Куцця: традыцыі «народнага хрысціянства» (частка І)

 

Здаўна на праявы рознага кшталту «народнага хрысціянства» і Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква глядзяць калі не прыхільна, дык паблажліва, дазваляючы і нават прапануючы карыстацца такой сімволікай абрадаў, якія даюць паспалітаму люду, асабліва дзецям, адчуць радаснае суперажыванне з героямі знакавых падзеяў святой гісторыі. Таму і засталіся ва ўжытку традыцыйныя стравы яшчэ з часоў язычніцтва, напоўненыя новым, хрысціянскім, сэнсам. Сапраўды, пра велікоднае яйка і калядную куццю няма згадак у Евангеллі, але хіба дзясяткі пакаленняў людзей, звычайных і славутых, што іх гатавалі і елі, спрэс трапілі ў пекла?

Куцця — гэта каша з крупаў, у большасцi выпадкаў ячных (панцаку), якую раней гатавалі для жалобнага стала па нябожчыку — на індывідуальныя памiнкi, а таксама на Дзяды, Радаўнiцу i iншыя памiнальныя днi, і спажывалi астуджанай з сытой (вадой з мёдам) або алеем. Памінальная куцця, якую варылi з цэлых зярнятаў, была сiмвалам вечнасцi жыцця. Але найбольш вядомай была менавіта куцця — абрадавая страва на Каляды; каша з цэлых або тоўчаных ячных крупаў, прыпраўленая мёдам (ці сытой — мёдам, разведзеным у вадзе) і макам (макавым «малаком»). У iншых выпадках, звычайна ў больш заможных сем’ях, куццю варылi з пшанiцы або нават і рысу, дадавалi арэхi, разынкi і іншыя слодычы.


У народнай этымалогіі куцця выводзілася ад «кута» бо, маўляў, стаяла на пачэсным месце ў куце, як гэта апісана ў «Новай Зямлі»:

        Куцці гаршчок ужо ў калена
          Стаяў на лаве, чакаў сена,
          І вось цяпер гаршчок з куццёю,
          Як цар даўнейшаю парою,
          Ў пачэсны кут, на свой прастол,
          Стаўляўся з гонарам за стол
          На гэта сена пад багамі,
          Ўладар над хлебам і блінамі,
          Бо ён у гэты дзень — персона!
          Яго вянчаў абрус-карона.

Сялянскаму светапогляду сувязь куцці з кутам павінна была здавацца неабвержнай. Але насамрэч гэтае слова грэцкага паходжання. Слова «кукія» (ад дзеяслова «κυκάν», які азначае «загушчаць нешта, бесперапынна памешваючы») азначае страву, вядомую грэкам ці не з часоў Гамера, нешта сярэдняе паміж кашай і ўзварам. Магчыма, падобная страва, славянская назва якой не захавалася, існавала ў старажытных славянаў і незалежна ад грэкаў. Лічыцца, што супольная спажыванне стравы са збожжа, мёду і маку сімвалізавала дабрабыт, добрую волю і прымірэнне паміж членамі племені, нешта накшталт «трубкі міру» ў індзейцаў. Аднак назва куцці, разам з семантычным атаясамленнем з вячэрай напярэдадні Божага Нараджэння, несумненна, прыйшла да ўсходніх славянаў разам з хрышчэннем Русі.

За дзевяцьсот гадоў куцця настолькі трывала ўвайшла ў народны побыт беларусаў і украінцаў, што пераадолела і міжканфесійныя бар’еры: для католікаў грэка-праваслаўная куцця стала абавязковым элементам Вігіліі Божага Нараджэння і іншых святаў каляднага цыкла. Ад беларусаў-літвінаў яе пазычылі літоўцы (суцэльна) і палякі (часткова), хаця агульнапольскай куцця так і не стала, успрымаючыся як тыпова «крэсовая» з’ява. Што ж, куцця, з яе міжканфесійным сімвалічным значэннем, з выразным сведчаннем колішняга нашага культурнага ўплыву на суседнія народы, магла б быць вельмі пачэсным агульнабеларускім звычаем, як заклікаў Купала ў сваёй паэме «На Куццю», але ў суседзяў, якія нібыта і пазычылі яе ад нас, яна сёння яшчэ сустракаецца, а ў нас зусім заняпала. У літоўскай мове вігілійная вячэра, ды і сам дзень 24 снежня, так і называецца «Kūčios», як было калісь і ў Беларусі, адкуль гэтае грэцкае слова прыйшло да літоўцаў — куцця: страва, вячэра, свята, дзень календара. Але сёння ўся гэтая семантыка амаль зусім страчаная беларусамі. У палякаў пярэдадзень Божага Нараджэння называюць «vigilia», ад лацінскага «vigiliare» — «чуваць, не спаць, пільнаваць», у рускіх — «Сочельник».


