«Месцы», дзе вучацца надзеі і практыкуюцца ў ёй

І. Малітва як школа надзеі

32. Першае істотнае месца, дзе вучацца надзеі, — гэта малітва. Калі ніхто мяне больш не слухае, Бог яшчэ слухае мяне. Калі я не магу больш ні з кім размаўляць і нікога паклікаць, з Богам я магу гаварыць заўсёды. Калі няма нікога, хто мяне можа падтрымаць (дзе гаворка ідзе пра патрэбу ці чаканне, якія пераўзыходзяць чалавечую магчымасць спадзявання), Ён можа дапамагчы мне25. Калі я ў поўнай адзіноце […], але ж той, хто моліцца, ніколі не бывае абсалютна самотным. Кардынал Нгуен Ван Туан, які правёў у вязніцы трынаццаць гадоў, з якіх дзевяць — у ізаляцыі, пакінуў нам выдатную кнігу: Малітвы надзеі. За трынаццаць гадоў турмы ў сітуацыі, здавалася б, поўнага адчаю, магчымасць слухаць Бога і гаварыць з Ім умацоўвала ў ім сілу надзеі, якая пасля ягонага вызвалення дазволіла яму стаць перад людзьмі ва ўсім свеце сведкам надзеі — той вялікай надзеі, якая не пагасае нават сярод начэй адзіноты.

33. Глыбокую сувязь паміж малітвай і надзеяй св. Аўгустын вельмі прыгожа паказаў у казанні на Першае пасланне св. апостала Яна. Ён акрэслівае малітву як практыкаванне жадання. Чалавек створаны для вялікай рэчаіснасці — для самога Бога, каб напоўніцца Ім. Але сэрца людское занадта вузкае для той вялікай рэчаіснасці, для якой прызначана. Трэба, каб яно пашырылася. «Так Бог, адкладаючы [свой дар], павялічвае [наша] жаданне; а праз жаданне пашырае дух і, такім чынам, робіць яго здольным [прыняць Яго]». Св. Аўгустын адсылае да св. Паўла, які кажа пра сябе, што жыве, сягаючы наперад да таго, што павінна адбыцца (пар. Флп 3, 13). Ён выкарыстоўвае выдатны вобраз, каб апісаць працэс пашырэння і падрыхтоўкі чалавечага сэрца. «Уяві, што Бог хоча напоўніць цябе мёдам [сімвал далікатнасці Бога і яго дабрыні]. Калі ты поўны воцату, куды змесціш мёд?» Начынне, гэта значыць сэрца, неабходна спачатку павялічыць, а пасля ачысціць: вызваліць ад воцату і яго паху. Гэта патрабуе працы, вымагае пакутаў, але толькі так ажыццяўляецца прыстасаванне да таго, да чаго мы прызначаны26. Калі нават св. Аўгустын непасрэдна кажа толькі пра нашу адкрытасць на прыняцце Бога, аднак цалкам зразумела, што ў гэтай працы, праз якую чалавек вызваляецца ад воцату і яго рэзкага паху, ён не толькі становіцца свабодным для Бога, але сапраўды адкрывае сябе для іншых. Бо толькі стаўшы дзецьмі Божымі, мы можам знаходзіцца ў нашага супольнага Айца. Маліцца не азначае выходзіць з гісторыі і хавацца ў прыватны куток свайго шчасця. Правільная малітва — гэта працэс унутранага ачышчэння, які робіць нас адкрытымі на Бога і праз гэта адкрытымі на людзей. У малітве чалавек павінен вучыцца таму, што сапраўды можна прасіць у Бога — чаго варты Бог. Павінен вучыцца, што нельга маліцца супраць іншага. Павінен вучыцца, што нельга прасіць сабе марнай і выгоднай рэчы, якой прагне ў дадзены адрэзак часу — гэта фальшывая надзея, якая адводзіць яго ад Бога. Ён павінен ачышчаць свае жаданні і сваю надзею. Павінен вызваляцца ад схаванага падману, якім ашуквае самога сябе: Бог бачыць усё, а параўнанне з Богам павінна падштурхоўваць чалавека, каб ён сам прызнаў гэта. «Хто зразумее свае памылкі? Ад укрытых памылак ачысці мяне (19 [18], 13)», — моліцца псальміст. Непрызнанне віны, фальшывы вобраз бязвіннасці не апраўдаюць і не ўратуюць мяне, паколькі я сам вінаваты ў анямеласці сумлення, няздольнасці распазнаць у сабе зло. Калі няма Бога, тады, магчыма, я вымушаны ўцякаць у такі падман, паколькі няма нікога, хто мог бы дараваць мне, нікога, хто з’яўляецца сапраўднай мерай рэчаў. Але сустрэча з Богам абуджае маё сумленне, каб яно больш не падсоўвала мне самаапраўдання, не было адлюстраваннем самога сябе і сучаснікаў, якія ўплываюць на мяне, але каб было здольнасцю слухаць само Дабро.

