РАЗДЗЕЛ VI

 

РАЗВІЦЦЁ НАРОДАЎ І ТЭХНІКА

 

68. Тэма развіцця народаў цесна звязана з тэмаю развіцця кожнага асобнага чалавека. Чалавечая асоба па сваёй натуры дынамічна накіравана на ўласнае развіццё. Не маецца на ўвазе развіццё, гарантаванае прыроднымі механізмамі, бо кожны з нас ведае, што можа рабіць свабодны і адказны выбар. Тым больш не маецца на ўвазе развіццё, залежнае ад нашага капрызу, бо мы ўсе ведаем, што з’яўляемся дарам, a не вынікам стварэння саміх сябе. Нашая свабода першапачаткова характарызуецца нашым існаваннем і яго абмежаваннямі. Ніхто не фарміруе адвольна свайго сумлення, але ўсе будуюць уласнае я на падставе канкрэтнага сябе, якое было нам дадзена. Не толькі іншыя асобы не з’яўляюцца ў распараджэнні кагосьці, але таксама мы не з’яўляемся такімі самі для сябе. Развіццё асобы дэградуе, калі яна імкнецца быць адзіным творцам самой сябе. Аналагічна развіццё народаў падлягае дэградацыі, калі чалавецтва лічыць, што можа стварыцца нанова, карыстаючыся «цудамі» тэхнікі. Таксама і эканамічнае развіццё аказваецца фіктыўным і шкодным, калі давяраецца «цудам» фінансаў, каб падтрымліваць ненатуральны і спажывецкі рост. Перад абліччам гэтага праметэевага дамагання мы павінны ўмацаваць любоў да свабоды не арбітральнай, але сапраўды чалавечай, дзякуючы прызнанню дабра, якое ёй папярэднічае. Для гэтага трэба, каб чалавек увайшоў у самога сябе, каб прызнаў фундаментальныя нормы натуральнага маральнага закону, запісаныя Богам у яго сэрцы.

69. Праблема развіцця сёння цесна звязана з тэхналагічным прагрэсам, з яго цудоўнымі прымяненнямі ў біялогіі. Тэхніка – варта гэта падкрэсліць – з’яўляецца глыбока чалавечым фактам, звязаным з аўтаноміяй i свабодай чалавека. У тэхніцы выражаецца i пацвярджаецца панаванне духу над матэрыяй. Дух, «вызвалены „у большай ступені ад зняволення рэчамі, можа хутчэй узняцца для праслаўлення і сузірання самога Стварыцеля”»150 . Тэхніка дазваляе панаваць над матэрыяй, змяншае пагрозы, зберагае сілы, паляпшае ўмовы жыцця. Яна адказвае на тую самую мэтазгоднасць чалавечай працы: у тэхніцы, зразуметай як справа ўласнага генія, чалавек прызнае самога сябе i рэалізуе сваю чалавечнасць. Тэхніка з’яўляецца аб’ектыўным аспектам чалавечага дзеяння151 , крыніца якога i рацыя існавання змяшчаецца ў суб’ектыўным элеменце: у чалавеку, які дзейнічае. Таму тэхніка ніколі не з’яўлецца толькі тэхнікай. Яна паказвае чалавека i яго імкненні да развіцця, выражае схільнасць чалавека да паступовага пераадолення пэўных матэрыяльных абумоўленасцяў. Таму тэхніка ўпісваецца ў наказ апрацоўкі i дагляду зямлі (пар. Быц 2, 15), якую Бог даручыў чалавеку. Таму тэхніку трэба так накіраваць, каб яна ўмацоўвала гэты запавет паміж чалавекам i асяроддзем, які павінен адлюстроўваць стваральную любоў Бога.

