Святы ружанец


Пра святы ружанец

У старажытнасці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысціяне ўшаноўвалі Хрыста, Маці Божую і святых, складаючы ружавыя вянкі на іхніх алтарах.

Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш..., адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканцаў Алана Рупскага і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная

ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.

Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў Папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім Святы Айцец запрасіў нанова адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, звязанымі з публічнаю дзейнасцю Хрыста.

Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш..., якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя..., якою віталі Марыю Божы пасланец Арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля.

Ружанцам завецца таксама нізка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва.


Як маліцца на ружанцы

Звычайна Ружанец пачынаецца ўступнымі малітвамі, якія гаворацца на крыжыку і пяці першых пацерках. Перажагнаўшыся крыжыкам і кажучы У імя Айца..., гавораць, трымаючы крыжык, Веру ў Бога Айца..., затым на першай пацерцы – Ойча наш..., на трох наступных – тры Вітай, Марыя... і на пятай – Хвала Айцу....

Ружанец складаецца з чатырох частак, у кожную з якіх уваходзяць пяць таямніцаў. У кожнай таямніцы на першай асобнай пацерцы гаворыцца Ойча наш..., на дзесяці змацаваных разам пацерках – дзесяць Вітай, Марыя..., і на наступнай, асобнай пацерцы – Хвала Айцу і Сыну..., «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!» На гэтай жа пацерцы гаворыцца і малітва, якую прасіла дадаваць пасля кожнае дзесяткі Маці Божая падчас свайго аб’яўлення ў Фаціме: «О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць». На гэтай жа пацерцы гаворыцца таксама і Ойча наш... наступнай таямніцы.

Пацеркі, якімі мы карыстаемся, маюць пяць дзесяткаў, падзеленых між сабою пяццю асобнымі пацеркамі. Таму, перабраўшы іх адзін раз, мы можам памаліцца толькі адну частку Ружанца. Каб згаварыць яго цалкам, неабходна перабраць пацеркі чатыры разы.

На пачатку кожнай таямніцы звычайна прыгадваем яе сэнс і разважаем аб жыцці Езуса і Марыі. Разважанне – найважнейшы момант Ружанца. Без яго Ружанец падобны да цела без душы. Адгаворваючы Ружанец без разважанняў, мы часта ператвараем яго ў паўтарэнне слоў. Ёсць розныя спосабы разважання таямніцаў Ружанца. Напачатку можна разважаць, дапамагаючы сабе тэкстамі, пададзенымі ніжэй. Пазней, глыбей асягнуўшы Ружанец, можна абапірацца на ўласныя рэфлексіі.

Гэты вянок малітваў і разважанняў называюць яшчэ «малым Евангеллем», «лесвіцаю ў неба».

1 «Веру ў Бога...» 1 раз
2 «Ойча наш...» 1 раз
3 «Вітай, Марыя...» 3 разы
4 «Хвала Айцу...» 1 раз
4 Назваць таямніцу Ружанца
4 «Ойча наш...» 1 раз
5 «Вітай, Марыя...» 10 разоў
6 «Хвала Айцу...» 1 раз
6 Назваць наступную таямніцу Ружанца
6 «Ойча наш...» 1 раз
7 «Вітай, Марыя...» 10 разоў

 

Таямніцы Святога ружанца

Радасныя таямніцы

Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста

Ахвяраванне Хрыста ў святыні

Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

Таямніцы святла

Хрост Пана Езуса ў Ярдане

Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане

Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання

Перамяненне Пана на гары Табор

Устанаўленне Эўхарыстыі

Балесныя таямніцы

Малітва Езуса Хрыста ў Садзе Аліўным

Бічаванне Езуса

Укаранаванне Езуса цернем

Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

Укрыжаванне і смерць Езуса на крыжы

Хвалебныя таямніцы

Змёртвыхпаўстанне Хрыста

Унебаўшэсце Хрыста

Спасланне Духа Святога

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

 

Радасныя таямніцы

(молімся ў панядзелак і суботу)

І. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
(пар. Лк 1, 26–38)

 

26.  У шосты ж месяц пасланы быў Анёл Габрыэль ад Бога ў места Галілейскае,  

      называнае Назарэт,

27.  да Панны, заручанай з мужам імем Юзаф, з дому Давідавага; імя ж Панны –  

      Марыя. 

