ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ VERBUM DOMINI СВЯТОГА
АЙЦА ДА БІСКУПАЎ, ДУХАВЕНСТВА, КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБ I СВЕЦКІХ ВЕРНІКАЎ ПРА БОЖАЕ
СЛОВА
(пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага
Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў r
УВОДЗІНЫ
Вось, Добрая Навіна. Вось вестка, якая праз стагоддзі прыходзіць сёння да нас. XII Звычайны Агульны Сход Сіноду Біскупаў, які праходзіў у Ватыкане з 5 па 26 кастрычніка 2008 г., быў прысвечаны тэме «Слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла». Гэта было глыбокім перажываннем сустрэчы з Хрыстом, Словам Айца, які ёсць там, дзе двое або трое збіраюцца ў Яго імя (пар. Мц 18, 20). Паслясінадальная апостальская адгартацыя з’яўляецца маім адказам на просьбу Айцоў Сіноду наблізіць усяму Божаму народу багатыя разважанні ватыканскай сустрэчы, а таксама парады, якія з’яўляюцца плёнам супольнай працы1 . У сувязі з гэтым хачу згадаць дакументы, выпрацаваныя Сінодам: Lineamenta, Instrumentum laboris, справаздачы ante i post disceptationem, а таксама тэксты выступленняў, прачытаных ў зале, а таксама перададзеных in scriptis, справаздачы з прац у малых групах і іх дыскусіі, заключны Зварот да Божага народу, a менавіта некаторыя адмысловыя прапановы (Propositiones), якія Айцы палічылі асабліва важнымі. Жадаю такім чынам падаць некаторыя асноўныя прынцыпы адкрыцця наноў у жыцці Касцёла Божага слова, крыніцы няспыннага абнаўлення, выказваючы адначасова жаданне, каб яно ўсё больш станавілася сэрцам кожнай эклезіяльнай дзейнасці. Каб радасць нашая была поўнай 2. Найперш хацеў бы прыпомніць усім аб прывабнай прыгажосці абноўленай сустрэчы з Панам Езусам падчас сінадальнага Сходу. Таму, адказваючы таксама на пажаданні Айцоў, звяртаюся да ўсіх вернікаў словамі св. Яна з яго Першага паслання: «Абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, - тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом» (1, 2-3). Апостал кажа нам пра слуханне, бачанне, датыканне i сузіранне (пар. 1, 1) Слова Жыцця, бо Жыццё аб’явілася ў Хрысце. А мы, пакліканыя да еднасці з Богам і людзьмі, павінны быць вестунамі гэтага дару. У керыгматычным сэнсе сінадальны Сход быў для Касцёла і свету сведчаннем таго, якой прыгожай з’яўляецца сустрэча з Божым словам у эклезіяльнай супольнасці. Таму заахвочваю ўсіх адкрыць нанова асабістую і супольнасную сустрэчу з Хрыстом, Словам Жыцця, якое сталася бачным, і стаць Яго вестунамі, каб дар Божага жыцця - еднасць - пашыраўся ўсё больш ва ўсім свеце. Удзел у жыцці Бога, Тройцы Любові, дае «поўную радасць» (пар. 1 Ян 1, 4). Неад’емны дар і заданне Касцёла - дзяліцца радасцю, якая нараджаецца з сустрэчы з Асобаю Хрыста, Божым Словам, прысутным сярод нас. У свеце, які часта лічыць Бога непатрэбным або чужым, мы - як і св. Пётр - вызнаём, што толькі Ён мае «словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68). Не існуе больш важнай рэчы за магчымасць нанова наблізіць сённяшняга чалавека да Бога - да Бога, які прамаўляе і перадае нам сваю любоў, каб мы мелі жыццё ў дастатку (пар. Ян 10, 10). Ад «Dei Verbum» да Сіноду, прысвечанага Божаму слову 3. Мы