34. Каб малітва развіла гэтую ачышчальную моц, яна, з аднаго боку, павінна быць вельмі асабістай, сустрэчай майго асабістага я з Богам, з жывым Богам. З другога боку, яе павінны зноў і зноў весці і асвячаць найвыдатнейшыя малітвы Касцёла і святых, а таксама літургічная малітва, у якой Пан няспынна вучыць нас правільна маліцца. Кардынал Нгуен Ван Туан у сваёй кнізе духоўных практыкаванняў расказаў, як у ягоным жыцці ўзнікалі працяглыя перыяды няздольнасці да малітвы і як ён хапаўся за словы малітваў Касцёла: «Ойча наш», «Вітай, Марыя», а таксама літургічных малітваў27. Падчас малітвы неабходна заўсёды захоўваць сувязь паміж супольнай і асабістай малітвай. Так мы можам гаварыць з Богам, а Бог гаварыць з намі. Так у нас здзяйсняюцца ачышчэнні, праз якія мы робімся падатлівымі Пану і здольнымі служыць людзям. Так мы становімся падатлівымі для надзеі і слугамі надзеі для іншых: надзея ў хрысціянскім сэнсе заўсёды з’яўляецца надзеяй для іншых. Гаворка ідзе пра актыўную надзею, у якой мы змагаемся, каб рэчаіснасць не скіроўвалася да «перверсійнага канца». Гаворка ідзе пра актыўную надзею таксама ў тым сэнсе, што мы трымаем свет адкрытым для Бога. Толькі так яна застанецца праўдзівай чалавечай надзеяй.


ІІ. Дзеянне і цярпенне, як месца, дзе вучацца надзеі

35. Кожнае сур’ёзнае і праведнае дзеянне чалавека — гэта дзейсная надзея. Перадусім ёсць надзеяй у тым сэнсе, што так мы імкнёмся рэалізаваць нашы надзеі — меншыя і большыя: вырашыць тое ці іншае заданне, якое мае значэнне для нашага далейшага жыццёвага шляху; праз уласныя намаганні паспрыяць таму, каб свет стаў крыху святлейшым і больш чалавечным і каб праз гэта адчыніліся брамы будучыні. Аднак штодзённае намаганне працягваць сваё жыццё і працаваць дзеля будучыні стамляе нас або ператвараецца ў фанатызм, калі нас не асвятляе святло большай надзеі, якой не могуць знішчыць ні малыя асабістыя няўдачы, ні бедствы гістарычнага значэння. Калі нам нельга спадзявацца на большае, чым тое, чаго можна эфектыўна дасягнуць у нейкі час і на што палітычныя ці эканамічныя ўлады дазваляюць нам спадзявацца, наша жыццё хутка пазбаўляецца надзеі. Важна ведаць: я заўсёды магу мець надзею, нават калі ў маім жыцці або ў дадзены гістарычны момант відавочна, што мне няма на што спадзявацца. Толькі вялікая ўпэўненасць у надзеі, што маё ўласнае жыццё і ўся гісторыя, нягледзячы на ўсе няўдачы, знаходзяцца пад апекай незнішчальнай сілы Любові, дзякуючы якой і дзеля якой яны маюць сэнс і вагу, — толькі такая надзея можа даць адвагу для дзеяння і руху наперад. Сапраўды, уласнымі сіламі мы не можам «збудаваць» Божага Валадарства. Тое, што мы будуем, заўжды застаецца валадарствам чалавека з усімі абмежаваннямі, уласцівымі чалавечай натуры. Не зможам таксама (выкарыстаем класічны выраз) «заслужыць» неба нашымі ўчынкамі. Яно вышэйшае за тое, што мы можам заслужыць, так як і тое, што нас любяць, ніколі не будзе «заслугай», а заўсёды — дарам. Аднак, пры ўсім нашым усведамленні «большай каштоўнасці» неба, таксама бачна, што нашы дзеянні маюць значэнне для Бога, а значыць яны неабходны для гістарычнага прагрэсу. Мы можам адкрыць саміх сябе і свет для Бога: праўды, любові, дабра. Гэтак рабілі святыя, якія як «памочнікі Божыя» ўнеслі свой уклад у збаўленне свету (пар. 1 Кар 3, 9; 1 Тэс 3, 2). Мы можам уратаваць наша жыццё і свет ад атруты і бруду, якія могуць разбурыць цяперашні і будучы свет. Мы можам адкрыць і захаваць чыстымі крыніцы стварэння і такім чынам разам са стварэннем, што апярэджвае нас як дар, рабіць згодна з яго ўнутранымі патрабаваннямі і мэтай тое, што справядлівае. Гэта мае сэнс нават тады, калі мы не дасягаем бачнага выніку ці здаемся бездапаможнымі з-за перавагі варожых сіл. Так, з аднаго боку з нашага дзеяння нараджаецца надзея для нас і для іншых; аднак у той жа час гэтая вялікая надзея, якая абапіраецца на абяцаннях Бога, падбадзёрвае нас і кіруе нашымі справамі ў спрыяльны і неспрыяльны час.