28.  Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: вітай, поўная ласкі! Пан з Табою.

30.  І сказаў ёй Анёл: не бойся, Марыя; бо Ты знайшла ласку ў Бога.

31.  І вось зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына і дасі Яму імя: Езус.

38.  І сказала Марыя: вось я – Слуга Пана; няхай мне станецца паводле твайго

      слова.

ІІ. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
(пар. Лк 1, 39–47)

39.  Устаўшы ж, Марыя ў тыя дні хутка пайшла ў горную краіну, у места Юдзіна.

40.  І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету.

41.  ...напоўнілася Альжбета Духам Святым.

42.  І загаласіла моцным голасам і сказала: благаславёная Ты між жанчынамі і

      благаславёны плод улоння Твайго.

46.  І сказала Марыя: узвялічвае душа мая Пана;

47.  і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім.

ІІІ. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста

(пар. Лк 2, 6–11)

6.   Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй;

7.   і нарадзіла Сына свайго... , і палажыла Яго ў жолабе, бо не было ім месца ў

     гасподзе.

8.   У той мясціне былі на полі пастухі, што вартавалі ўначы ля статку свайго.

9.   І вось з’явіўся ім Анёл Пана, і слава Пана асвяціла іх; і ўбаяліся страхам вялікім.

10.  І сказаў ім Анёл: не бойцеся! бо вось абвяшчаю вам вялікую радасць, што

      будзе ўсім людзям:

11.  бо цяпер нарадзіўся вам у месце Давідавым Збаўца, які ёсць Хрыстус Пан.

ІV. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
(пар. Лк 2, 22– 35)

22.  А калі скончыліся дні ачышчэння іх па закону Майсееваму, прынеслі Яго ў

      Ерузалем, каб прадставіць перад Панам.

25.  І вось быў у Ерузалеме чалавек, іменем Сімяон.

28.  ...ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

30.  ...бачылі вочы мае збаўленне Тваё,

31.  якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў...

34.  ...і сказаў Марыі, Маці Яго: вось ляжыць Гэты на ўпадак і паўстанне многіх у  

      Ізраэлi і на знак, якому працівіцца будуць,

35.  і табе самой меч пранікне ў душу, – каб выявіліся памышленні многіх сэрцаў.

V. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
(пар. Лк 2, 43–49)

43.  ...застаўся хлопчык Езус у Ерузалеме; і не заўважылі таго Юзаф ды Маці Яго.

46.  Праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, дзе сядзеў сярод вучыцеляў, слухаючы іх і  

      пытаючыся ў іх.

48.  ...і Маці Яго сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? Вось бацька Твой і я з

      вялікаю тугою шукалі Цябе.

49.  Ён сказаў ім: нашто было вам шукаць Мяне? Ці ж вы не ведалі, што Мне трэба  

      быць у тым, што належыць Айцу Майму?

  

Таямніцы святла

(молімся ў чацвер)

І. Хрост Пана Езуса ў Ярдане
(пар. Мц 3, 16-17)

16.  Калі Езус ахрысціўся, адразу ж выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і  

      ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго.

17.  І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.

ІІ. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
(пар. Ян 2, 1. 3. 7-9. 11)

2.   У Кане Галілейскай было вяселле...

3.   І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: не маюць віна.

7.   Езус сказаў: напоўніце збаны вадою...

8.   І кажа ім: цяпер зачарпніце і занясіце кіраўніку вяселля...

9.   ...Кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном ...

11.  Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай.