Куцця на Вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня, у апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта, называлася поснай, галоднай або Вялікай куццёй. Трэба было галодным цэлы дзень чакаць гэтай вячэры, каб больш выразна адчуць радасць ад нараджэння Збаўцы. У адрозненне ад велікодных святаў, якія святкаваліся максімальна публічна, Вігілія мела падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста, прымусіўшы Марыю нарадзіць Яго ў стайні. На вячэру збіраліся пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні


Перад пачаткам вячэры гаспадар дому павінен падзяліцца з сям’ёй асвечанай у касцёле аплаткай — сімвалам Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету. Бацька або хтосьці самы старэйшы ў сям’і пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адно да аднаго, ламаюць іх між сабой і абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. На Вігілію плялі саламяных «павукоў», якіх падвешвалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі («каляду»). Зрэшты, і праваслаўныя звычаі былі досыць падобнымі.

У залежнасці ад дабрабыту сям’і, на Вігілію падавалі звычайна ад 7 да 12 посных страваў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. Асноўнымі кампанентамі вігілійных страваў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушоных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г. д.), грыбная поліўка або грыбны квас, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушоная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі і інш. У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты («цукры»), арэхі, віно, з 1830-х гг. — гарбата.


У канцы XIX ст., калі дабрабыт селяніна пасля двух-трох дзесяцігоддзяў цяжкай паслярэформавай працы адчувальна вырас, куццёй-панцаком пачалі крыху гідзіцца. (У шляхты гэта адбылося яшчэ ў першай палове XIX ст.) На стале яна яшчэ стаяла, старыя заклікалі аддаць належную пашану старому звычаю, але маладое пакаленне, асабліва дзеці, ледзь-ледзь «дзяўблі» пару лыжак, бо на стале ж хапала куды смачнейшых страваў! І паступова роля галоўнай каляднай рытуальнай стравы пачала пераходзіць да ламанцоў або сліжыкаў — невялічкага печыва, часам з прэснага, часам з кіслага цеста, якое таксама елі з макавым малаком і мёдам. Адна з літоўскіх назваў гэтага печыва — «кучукай», нешта накшталт «маленечкія куццейкі», што яскрава паказвае на ролю, якая ім адводзіцца ў святочным меню. Гэтыя «кучукай» або інакш «сліжыкай» у сучасных літоўскіх крамах прадаюцца масава, з’яўляючыся недзе за тыдзень за Божага Нараджэння і імгненна знікаючы пасля свята, каб вярнуцца толькі праз год.


Адна з беларускіх назваў гэтага печыва — ламанцы. Іх робяць з прэснага цеста і не столькі пякуць, колькі проста падсушваюць у печы, а потым ламаюць (адсюль назва) ўздоўж ліній, папярэдне праведзеных на пласце цеста нажом. Ізноў сведчыць Коласава «Новая Зямля»:

А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.


Прэсныя і цвёрдыя ламанцы, якім смак дадаваў толькі мак і мёд, відаць, былі пачатковай формай стравы і нагадвалі аплаткі. Але адвечнае імкненне да раскошы і камфорту, якое пранікала і ў сялянскае асяроддзе, прымушала і ім шукаць замену, таму і іх пачалі выцясняць сліжыкі, салодкае печыва з рошчыннага цеста, у якое мак часам дадавалі пры замешванні. Калі-некалі недапечаныя сліжыкі коратка, каля 5 хвілін, адварвалі ў салёнай вадзе як галушкі і падавалі палітымі ўсё тымі ж мёдам і макавым малаком. Аднак памятаем, што і прэсныя ламанцы і салодкія сліжыкі — варыяцыі на тэму куцці.

Другая куцця адзначалася на св. Сільвестра/св. Васіля, у «Шчодры вечар», напярэдадні Новага года,  31 снежня (13 студзеня), і называлася шчодрай, тоўстай, багатай, ласай. У гэты вечар падавалі куццю з маслам або скваркамi, а таксама мяса — смажанае, варанае і печанае, кілбасы, вяндліну. Сама ж куцця таксама падавалася на стол з маслам або мясам.


Калі перад Божым Нараджэннем і Хрышчэннем куцця была поснай, то перад Новым годам — яна так і называлася «куцця з каўбасой», як тлумачыць П. Шэйн: «бо ў гэтую куццю абавязкова вешаюць на пакуцці на калочку каўбасу, накрытую чыстым ручніком і вараную ў куцці панцаковай».


Трэцяя куцця, ізноў посная, з цягам часу атрымала назву Вадзяная, бо прыпадае якраз на пярэдадзень Вадохрышча (у католікаў — свята Трох Каралёў). Традыцыйна ўсе тры куцці варыліся ў адным і тым жа гаршчку, з адной і той жа колькасцю збожжа.


Куцця. Марозна. Хмурнавата.
Сняжок падкідвае заўзята;
Снег на Куццю — грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сцежкі чорны — ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу

                                                                                                                                                          http://www.catholic.by/

 

 

 

 

 

 

Хостинг от uCoz