36. Як і дзеянне, цярпенне таксама належыць да чалавечага існавання. Яно паходзіць або з абмежаванасці нашай натуры, або з сукупнасці грахоў, якія нагрувасціліся з цягам гісторыі і якія таксама сёння незваротна нарастаюць. Зразумела, трэба з усіх сіл старацца зменшыць цярпенне: прадухіляць, наколькі магчыма, цярпенне бязвінных; суцішваць боль; дапамагаць пераадольваць псіхічныя цярпенні. Усё гэта абавязкі як справядлівасці, так і любові, якія ўваходзяць у шэраг фундаментальных патрабаванняў хрысціянскага існавання і кожнага па-сапраўднаму чалавечага жыцця. У барацьбе з фізічным болем зроблены вялікі поступ. Аднак пакуты бязвінных і псіхічныя цярпенні ў апошнія дзесяцігоддзі хутчэй пашырыліся. Хоць трэба з усіх сіл перамагаць цярпенні, аднак мы не можам цалкам ліквідаваць іх у свеце, таму што не ў нашых сілах цалкам скінуць з сябе нашу абмежаванасць і ніхто з нас не здольны ліквідаваць моцы зла, віны, якая няспынна — як відаць — з’яўляецца крыніцай цярпенняў. Зрабіць гэта можа толькі Бог: толькі Бог, які сам уваходзіць у гісторыю, становіцца чалавекам і церпіць. Мы ведаем, што гэты Бог існуе, і таму тая моц, якая «бярэ на сябе грахі свету» (Ян 1, 29), прысутнічае ў свеце. Дзякуючы веры ў існаванне гэтай моцы, у гісторыі з’явілася надзея на аздараўленне свету. Але гэта менавіта надзея, а не спаўненне; надзея, якая падбадзёрвае нас, каб мы заступаліся за дабро таксама там, дзе гэта здаецца марным, усведамляючы, што паводле знешняга бегу гісторыі, нават у будучым часе, грэх застаецца жудаснай сучаснасцю.

37. Вернемся да нашай тэмы. Мы стараемся абмежаваць цярпенне і змагаемся з ім, але не можам ліквідаваць яго. Там, дзе людзі, спрабуючы пазбегнуць пакутаў, стараюцца аддаліцца ад усяго, што можа прычыніць цярпенне; дзе пазбягаюцць намаганняў і пакут, звязаных з праўдай, любоўю і дабром, — там яны трапляюць у жыццёвую пустку, у якой, магчыма, няма болю, затое ўсё больш адчуваецца бессэнсоўнасць і змрочная адзінота. Не пазбяганне цярпенняў і не ўцёкі ад болю аздараўляюць чалавека, але здольнасць прыняць іх, сталець у іх і знайсці ў іх сэнс праз аб’яднанне з Хрыстом, які цярпеў з нязмернай любоўю. У гэтым кантэксце хацелася б прыгадаць некаторыя выказванні з аднаго ліста в’етнамскага мучаніка Паўла Ле-Бао-Тына († 1857), у якіх паказана, як сіла надзеі, якая нараджаецца з веры, перамяняе пакуты. «Я, Павел, зняволены за імя Хрыстова, хачу данесці вам свае пакуты, у якія занураюся штодня, каб вы, запаліўшыся любоўю да Бога, разам са мною ўзносілі хвалу Богу, бо навекі міласэрнасць Яго (пар. Пс 136 [135]). Гэтая вязніца — праўдзівы вобраз вечнага пекла: да разнастайных жорсткіх катаванняў, калодак, жалезных кайданоў і пут дадаюцца нянавісць, помста, паклёп, непрыстойныя словы, скаргі, зласлівыя ўчынкі, несправядлівыя клятвы, праклёны і ўрэшце трывога і смутак. Бог, які калісьці вызваліў з полымя печы трох юнакоў, заўсёды дапамагае мне, і Ён вызваліць мяне ад гэтых цярпенняў, і аберне іх у асалоду, бо навекі міласэрнасць Яго. Сярод гэтых катаванняў, якія зазвычай раструшчваюць іншых, я дзякуючы ласцы Божай напаўняюся радасцю, таму што я не адзін, а з Хрыстом. […] Як жа мне вытрымаць гэта відовішча, штодня бачыць цароў, мандарынаў і іх прыдворных, якія блюзнераць супраць Твайго святога імя, Пане, які сядзіш на херубімах і сэрафімах (пар. Пс 80 [79], 2)? Твой крыж патаптаны нагамі язычнікаў! Дзе твая слава? Чым усё гэта бачыць, лепш мне, палаючы любоўю да Цябе, памерці з адсечанымі часткамі цела дзеля сведчання любові да Цябе. Пакажы, Пане, магутнасць сваю, уратуй мяне і падтрымай, каб моц Твая выявілася ў слабасці маёй і праславілася перад язычнікамі. […] Умілаваныя браты, слухаючы ўсё гэта, узносьце ў радасці няспынную падзяку Богу, ад якога паходзіць усялякае дабро, благаслаўляйце Пана разам са мной, бо навекі міласэрнасць Яго! […] Пішу вам усё гэта, каб з’ядналася ваша вера і мая. У гэтай лютай буры я кідаю аж да Божага трона якар: жывую надзею, што ёсць у маім сэрцы»28. Гэта ліст з «пекла». У ім адкрыта паказаны ўвесь жах канцэнтрацыйнага лагера, у якім да катаванняў з боку тыранаў дадаецца выбух зла ў саміх ахвярах, якія такім чынам становяцца інструментамі жорсткасці катаў. Гэта ліст з пекла, але ў ім пацвярджаюцца словы псальма: «Калі ўзыду на неба, Ты там; калі спачну ў адхлані, Ты побач. […] Калі скажу я: няхай змрок мяне накрые, […] ноч будзе яснай, як дзень. Цемра, як святло» (Пс 139 [138], 8–12; пар. таксама Пс 23 [22], 4). Хрыстус сыходзіць у «адхлань» і знаходзіцца блізка да кожнага, хто кінуты туды, ператвараючы для яго змрок у святло. Амаль невыносныя жахлівыя цярпенні і катаванні працягваюцца. Аднак узышла зорка надзеі — якар сэрца, які даходзіць да Божага трона. У чалавеку не выбухае зло, але перамагае святло: цярпенне, хоць і не перастае быць цярпеннем, ператвараецца ў песню хвалы.

