НАВЭННА ДА НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ПАНА ЕЗУСА

(распачынаецца ў сераду перад святам Божага Цела)

Штодзённая малітва

Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы, у шматлікіх сваіх клопатах і цярпеннях я з дзіцячым даверам звяртаюся да Цябе і малю аб дапамозе і ратунку. Спадзяюся, што Ты выслухаеш мяне, бо Ты сказаў, Пане: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). Таму прыходжу да Цябе і малю праз заслугі Тваёй Мукі, праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці і ўсіх Тваіх Святых, удзялі мне ласку, аб якой прашу Цябе...

Дзень першы

О, Езу, Ты так моцна палюбіў мяне, што сышоў з неба і стаў падобным да чалавека, ажно да смерці — смерці крыжовай, — каб мяне збавіць. Хачу любоўю адказаць на Тваю любоў. Таму распалі ў маім сэрцы прагу Тваёй найгарачэйшай любові і дазволь, каб я любіў Цябе больш за ўсё. Амэн. Найсвяцейшае Сэрца Езуса, будзь маёй любоўю.


Дзень другі

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, я прагну быць Тваім вучнем і верна спаўняць запаведзь любові да бліжняга. Учыні, о Езу, каб я пазбавіўся эгаізму і навучыўся наследаваць Цябе ў любові да бліжніх: любіць блізкіх мне людзей і дапамагаць ім у цяжкія хвіліны жыцця. Сваёй любоўю я хачу ахапіць усіх людзей, якіх сустрэну ў жыцці, а таксама сваіх ворагаў. Амэн. Сэрца Езуса, абудзі ў маім сэрцы сапраўдную любоў да маіх бліжніх.


Дзень трэці

Езу, Ты сказаў: «Вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны Сэрцам». Пане мой, вынішчы ўва мне пыху і марнасць, адары пакораю і цішынёю сэрца. Дапамажы мне ператвараць у жыццё гэтыя цноты, каб я атрымаў благаслаўленне, абяцанае ў Казанні на гары: «Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну» (Мц 5, 5). Амэн. Езу, ціхі і пакорны Сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.


Дзень чацвёрты

Езу, Ты з любові да мяне стаў паслухмяным ажно да смерці на крыжы. Навучы мяне быць паслухмяным Тваёй волі і верным вучэнню Твайго Касцёла. Дапамажы, каб асабліва ў цяжкія хвіліны майго жыцця я ўмеў з пакораю прымаць Тваю волю. Амэн. Пане, не мая, але Твая воля няхай станецца.


Дзень пяты

Найцярплівейшае Сэрца Збаўцы, якое моўчкі прыняло ўсялякія знявагі, абразы і прыніжэнні, дапамажы мне ўтаймаваць свой гнеў і сваю раздражнёнасць. Навучы мяне спакою і цярплівасці, каб ад гэтага часу з любові да Цябе я прымаў цяжкасці і цярпенні, якія Ты дапусціш у маім жыцці. Амэн. Найцярплівейшае Сэрца Езуса, дапамажы мне здабыць цноту цярплівасці.


Дзень шосты

Боскае Сэрца Езуса, Ты для нашага збаўлення, за нашыя грахі ахвяравала сябе свайму Айцу. Пажадай напоўніць маё сэрца ахвярнай любоўю. Навучы не быць абыякавым да патрэбаў Касцёла і бліжніх, але па меры сваіх магчымасцяў дапамагаць ім. Амэн. Сэрца Езуса, Ахвяра за нашыя грахі, адары мяне духам ахвяры і самаадданасці.


Дзень сёмы

Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы, Ты ўчыніла ўсё, каб нас збавіць. Дапамажы мне адказаць Табе вернасцю ў спаўненні Тваіх запаведзяў і маіх жыццёвых абавязкаў. Дапамажы мне, Пане, не марнаваць дароў, атрыманых ад Цябе, але надзялі мяне стараннем выкарыстоўваць кожны дзень для Тваёй хвалы і збаўлення маёй душы. Амэн. Сэрца Езуса, дапамажы мне быць Тваім верным слугою.


Дзень восьмы

Сэрца Езуса, майго Бога, Ты абрала на зямлі не пашану і багацце, але працу ў цярпенні і ўбостве. Прашу Цябе, Езу, каб я годна наследаваў Цябе ва ўбостве і працавітасці. Навучы не марнаваць шмат часу на забаву і ўцехі, але праз працу і малітву верна служыць Богу і людзям. Амэн. О, Езу, навучы мяне заўсёды ісці шляхам цноты.


Дзень дзевяты

Езу Хрыстэ, пасля заканчэння Твайго жыцця на зямлі Ты адышоў, каб падрыхтаваць нам месца ў небе. Удзялі нам гэтую ласку, каб мы памяталі пра тое, што з’яўляемся пілігрымамі на гэтай зямлі і каб не прывязваліся празмерна да яе і да зямных справаў. Дазволь, каб праз добрае жыццё мы заслужылі быць прынятымі ў нябесную Айчыну, дзе вечна будзем праслаўляць Тваё Найсвяцейшае Сэрца. Амэн. Сэрца Езуса, дапамажы мне часта разважаць пра апошнія справы.


Малітва на заканчэнне навэнны

Боскае Сэрца Езуса, пажадай прыняць пакорнае ўшанаванне, якое я стараўся скласці Табе ў гэтай навэнне. Няхай маё сэрца, ачышчанае ад грахоў і ўсялякіх памылак у сакрамэнце пакаяння, будзе аздоблена цнотамі, аб якіх я прасіў. Удзялі мне таксама асаблівую ласку..., аб якой на працягу гэтых дзён я горача Цябе маліў. А калі Твая воля іншая, дай мне яе зразумець і прыняць без бунту і нараканняў. Ты, о Езу, мой Бог і найлепшы Айцец, і Ты ведаеш, што мне сапраўды неабходна. Няхай заўсёды спаўняецца Твая святая воля на небе і на зямлі. Амэн.

 

Хостинг от uCoz