 

70. Тэхналагічнае развіццё можа нарадзіць ідэю самадастатковасці тэхнікі, калі чалавек, ставячы перад сабою толькі пытанне як, не задумваецца над многімі навошта, якія схіляюць яго да дзеяння. З гэтай прычыны тэхніка набывае двузначнае аблічча. Народжаная з чалавечай творчасці як прылада свабоды чалавека, яна можа быць зразумета як элемент абсалютнай свабоды, той свабоды, якая хоча пазбавіцца абмежаванняў, якія рэчы маюць у сабе. Працэс глабалізацыі мог бы замяніць ідэалогію тэхнікай152 , якая сама стала б ідэалагічнай уладай, што прывяла б чалавецтва да нябяспечнай замкнёнасці ўнутры нейкага a priori, з якога не магла б выйсці, каб сустрэць існаванне i праўду. У такім выпадку мы ўсе пазнавалі б, ацэньвалі б i вырашалі б наконт сітуацый нашага жыцця ў межах тэхнакартычнага культурнага гарызонту, да якога мы структурна належалі б, і ніколі не змаглі б адшукаць сэнс, які не быў бы намі створаны. Сёння, у выніку гэтага бачання, тэхнічны менталітэт становіцца настолькі моцным, што вядзе да атаясамлівання праўды з рэччу, магчымай для рэалізацыі. Але, калі адзіным крытэрыем праўды з’яўляецца плённасць i карыснасць, развіццё аўтаматычна аспрэчваецца. Бо сапраўднае развіццё не заключаецца ў першую чаргу ў выкананні чагосьці. Ключом для развіцця з’яўляецца розум, здольны думаць пра тэхніку і разумець у поўні чалавечы сэнс дзеяння чалавека, а ў перспектыве, сэнс асобы ў цэласнасці яе быцця. Нават, калі яна дзейнічае праз сатэлітную антэну ці праз электронны імпульс на адлегласці, яе дзеянне застаецца заўсёды чалавечым, выразам адказнай свабоды. Тэхніка моцна прыцягвае чалавека, бо вызваляе яго ад фізічных абмежаванняў i пашырае яго гарызонты. Але чалавечая свабода застаецца сабой толькі тады, калі на захапленне тэхнікай адказвае рашэннямі, якія з’яўляюцца вынікам маральнай адказнасці. Таму вельмі неабходна фармацыя да этычнай адказнасці ў карыстанні тэхнікай. Зыходзячы з захаплення чалавека тэхнікай, трэба адшукаць сапраўдны сэнс свабоды, якая заключаецца не ў задавальненні абсалютнай аўтаноміяй, але ў адказе на заклік існавання, пачынаючы ад існавання, якім самі з’яўляемся.

 

71. Гэты магчымы адыход тэхнічнага менталітэту ад яго першаснай гуманістычнай дарогі сёння бачны ў з’явах тэхнізацыі як развіцця, так і спакою. Часта развіццё народаў лічыцца праблемай фінансавай інжынерыі, адкрыцця рынкаў, скасавання мытных збораў, вытворчых інвестыцый, інстытуцыйных рэформ, адным словам толькі тэхнічнай праблемай. Усе гэтыя сферы вельмі важныя, але павінны задаць пытанне, чаму выбары тэхнічнага тыпу да гэтага часу функцыянавалі толькі ўяўна. Праўду трэба шукаць у глыбіні. Развіцця ніколі не запэўняць цалкам сілы ў нейкай ступені аўтаматычныя i безасабовыя, а таксама сілы рынку ці міжнароднай палітыкі. Развіццё немагчыма без сумленных людзей, без спецыялістаў у эканоміцы, а таксама палітыкаў, якія ў сваім сумленні глыбока перажываюць заклік да агульнага дабра. Патрэбна як прафесійная падрыхтоўка, так i маральная еднасць. Калі пераважае абсалютызацыя тэхнікі, атрымліваецца блытаніна паміж сродкамі i мэтамі; прадпрымальнік будзе лічыць адзіным крытэрыем дзейнасці найбольшы прыбытак ад прадукцыі; палітыкі – умацаванне ўлады; a навуковец – вынік сваіх адкрыццяў. Здараецца, што часта побач з сеткай эканамічных, фінансавых і палітычных адносінаў існуюць непаразуменні, клопаты i несправядлівасць; памнажаецца абарот тэхнічнай інфармацыі, але толькі на карысць іх уладальнікаў, а рэальная сітуацыя народаў, якія жывуць пад уплывам i амаль заўсёды ў няведанні гэтых працэсаў, застаецца нязменнай, без рэальных магчымасцяў атрымаць незалежнасць.

