НАВЭННА ДА МАЦІ БОЖАЙ З ГАРЫ КАРМЭЛЬ

Першы дзень

О прыгожая Кветка Кармэлю, найбольш пладаносная Вінаградная Лаза, хараство раю, Святая і Незвычайная, Ты, якая нарадзіла Сына Божага, застаючыся назаўсёды Беззаганнаю Дзеваю, дапамажы нам у нашых патрэбах! О Зорка Мора, дапамажы і ахоўвай нас! Пакажы нам, што Ты — наша Маці! (Назваць сваю просьбу.)

 Кожны дзень пасля малітвы чытаецца:
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
Маці Божая з гары Кармэль, маліся за нас.
Ларэтанская літанія.

 Другі дзень

Найсвяцейшая Марыя, наша Маці, у сваёй вялікай любові да нас Ты дала нам святы шкаплер з гары Кармэль, выслухаўшы малітвы Твайго выбранага сына, святога Сымона Стока. Дапамажы нам з вераю і пабожнасцю насіць шкаплер. Няхай ён будзе для нас знакам таго, што мы хочам узрастаць у святасці (назваць сваю просьбу).

 Трэці дзень

О Каралева раю, Ты дала нам шкаплер як знешні знак, дзякуючы якому можна пазнаць, што мы — Твае верныя дзеці. Будзем жа заўсёды з пашанаю насіць шкаплер, пазбягаючы граху і наследуючы Твае цноты. Дапамажы нам быць вернымі гэтаму жаданню (назваць сваю просьбу).

 Чацвёрты дзень

О Ласкавая Панна, даючы нам шкаплер як наш габіт, Ты паклікала нас быць не толькі слугамі, але таксама і Тваімі ўласнымі дзецьмі. Просім Цябе, выпрасі для нас у Твайго Боскага Сына ласку жыць як Твае дзеці ў радасці, супакоі і любові (назваць сваю просьбу).

 Пяты дзень

О Маці сапраўднай Любові, праз Тваю дабрыню як Твае дзеці мы пакліканыя жыць у духу Кармэлю. Дапамажы нам таксама жыць у міласэрнасці з нашымі братамі і сёстрамі, быць пабожнымі, як Ілля, і, дбаючы пра наша пакліканне, служыць як народ Божы (назваць сваю просьбу).

 Шосты дзень

О Наймілейшая Маці, з любоўю і прадбачліваю апекаю Ты захінула нас сваім шкаплерам, як шчытом, каб абараніць ад сатаны. З Тваёю дапамогаю мы будзем адважна змагацца з сіламі зла, заўсёды будзем адкрытыя на Твайго Сына Езуса Хрыста (назваць сваю просьбу).

 Сёмы дзень

О Найсвяцейшая Марыя, Успамога хрысціянаў, Ты запэўніла нас у тым, што, годна носячы Твой шкаплер, мы будзем захаваныя ад няшчасцяў. Ахоўвай нашыя душы і целы, аказвай нам нястомную дапамогу. Няхай усё, што мы робім, будзе прыемнае Табе і Твайму Боскаму Сыну (назваць сваю просьбу).

 Восьмы дзень

О Маці Міласэрнасці, Ты даеш нам надзею і праз свой шкаплер абяцаеш, што мы зможам хутка прайсці праз агонь чыстцовы ў Валадарства Твайго Божага Сына. Будзь нашым суцяшэннем і нашай надзеяй. Учыні, каб нашыя надзеі не былі дарэмнымі, каб мы заўсёды былі верныя Твайму Боскаму Сыну і Табе, і хутка пасля смерці маглі радавацца благаслаўлёнай еднасці з Панам Езусам і святымі (назваць сваю просьбу).

 Дзевяты дзень

О Найсвяцейшая Маці з гары Кармэль, калі мы прасілі праз святога ўдзяліць нам прывілеі для сям’і Кармэлю, Ты дала абяцанне Тваёй Мацярынскай любові і дапамогі тым, хто будзе верны Табе і Твайму Боскаму Сыну. Глянь на нас, Тваіх дзяцей, якія знаходзяцца пад абаронаю, носячы Твой святы габіт, які робіць нас удзельнікамі Тваёй сям’і Кармэлю, дзякуючы якой мы маем Тваю магутную ахову ў жыцці, у момант канання і нават пасля смерці. О Брама раю, глянь з любоўю на зямлю і на ўсіх тых, хто знаходзіцца цяпер у сваёй перадсмяротнай агоніі! О Панна, Кветка Кармэлю, глянь ласкава на зямлю і на ўсіх тых, каму патрэбна дапамога! О Маці нашага Збаўцы, глянь міласэрна на зямлю і на ўсіх тых, хто не ведае, што ён залічаны ў кола Тваіх дзяцей. О Каралева ўсіх Святых, глянь на бедныя душы! (Назваць сваю просьбу.)

 Малiтва да Маці Божай Шкаплернай

О Панна, хвалы годная, Маці і Каралева святога шкаплера! Праз гэты святы знак Ты праяўляеш сваю любоў да дзяцей, якія носяць яго. Ты абяцала нам апеку і дапамогу ў жыццёвых небяспеках, сваю мацярынскую прысутнасць у хвіліну смерці, а таксама хуткае вызваленне з чыстца. Дапамажы мне жыць так, каб святы шкаплер, які я нашу, стаў для мяне знакам збаўлення, аховаю ад грахоў і заахвочваннем да пабожнага жыцця на зямлі. Амэн.


 

Хостинг от uCoz