ІІІ. Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання
(пар. Мк 1, 14-15; Лк 8, 1)

Мк 1

14.  Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле  

      Божае

15.  і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў  

      Евангелле.

Лк 8

1.  Пасля праходзіў Ён па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую  

    Навіну аб Валадарстве Божым.

ІV. Перамяненне Пана на гары Табор
(пар. Лк 9, 28-29. 35)

28.  Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзышоў на гару памаліцца.

29.  І калі Ён маліўся, выгляд твару Яго перамяніўся, і вопратка Ягоная стала  

      бліскуча-белай...

35.  А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны; Яго слухайце.

V. Устанаўленне Эўхарыстыі
(пар. Мц 26, 26-28)

26.  І, калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў і даваў вучням, кажучы:

      бярыце і ешце; гэта Цела Маё.

27.  Потым узяў келіх і, падзякаваўшы, даў ім, кажучы: піце з яго ўсе;

28.  бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля

      адпушчэння грахоў.

 

Балесныя таямніцы

(молімся ў аўторак і пятніцу)

І. Малітва Езуса Хрыста ў Садзе Аліўным
(пар. Лк 22, 41–45)

41.  Езус адышоў ад іх, як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся.

42.  Кажучы: Ойча, калі Твая воля, пранясі келіх гэты міма Мяне, аднак не Мая воля,  

      але Твая няхай станецца.

43.  З’явіўся ж Яму Анёл з неба, умацоўваючы Яго.

44.  Ён, будучы ў агоніі, яшчэ пільней маліўся, і быў пот Яго, як кроплі крыві,  

      сцякаючай на зямлю.

45.  І, калі падняўся ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў сваіх і знайшоў іх спячымі ад

      смутку...

ІІ. Бічаванне Езуса
(пар. Мц 27, 22–25, Ян 19,1)

Мц 27

22.  Пілат кажа ім: што ж зрабіць мне з Езусам, называным Хрыстом? Кажуць яму

      ўсе: няхай будзе распяты!...

24.  Пілат, бачачы, што нішто не памагае, а абурэнне павялічваецца, узяў вады і

      ўмыў рукі перад народам і сказаў: невінаваты я ў крыві Праведніка гэтага; вы

      глядзіце.

25.  Адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых!

Ян 19

1.   Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго.

ІІІ. Укаранаванне Езуса цернем
(пар. Мц 27, 27–30)

27.  Тады жаўнеры начальніка, узяўшы Езуса да прэторыі, сабралі на Яго цэлую

      роту.

28.  І, раздзеўшы Яго, апранулі Яму чырвоны плашч;

29.  і, сплёўшы вянок з цярніны, уздзелі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку

      трысціну; і, становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы:    

      радуйся, Цар Юдэйскі!

30.  І плявалі на Яго і, узяўшы трысціну, білі Яго па галаве.

ІV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
(пар. Мц 27, 31; Лк 23, 26–28)

Мц 27

31.  І, калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго чырвоны плашч, і адзелі Яго ў адзежы Ягоныя, і павялі Яго на ўкрыжаванне.

Лк 23

26.  І, як вялі Яго, то, узяўшы нейкага Сымона Кірынэйца, што ішоў з поля, усклалі

      на яго крыж, каб нёс за Езусам.

27.  І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім.

28.  Езус жа, звярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалемскія! Не плачце па Мне, але

      плачце па сабе і па дзецях вашых...

V. Укрыжаванне і смерць Езуса на крыжы
(пар. Ян 19, 17–27; Лк 23, 44–46)

Ян 19

17.  І, несучы крыж свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што па-жыдоўску

      называецца Галгофа,

18.  дзе і ўкрыжавалі Яго і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне Езуса.

25.  Стаялі ж ля крыжа Езусавага Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і

      Марыя Магдалена.

26.  Езус жа, угледзеўшы Маці і вучня, што стаяў побач і якога любіў, кажа Маці

      сваёй: Жанчына, вось сын Твой!