 

72. Спакою таксама часам пагражае ўспрыняцце яго як тэхнічнага прадукту, толькі як плёну дамоўленасці паміж урадамі або як плёну ініцыятыў, якія маюць на ўвазе гарантаванне эфектыўнай эканамічнай дапамогі. Канешне, будаванне спакою патрабуе пастаяннага ўтрымлівання дыпламатычных кантактаў, эканамічнага і тэхналагічнага абмену, культурных спатканняў, узгаднення супольных праектаў, а таксама прыняцця сумесных абавязацельстваў для прадухілення пагроз тыпу ваенных канфліктаў i выкаранення частых тэрарыстычных нападаў. Аднак для таго, каб гэтыя намаганні прынеслі трывалы плён, неабходна, каб яны абапіраліся на каштоўнасці, што грунтуюцца на праўдзе жыцця. Гэта азначае, што трэба ўслухоўвацца ў голас i сачыць за сітуацыяй зацікаўленых народаў, каб адпаведна інтэрпрэтаваць іх чаканні. Інакш кажучы, трэба, каб надалей многія асобы, якія ўдзельнічаюць у прамоцыі сустрэчы паміж народамі i ў спрыянні развіццю, рабілі гэты высілак, беручы за пункт адліку ўзаемную любоў i зразуменне. Сярод гэтых асобаў ёсць таксама хрысціяне, якія ўдзельнічаюць у вялікім заданні – надаць развіццю i спакою ў поўні чалавечы сэнс.

 

73. З тэхналагічным развіццём звязаны ўзрастаючы ўплыў сродкаў масавай камунікацыі. Ужо нельга ўявіць без іх жыццё чалавечай сям’і. Служачы дабру і злу, яны так упісаны ў жыццё свету, што здаецца недарэчнай пазіцыя тых, хто лічыць іх нейтральнымі, і ў выніку патрабуе іх аўтаноміі адносна іх маральнасці, што датычыць асобаў. Часта падобныя перспектывы, якія выдатна падкрэсліваюць тэхнічную прыроду медыяў, фактычна спрыяюць іх падпарадкаванню эканамічнай калькуляцыі, намерам панавання на рынках, а таксама – не ў апошнюю чаргу – жаданню навязаць культурныя мадэлі, якія адпавядаюць планам ідэалагічнай і палітычнай улады. Улічваючы іх асноўную ролю ў вызначэнні змен у спосабе разумення i пазнавання рэчаіснасці, а таксама самой чалавечай асобы, неабходным становіцца ўважлівае разважанне над іх уплывам, асабліва ў дачыненні да этычна-культурнага характару глабалізацыі i салідарнага развіцця народаў. Падобна да таго, што чакаецца ад правільнага кіравання глабалізацыяй i развіццём, трэба шукаць сэнс i мэтазгоднасць медыяў у антрапалагічных фундаментах. Гэта азначае, што яны могуць стаць нагодай для гуманізацыі не толькі тады, калі дзякуючы тэхналагічнаму развіццю ствараюць большыя магчымасці камунікацыі i інфармацыі, але перадусім тады, калі створаны i скіраваны на раз’ясненне вобразу асобы i агульнага дабра, якое адлюстроўвае яе універсальную каштоўнасць. Сродкі масавай камунікацыі не спрыяюць свабодзе і не глабалізуюць развіцця і дэмакратыі для ўсіх толькі таму, што памнажаюць магчымасці ўзаемнай еднасці i абароту ідэі. Каб дасягнуць такіх мэт, яны павінны сканцэнтравацца на распаўсюджванні годнасці асобаў i народаў, павінны быць выразна кіраваныя любоўю i служыць праўдзе, дабру, а таксама прыроднаму і звышпрыроднаму братэрству. Сапраўды, свабода чалавецтва ўнутрана звязана з гэтымі вышэйшымі каштоўнасцямі. Медыі могуць быць важнай дапамогай у паглыбленні еднасці чалавечай сям’і, а таксама etosu грамадстваў, калі становяцца прыладамі прамоцыі паўсюднага ўдзелу ў сумесным пошуку таго, што з’яўляецца справядлівым.