разумеем, што прысвячаючы XII Звычайны Агульны Сход Біскупаў Божаму слову, мы закранулі тэму, якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца сэрцам хрысціянскага жыцця, і працягвае тэму папярэдняга сінадальнага Сходу: Эўхарыстыя, крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла. Фундамент Касцёла - Божае cлова, з яго Касцёл нараджаецца і жыве ім2 . Божы народ на працягу сваёй шматвяковай гісторыі заўсёды знаходзіў у ім сваю сілу. Таксама і сёння эклезіяльная супольнасць узрастае праз слуханне, цэлебрацыю і вывучэнне Божага слова. Трэба згадзіцца, што ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Касцёла ўзрасла ўвага да гэтага пытання, асабліва адносна хрысціянскага Аб’яўлення, жывой Традыцыі і Святога Пісання. Можна сказаць, што, пачынаючы ад пантыфікату папы Льва XIII, памнажаліся захады дзеля паглыблення свядомасці наколькі важным з’яўляецца Божае слова і вывучэнне Бібліі ў жыцці Касцёла3 , а кульмінацыяй гэтага стаў Другі Ватыканскі Сабор, асаблівым сведчаннем чаго было абвяшчэнне Дагматычнай канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum. Яна ўяўляе сабой важную веху на шляху Касцёла: «Айцы Сіноду <...> з удзячнасцю прызнаюць вялікую карысць, якую прынёс для Касцёла гэты дакумент у экзэгетычным, тэалагічным, духоўным, пастрыскім і экуменічным сэнсе»4 . Асабліва ўзрасло ў гэтыя гады разуменне «трынітарнай і гісторыка-збаўчай перспектывы Аб’яўлення»5 , у якой Езуса Хрыста мы прызнаём «Пасрэднікам і паўнатою ўсяго Аб’яўлення»6 . Касцёл нястомна абвяшчае кожнаму пакаленню, што Езус «усёй сваёй прысутнасцю і аб’яўленнем, словамі і справамі, знакамі і цудамі, асабліва сваёй смерцю і слаўным уваскрасеннем, паслаўшы, нарэшце, Духа праўды, здзяйсняе канчатковае Аб’яўленне»7 . Усім вядома, які вялікі імпульс для адкрыцця нанова Божага слова ў жыцці Касцёла, для тэалагічных разважанняў на тэму Божага Аб’яўлення, а таксама для вывучэння Святога Пісання дала Дагматычная канстытуцыя Dei Verbum. Шматлікімі былі таксама за апошнія сорак гадоў выказванні Настаўніцкага Інстытута Касцёла па гэтых пытаннях8 . Касцёл, усведамляючы, што надалей ідзе тым самым шляхам пад кіраўніцтвам Духа Святога, склікаў гэты Сінод, адчуваючы абавязак далейшага паглыблення тэмы Божага слова, каб пераканацца, ці былі рэалізаваныя ўказанні Сабору, а таксама каб адказаць на новыя выклікі сённяшняга часу, якія стаяць перад тымі, хто верыць у Хрыста. Сінод Біскупаў, прысвечаны Божаму слову 4. Падчас XII сінадальнага Сходу пастыры з розных куткоў свету сабраліся вакол Божага слова, - што сімвалізаваў змешчаны ў цэнтры Сходу тэкст Бібліі, - каб нанова адкрыць тое, што ў штодзённым жыцці можа здавацца вельмі ясным: «факт, што Бог гаворыць і што адказвае на нашыя пытанні»9 . Мы супольна слухалі Божае слова і цэлебравалі яго. Узаемна расказвалі сабе пра тое, што Пан здзяйсняе ў Божым народзе, дзяліліся спадзяваннямі і турботамі. Усё гэта дапамагло нам зразумець, што мы можам паглыбіць нашую сувязь з Божым словам у межах «мы» Касцёла праз слуханне і ўзаемнае прыняцце. Таму мы ўдзячны за сведчанні жыцця Касцёла ў розных кутках свету, якія мы чулі падчас многіх выступленняў у зале. З хваляваннем мы