27.  Пасля кажа вучню: вось Маці твая!... І з таго часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.

Лк 23

44.  Было ж каля шостае гадзіны дня, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны

      дзевятае.

45.  І згасла сонца, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне.

46.  Езус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. І,

      сказаўшы гэтае, аддаў дух.

 

Хвалебныя таямніцы

(молімся ў сераду і нядзелю)

І. Змёртвыхпаўстанне Хрыста
(пар. Мц 28, 1–9)

1.   ...У час світання першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя

     паглядзець магілу.

2.   І вось страшна затрэслася зямля, бо Анёл Пана, зышоўшы з неба, прыступіўшы,

      адваліў камень ад дзвярэй магілы і сеў на ім.

3.   Выгляд яго быў, як бліскавіца, і вопратка яго белая, як снег.

4.   І ад страху прад ім задрыжэлі вартаўнікі і зрабіліся як нежывыя.

5.   Анёл жа, адказваючы жанчынам, сказаў: не бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце

     Езуса распятага.

6.   Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў.

9.   Калі ж яны ішлі апавясціць вучняў Яго, дык вось Езус спаткаў іх і сказаў:

     радуйцеся! І яны, прыступіўшыся, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму.

ІІ. Унебаўшэсце Хрыста
(пар. Лк 24, 46–51; Дз 1, 10–11)

Лк 24

46.  І Хрыстус сказаў ім [апосталам]: так напісана і так належала цярпець Хрысту і

      ўваскрэснуць на трэці дзень,

47.  і прапаведвацца ў імя Яго пакаянню ды адпушчэнню грахоў ва ўсіх народах,

      пачынаючы ад Ерузалема,

48.  вы ж сведкі гэтага.

50.  І вывеў іх з места да Віфаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.

51.  Як благаславіў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.

Дз 1

10.  Калі ж яны пільна ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў сталі

      перад імі ў белых вопратках,

11.  дый сказалі яны: мужы Галілейскія! Чаго стаіцё, узіраючыся на неба? Гэты Езус,

      узяты ад вас на неба, прыйдзе гэтаксама, як бачылі вы Яго ўзыходзячым на

      неба.

ІІІ. Спасланне Духа Святога
(пар. Лк 24, 49; Дз 2, 1–4)

Лк 24

49.  ... вы ж заставайцеся ў месце Ерузалеме, пакуль не адзенецеся сілаю звыш.

Дз 2

1.   І як канчаўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі аднадушна разам.

2.   І знячэўку пачуўся гук з неба, быццам ад наляцеўшага буйнага ветру, ды

     напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3.   І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, ды паселі на кожным з іх.

4.   І напоўніліся ўсе Духам Святым ды пачалі гутарыць іншымі языкамі, так, як Дух

     Святы даў ім прамаўляць.

ІV. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
(пар. Лк 1, 46–52)

46.  І сказала Марыя: узвялічвае душа мая Пана;

47.  І ўзрадаваўся дух мой у Богу Збаўцу маім,

48.  бо ўзглянуў Ён на пакору слугі сваёй, і адгэтуль шчасліваю назавуць мяне ўсе

      роды,

49.  бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны; і святое імя Яго...

51.  Учыніў сілу рукою сваёю; рассеяў пышных думкамі сэрца іх,

52.  адабраў у моцных пасады, узвысіў прыніжаных.

V. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
(пар. Ап 12, 1.10)

1.   І знак вялікі паказаўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі

      ў яе, і на галаве яе вянок з дванаццаці зорак....

10.  І пачуў я голас вялікі, мовячы ў небе: цяпер настала збавенне і сіла, і

      валадарства Бога нашага, ды ўлада Хрыста Ягонага: бо скінуты той, хто

      абвінавачвае братоў нашых, што дзень і ноч вінаваціў іх фальшыва перад Богам

      нашым.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

 

 

Хостинг от uCoz