіцяці ўдзелам у святой Імшы, спяваючы калядкі і дзелячыся аплаткам. У кожнай Імшы Пан Езус прыходзіць да нас.

 

МАЦІ БОЖАЯ АХВЯРУЕ ПАНА ЕЗУСА БОГУ АЙЦУ

У сорак дзён пасля нараджэньня Пана Езуса Найсвяцейшая Дзева Марыя і святы Юзэф прыняслі Дзіцятка Езус ў святыню ахвяраваць Яго Пану Богу.

Сымон прывітаў Дзіцятка Езус як Збаўцу і Святло свету. Цешыўся, што мог Яго аглядаць.

Сымон прадказаў Найсвяцейшай Дзеве Марыі, што Яна будзе многа цярпець у сваім жыцьці. Ён сказаў: «А душу Тваю пранікне меч».

У памяць гэтай падзеі ўстаноўлена Касьцёлам свята — Ахвяраваньне Пана Езуса. Гэта свята называецца ў нас яшчэ «Маці Божай Грамнічнай».

У гэты дзень пасвячаюцца ў касцёле «грамніцы» — свечкі. Запаленая свечка-грамніца прыпамінае нам Пана Езуса, Збаўцу — Святло свету.

Грамніцы захоўваем і запалваем пры канаючых і ў час пагрозы небяспекі.

Падумаю, дзе буду хаваць сваю грамніцу.

П.: Што паказала Найсвяцейшая Дзева Марыя, ахвяруючы Пана Езуса Богу?

Ад.: Найсвяцейшая Дзева Марыя паказала: паслухмянасць Закону Майсея, пашану, міласьць і ўдзячнасць Пану Богу.

 

ПАН ЕЗУС НАРАДЗІЎСЯ ДЛЯ ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ

«Калі Езус нарадзіўся... Мудрацы прыбылі і ўбачылі Дзіця з Маці Ягонай Марыяй н пакланіліся» (Мт. 2,1-11).

Мудрацы, хоць не належалі да Выбранага народу, пазналі ў Пане Езусе Сына Божага.

6 студзеня святкуем урачыстасць аб'явы Пана, у памяць, што Пан Езус прыйшоў для ўсіх людзей.

Гэтую ўрачыстасць называюць таксама «Тры каралі». Сьвятары асвячаюць у касцёлах крэйду і кадзіла ў намяць дароў, складзеных Пану Езусу трыма мудрацамі.

Мы ахвяруем Пану Езусу нашы малітвы, удзел у св. Імшы, сваю працу і свае цярпенні.

Дзеля доказу нашай адданасці Божаму Дзіцяці спяваем калядныя песні.

I Каралі Тры — і Каралі Тры 3 усходу прыбылі, Богу дзіцяці, Богу дзіцяці Ахвяру злажылі.

Хрыстус радзіўся, Бог аб'явіўся Анёлы славяць, цудна спяваюць, Пастушкі іграюць Вол з аслом вітаюць У дзіцяці Бога знаюць.

П.: За каго ўважалі Пана Езуса Тры Каралі?

Ад.: Тры Каралі ўважалі Пана Езуса за Сына Божага. Збаўцу.

 

ПАН ЕЗУС ВУЧЫЦЬ СЛАВІЦЬ ПАНА БОГА

Пан Езус — прыклад да наследавання.

Пан Езус навучыў нас, як трэба шанаваць Пана Бога.

Пан Езус разам з Маці Божай і св. Юзэфам маліўся да Айца Нябеснага. Малітва — гэта размова з Богам.

Маліцца можна думкаю, мовай, рэлігійным спяваннем. Славім Пана Бога, калі разам з Панам Езусам складаем Богу ахвяру святой Імшы, молімся з верай ва ўсё, што Пан Бог аб'явіў.

Славім таксама Пана Бога, калі чытаем Святое Пісаньне, калі слухаем казанні, калі вучымся пра Бога, чытаем рэлігійныя кнігі.

Пан Бог першым загадам загадвае верыць у сапраўднага Бога, бараніць веру, маліцца, шанаваць касцёл і пасвечаныя рэчы абразкі, медалікі і ружанец.

Падумаю, як выконаў першы Загад Божы.

П.: Навошта трэба маліцца?

Ад.: Трэба маліцца, бо малітваю славім Пана Бога, даказваем Яму сваю міласць і ўдзячнасць, перапрашаем за грахі і просім патрэбныя нам ласкі.

 

ПАН ЕЗУС ВУЧЫЦЬ НАС СЛАВІЦЬ ІМЯ БОГА

Пан Езус сказаў: «Я слаўлю Айца майго. Я Яго знаю і словы Яго захоўваю» (Ян 8, 55).

Славім і мілуем Пана Бога, калі шануем Яго Імя.

У другім загадзе Пан Бог кажа: «Не вымаўляй імя Пана Бога твайго без патрэбы».

Нельга прызываць Імя Пана Бога без патрэбы — у жартах, у злосці, без пашаны.

Пан Бог патрабуе, каб мы таксама славілі імя Маці Божай і святых.

Навучымся славіць Пана Бога словамі псалма: «Хай будзе праслаўленым імя Пана цяпер і ў вякі вечныя» (Пс. 112, 1).

Хваліце ж, дзеткі, Пана, хваліце, пахвалу спявайце, пашану чыніце, хай імя Пана будзе ўслаўлёна, на векі вечныя будзе пахвалёна.

Вітаемся словамі: «Пахвалены Езус Хрыстус» або «Слава Ісусу Хрысту», або «Хрыстос сярод нас» адказ: «Ёсць і Будзе».

Падумаю, як выконваў я другі Загад Божы.

 

ПАН ЕЗУС ВУЧЫЦЬ НАС СПАЎНЯЦЬ ТРЭЦІ ЗАГАД БОЖЫ

Калі Пану Езусу было 12 гадоў, Ён пайшоў з Маці Божай і святым Юзэфам на вялікоднае свята да святыні ў Ерусаліме. Пасля адсвяткавання Пан Езус застаўся ў сьвятыні навучаць жыдоўскіх сьвятароў.

Пан Езус вучыць нас спаўняць трэці загад Божы: «Помні дзень сьвяты сьвяткаваць».

Трэці загад спаўняем, калі ў нядзелі і святы прымаем удзел у святой Імшы, молімся, выконваем добрыя ўчынкі, адпачываем.

У нядзелі і святы без вялікай патрэбы нельга цяжка працааць.

Дзеці ад 7 гадоў павінны ў кожную нядзелю і святы быць на св. Імшы.

Падумаю: Як я спаўняў трэці загад Божы.

 

ПАН ЕЗУС ВУЧЫЦЬ НАС ЛЮБІЦЬ БАЦЬКОЎ

Пан Бог кажа ў чацвёртым загадзе: «Паважай бацьку свайго і маці сваю».

Пан Езус вучыць нас сваім прыкладам, як выконваць чацвёрты загад Божы.

«Езус вярнуўся ў Назарэт і быў ім паслушны... Езус рос у мудрасці ў гадах ды ў ласцы Бога і людзей» (Лк 2, 51-52).

 Падумаю: Як я спаўняў чацьвёрты загад Божы?

 Пазволь, Маці, прывітаці песняй прыгожай, хоць даволі аніколі ўславіць

 

Хостинг от uCoz