таксама слухалі дэлегатаў, якія былі запрошаны для ўдзелу ў сінадальнай сустрэчы. Асабліва хачу падкрэсліць разважанне Яго Святасці Барталамея I, Экуменічнага Патрыярха Канстанцінопаля, за якую Айцы Сіноду былі вельмі яму ўдзячныя10 . Больш за тое, упершыню Сінод Біскупаў запрасіў таксама рабіна, каб ён даў каштоўнае сведчанне пра юдэйскія Святыя Пісанні, якія з’яўляюцца таксама часткай нашага Святога Пісання11 . Так мы з радасцю і ўдзячнасцю маглі сцвердзіць, што «і сёння ў Касцёле трывае Пяцідзесятніца, гэта значыць, што гаворыць ён шматлікімі мовамі, і не толькі ў знешнім сэнсе, што ў ім прадстаўлены не толькі галоўныя мовы свету, але яшчэ больш у сэнсе глыбейшым: у ім існуе шмат формаў адчування Бога і свету, багацце культур, і толькі такім чынам выяўляецца вялікае вымярэнне чалавечага жыцця і звязаны з ім разлеглы абсяг Божага слова»12 . Акрамя таго мы маглі таксама адчуць, што Пяцідзесятніца надалей трывае, многія народы яшчэ чакаюць, каб Божае слова абвяшчалася на іх мове і ў іх культуры. Як жа не ўзгадаць таксама тое, што падчас усяго Сіноду спадарожнічала нам сведчанне апостала Паўла. Праз прадбачлівы збег акалічнасцяў XII Звычайны Агульны Сход адбываўся менавіта ў годзе, прысвечаным постаці вялікага Апостала Народаў і дзвюхтысячнай гадавіны яго нараджэння. Яго жыццё вызначалася бязмежнай адданасцю справе пашырэння Божага слова. Ці ж можам мы не чуць у нашых сэрцах яго хвалюючых слоў наконт сваёй місіі абвяшчэння Божага слова: «Раблю ж гэта дзеля Евангелля» (1 Кар 9, 23); «Я, - піша ён у Пасланні да Рымлянаў - не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая, дадзеная для збаўлення кожнаму» (1, 16). Калі разважаем над Божым словам у жыцці і місіі Касцёла, не можам забываць пра св. Паўла і яго жыццё, якое ён прысвяціў абвяшчэнню ўсім народам навіны аб Хрыстовым збаўленні. Пралог Евангелля св. Яна, як праваднік 5. Жадаю, каб дзякуючы гэтай апостальскай адгартацыі дасягненні Сіноду вынікова паўплывалі на жыццё Касцёла: на асабістую сувязь са Святымі Пісаннямі, на іх інтэрпрэтацыю ў літургіі і катэхезе, а таксама ў навуковых даследаваннях, каб Біблія не была словам з мінулага, але словам жывым і актуальным. Таму маю намер прадставіць і паглыбіць разважанні Сіноду, нястомна звяртаючыся да Пралогу Евангелля св. Яна (1, 1-18), які перадае нам тое, што з’яўляецца фундаментам: Слова, якое ад пачатку было ў Бога, сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14). Гэты цудоўны тэкст уяўляе сінтэз усёй хрысціянскай веры. Асабісты досвед, якім была сустрэча з Хрыстом і тое, што ён пайшоў за Ім, нарадзіў у св. Яне, якога традыцыя атаясамлівае з «вучнем, якога любіў Езус» (пар. Ян 13, 23; 20, 2; 21, 7. 20), моцнае перакананне, што «Езус - гэта ўцелаўлёная Мудрасць Бога, Яго спрадвечнае Слова, якое сталася смяротным чалавекам»13 . Няхай той, хто «ўбачыў і паверыў» (Ян 20, 8), таксама дапаможа нам прытуліць галаву да грудзей Хрыста (пар. Ян 13, 25), з якіх выплыла кроў і вада (пар. Ян 19, 34), сімвалы сакрамэнтаў Касцёла. Беручы прыклад з апостала Яна, а таксама з іншых натхнёных аўтараў, дазволім Духу Святому дзейнічаць у нас, каб мы маглі штораз больш любіць Божае слова. |