 

74. Першым i ключавым полем культурнай барацьбы паміж абсалютызацыяй тэхнікі і маральнай адказнасцю чалавека з’яўляецца сёння біяэтыка, у межах якой разглядаецца пытанне інтэгральнага чалавечага развіцця. Маецца на ўвазе далікатная i важная сфера, у якой з драматычнай моцаю гучыць фундаментальнае пытанне: ці чалавек з’яўляецца прадуктам самога сябе, ці таксама ён залежыць ад Бога. Навуковыя адкрыцці ў гэтай сферы, а таксама магчымасць тэхнічнай інтэрвенцыі здаюцца настолькі развітымі, што схіляюць да выбару паміж дзвюма катэгорыямі рацыянальнасці: розуму, адкрытага на трансцэндэнтнасць, або рацыянальнасці розуму, замкнутага ў іманэнцыі. Стаім перад вырашальным або-або. Аднак рацыянальнасць тэхнічнага дзеяння, сканцэнтраванага на сабе, аказваецца ірацыянальнай, бо вядзе да адмаўлення сэнсу i каштоўнасці. Не выпадкова замкнёнасць на трансцэндэнтнасць сустракаецца з цяжкасцю мыслення: як з нічога паўстала быццё і як нарадзіўся розум153 . Перад гэтымі драматычнымі праблемамі розум i вера ўзаемна сябе падтрымліваюць. Толькі разам яны вызваляць чалавека. Заахвочаны выключна тэхнічным дзеяннем, розум без веры асуджаны блукаць у ілюзіі ўласнай усемагутнасці. А веры без розуму пагражае адчужанасць ад канкрэтнага жыцця асобаў154 .

 

75. Ужо Павел VI прызнаў i ўказаў сусветны маштаб сацыяльнага пытання155 . Сёння, ідучы ўслед за ім гэтым шляхам, трэба сцвердзіць, што сацыяльнае пытанне радыкальна стала антрапалагічным у тым сэнсе, што прадугледжвае не толькі спосаб зачацця, але таксама маніпуляцыю жыццём, якое біятэхналогія штораз больш аддае ў рукі чалавека. Апладненне in vitro, даследаванні на эмбрыёнах, магчымасць кланіравання i гібрыдызацыі чалавечай істоты нараджаюць і пашыраюць поўную адсутнасць захаплення жыццём у сённяшняй культуры, якая верыць, што адкрыла ўсялякія таямніцы, бо дасягнула ўжо каранёў жыцця. У гэтым найбольш выяўляецца абсалютызацыя тэхнікі. У такога тыпу культуры сумленне заклікаецца толькі да знаёмства з выключна тэхнічнай магчымасцю. Аднак нельга мінімалізаваць трывожных сцэнарыяў будучыні чалавека, а таксама новых магутных прыладаў, якія выкарыстоўвае «культура смерці». Да трагічнага бедства абортаў, якое пашыраецца, можна яшчэ дадаць у будучыні – але гэта ўжо ёсць схавана in nuce – сістэматычнае эўгенічнае планаванне нараджальнасці. З іншага боку забірае голас mens eutanasica, што з’яўляецца праяўленнем не меншага злоўжывання ў пытанні панавання над жыццём, якое ў пэўных умовах прызнаецца нявартым працягвання. За ўсім гэтым хаваюцца культурныя паставы, якія адмаўляюць чалавечую годнасць. Са свайго боку гэтыя практыкі ўмацоўваюць матэрыялістычную i механічную канцэпцыю чалавечага жыцця. Хто зможа змерыць негатыўныя вынікі гэтага менталітэту для развіцця? Як жа можна здзіўляцца абыякавасці адносна сітуацый чалавечай дэградацыі, калі абыякавасцю адзначаецца нават нашая пастава адносна таго, што з’яўляецца чалавечым і што не? Здзіўляе арбітральная селектыўнасць адносна таго, што сёння прапануецца як годнае павагі.  Многія, гатовыя горшыцца другаснымі рэчамі, талеруюць нечуваную несправядлівасць. У той час, калі бедныя яшчэ стукаюць у дзверы багатых, багаты свет ужо не чуе гэтага стуку з прычыны сумлення, няздольнага распазнаць тое, што з’яўляецца чалавечым. Бог адкрывае чалавека чалавеку; розум і вера супрацоўнічаюць у паказванні яму дабра, каб толькі ён захацеў яго заўважыць; натуральны закон, у якім яснее бляск стваральнага Розуму, указвае на веліч чалавека, але таксама на яго галечу, калі ён не заўважае закліку маральнай праўды.

