САКРАМЭНТ СВЯТАРСТВА

 

Хрыстус  сваімі  словамі «Гэта чыніце на Маю памяць» не толькі ўстанавіў святую Ахвяру алтара, але  таксама  даў  пачатак  сакрамэнту  святарства,  каб  выбраныя  людзі — прэзбітэры — не толькі выконвалі  функцыі  ахвярапрынашэння,  а  былі  настаўнікамі  і  пастырамі  Божага  народа.

Езус Хрыстус выбіраў сваіх апосталаў сярод людзей рознага  ўзросту, становішча  і  прафесій. Iсёння Ён таксама выбірае і кліча пэўных людзей, абуджаючы ў іх душах жаданне служыць Богу. Усе вернікі павінны   часта  маліцца  аб  шматлікіх  і  добрых   пакліканнях   да  святарства,   а  таксама  духоўна і матэрыяльна   дапамагаць  семінарыям,   якія  займаюцца  выхаваннем  і  адукацыяй  новых  святароў.

 

Малітва аб пакліканнях

(складзеная папам Паўлам VI)

 

О  Езу,  Божы  Пастыр,  Ты  паклікаў  апосталаў,  каб  зрабіць  іх  лаўцамі  душаў. Прыцягні  да Сябе палымяныя,  высакародныя   душы  маладых  людзей  і  ўчыні  іх сваімі паслядоўнікамі і сваімі слугамі. Учыні, каб яны так, як Ты, прагнулі паўсюднага адкуплення, дзеля  якога  Ты  ўзнаўляеш на алтары  сваю  Ахвяру.

Пане, Ты вечна жывеш дзеля таго,  каб заступацца за нас,  адкрый перад  імі  гарызонты, каб убачылі ўвесь свет,  у  якім узносіцца нямая просьба так многіх братоў аб  святле  праўды і цеплыні любові; учыні,  каб,  адказваючы на Тваё пакліканне,  яны працягвалі тут,  на  зямлі, Тваю місію, будавалі Тваё Містычнае Цела - Касцёл,  і  былі соллю зямлі  і  святлом свету.

Пане Езу, няхай на Твой міласцівы  заклік  адгукнуцца  таксама  шматлікія  жаночыя  сэрцы, чыстыя і высакародныя. Улі ў іх прагу евангельскай дасканаласці, прысвячэння служэнню Касцёлу, а таксама братам,  якім патрэбна  дапамога  і  любоў.  Амэн.

 

Малітва за тых, хто рыхтуецца да святарства і  да  законнага  альбо  манаскага  жыцця

 

Пане Езу Хрыстэ, Ты аддаў сваё жыццё дзеля збаўлення людзей  і стаў  Вечным  Святаром. Просім Цябе за  тых,  хто  рыхтуецца  да  святарства  і  законнага  альбо  манаскага  жыцця. Атулі  іх  ласкаю свайго благаслаўлення, аддалі ад іх усялякія спакусы  і  ўмацуй у святасці, каб  яны   ахвотна і самааддана   пазнавалі  Цябе   і   такім  чынам  рыхтаваліся  да  годнага служэння ў Тваім  Касцёле. Пакажы  ім сэнс  і  каштоўнасць паклікання,  каб яны ўсё больш любілі  Цябе  і  ядналіся  з  Табою Які жывеш  і  валадарыш  на  векі  вечныя.  Амэн.

 

Малітва за Святога Айца

 

Малітва за біскупа

 

Пане  Езу  Хрыстэ,  Пастыр  Касцёла,  падтрымай  сваім  благаславеннем  нашага  біскупа N. Учыні, каб  ён  быў  сапраўдным   айцом   дыяцэзіяльнай  сям'і  і  прыкладам   апостальскай адданасці. Удзялі яму духа  мудрасці  для  плённага  абвяшчэння  Твайго слова  і  кіравання дыяцэзіяй. Які з Айцом  і  Духам  Святым  жывеш  і  валадарыш  праз  усе  вякі.  Амэн.

 

Малітва за святароў

 

С: О Езу, наш Пасрэднік  і  Найвышэйшы Святар,  ахвяруем Табе нашыя малітвы,  працу і цярпенні за  Тваіх святароў,  каб святасцю свайго жыцця яны пашыралі Тваё Валадарства.

О Езу, спасланы з неба як наш Найвышэйшы Святар

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для збаўчага пераказу Твай-го вучэння -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для справавання аж да канца свету Тваёй Крыжовай Ахвяры -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для збаўчага ўдзялення нам святых сакрамэнтаў -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для адпушчэння нам грахоў у сакрамэнце паяднання -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для ўмацавання ў веры і добрых звычаях нашых сем'яў -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для выхавання дзяцей дзеля Тваёй хвалы -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для аховы і дапамогі сярод небяспекі свету -

Усе: Дай нам святых святароў!

С: О Езу, для нашай падрыхтоўкі да шчаслівай смерці -

Усе: Дай нам святых святароў!

С.: О Езу, для пашырэння Твайго Валадарства -

Усе: Дай нам святых святароў!

 

Молімся: Божа, які для хвалы велічы сваёй  і для збаўлення чалавецтва ўстанавіў Адзінароднага Сына свайго Найвышэйшым і Вечным Святаром, просім Цябе, каб тыя,  каго Ён выбраў слугамі і дарыцелямі сваіх таямніцаў,  заставаліся  заўсёды вернымі  ў  выкананні  сваіх  абавязкаў. Праз Хрыста,  Пана  нашага. Амэн.

 

Малітва за пробашча

 

Пане Езу, адзіны  і  вечны  Святар, Ты сказаў сваім  апосталам,  каб па ўсім свеце абвяшчалі Евангелле,  каб  давалі  адпушчэнне  грахоў,  каб,  складаючы  ахвяру, распавядалі пра Тваю смерць, аж  пакуль не прыйдзеш.  Дзякуем  Табе  за  нашага святара кс. N. Мы ведаем, Пане, як Ты любіш сваіх святароў. Няхай  кс. N. будзе святаром паводле Твайго Сэрца. Няхай ён будзе мудры і святы. А  за тое,  што ён абвяшчае нам Тваю навуку, што ад Твайго імя прабачае  нам  нашы правіны, што раздае нам Тваё Цела, прытулі яго  з  любоўю,  як апостала Яна,  да свайго Сэрца. А мы малітваю падтрымаем яго. Амэн.

 

Хостинг от uCoz