 

76. Адзін з аспектаў сучаснага тэхнізаванага духу знаходзім у схільнасці разглядаць праблемы i напружанні, звязаныя з духоўным жыццём, толькі з псіхалагічнага пункту гледжання, аж да неўралагічнага рэдукцыянізму. Такім чынам духоўнасць чалавека пазбаўляецца значэння i паступова губляецца ўсведамленне анталагічнай лучнасці чалавечай душы з яе глыбінямі, якіх змаглі дасягнуць святыя. Праблема развіцця цесна звязана таксама з нашым разуменнем чалавечай душы, бо нашае «я» часта зводзіцца да псіхікі, a здароўе душы блытаецца з добрым эмацыянальным самаадчуваннем. У падстаў гэтых рэдукцый ляжыць глыбокае незразуменне духоўнага жыцця, a вядуць яны да ігнаравання таго, што развіццё чалавека i народаў залежыць таксама ад вырашэння праблем духоўнага характару. Акрамя матэрыяльнага росту развіццё павінна таксама ахопліваць духоўны рост, бо чалавек, «адзіны целам і душой»156 , народжаны стваральнай любоўю Бога i прызначаны для вечнага жыцця. Чалавек развіваецца, калі духоўна ўзрастае; калі яго душа ведае сябе, а таксама праўду, зародак якой Бог змясціў у ім; калі вядзе дыялог з самім сабою і са сваім Стварыцелем. Застаючыся здалёк ад Бога, чалавек неспакойны і хворы. Сацыяльная і псіхалагічная адчужанасць, а таксама шматлікія неўрозы, якімі адзначаецца багатае грамадства, маюць таксама прычыны духоўнай прыроды. Грамадства дабрабыту, матэрыяльна развітае, але прыгнятаючае душу, само па сабе не скіравана на праўдзівае развіццё. Новыя формы наркатычнай залежнасці i роспач, у якую трапляе столькі асобаў, знаходзяць не толькі сацыялагічнае i псіхалагічнае тлумачэнне, але галоўным чынам духоўнае. Пустата, у якой душа адчувае сябе пакінутай, нягледзячы на многія тэрапіі для цела і псіхікі, прыносіць пакуты. Няма поўнага развіцця i паўсюднага агульнага дабра без духоўнага i маральнага дабра асобаў, зразуметых у іх поўні душы i цела.

 

77. Абсалютызацыя тэхнікі імкнецца да стварэння няздольнасці заўважаць тое, чаго нельга растлумачыць звычайнай матэрыяй. Аднак усе людзі адчуваюць вельмі шмат нематэрыяльных і духоўных аспектаў свайго жыцця. Пазнанне не з’яўляецца толькі матэрыяльным актам, бо тое, што пазнаецца, хавае заўсёды штосьці, што выходзіць па-за эмпірычныя дадзеныя. Кожнае нашае пазнанне, нават самае простае, заўсёды з’яўляецца малым цудам, бо нельга яго растлумачыць цалкам пры дапамозе матэрыяльных прыладаў, якімі мы карыстаемся. У кожнай праўдзе ёсць штосьці большае за тое, чаго мы маглі б чакаць; у спазнанай любові заўсёды ёсць штосьці, што нас здзіўляе. Мы ніколі не павінны спыняцца ў захапленні гэтымі цудамі. У кожным пазнанні i ў кожным акце любові душа чалавека адчувае штосьці «большае», што вельмі падобна да атрыманага дару, да вышыняў, да якіх мы адчуваем сябе ўзнятымі. Таксама развіццё чалавека i народаў дасягае гэтых вышыняў, калі ўлічваецца духоўны характар, якім абавязкова павінна адзначацца праўдзівае развіццё. Бо яно патрабуе новых вачэй i новага сэрца, здольных узняцца па-над матэрыялістычным бачаннем чалавечых падзей i заўважыць у развіцці штосьці «па-над», чаго тэхніка не можа даць. На гэтым шляху можна атрымаць чалавечае развіццё, якое мае свой арыентацыйны крытэрый у вядучай моцы любові ў праўдзе.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Хостинг от uCoz