38. У асноўным мера чалавечнасці вызначаецца ў адносінах да цярпення і церпячага. Гэта датычыць як асобных людзей, так і грамадства. Грамадства, няздольнае прыняць церпячых, дапамагчы ім і падзяліць з імі іх цярпенні, таксама і духоўна, — гэта жорсткае і бесчалавечнае грамадства. Аднак грамадства не можа дапамагаць церпячым і падтрымліваць іх, калі самі людзі не здольны рабіць гэта. Больш за тое, адзін чалавек не можа зразумець цярпенне другога, калі ён сам не бачыць у цярпеннях сэнсу, шляху ачышчэння і сталасці, шляху надзеі. Прыняць церпячага блізкага азначае прыняць на сябе яго пакуты, так каб яны сталі і маімі. І калі гэтыя пакуты падзелены з кімсьці і ў іх прысутнічае хтосьці іншы, тады святло любові пранікае ў маё цярпенне. Лацінскае слова con-solatio (суцяшэнне) прыгожа выражае гэта, паказваючы «быццё з кімсьці» ў адзіноце, якая дзякуючы гэтаму цяпер ужо не адзінота. Таксама здольнасць прыняць цярпенне з любові да дабрыні, праўды і справядлівасці вызначае ступень чалавечнасці, бо калі мой дабрабыт і недатыкальнасць маюць большае значэнне, чым праўда і справядлівасць, тады пераважае панаванне мацнейшага; тады дамінуюць насілле і падман. Праўда і справядлівасць павінны быць важнейшымі за маю выгаду і фізічную недатыкальнасць, інакш маё жыццё ператворыцца ў падман. І нарэшце, таксама «так», сказанае любові, становіцца крыніцай цярпення, паколькі любоў заўжды патрабуе майго самаадрачэння, у якім я дазваляю калечыць і раніць сябе. Любоў сапраўды не можа існаваць без гэтага балючага самаадрачэння; інакш яна стала б эгаізмам і пярэчыла б самой сабе.

39. Цярпець з іншымі, цярпець дзеля іншых; цярпець дзеля праўды і любові да справядлівасці; цярпець з прычыны любові і таго, што становішся асобай, якая сапраўды любіць — вось фундаментальныя элементы чалавецтва, занядбоўванне якіх знішчыла б самога чалавека. Аднак зноў узнікае пытанне: ці здольныя мы ажыццявіць гэта? Ці другая асоба дастаткова важная, каб я цярпеў дзеля яе? Ці праўда для мяне настолькі важная, каб я атрымаў ўзнагароду за цярпенні? Ці абяцанне любові такое вялікае, каб апраўдаць дар самога сябе? У чалавечай гісторыі заслуга хрысціянскай веры заключаецца менавіта ў тым, што яна па-новаму і з новай выразнасцю абудзіла ў чалавеку здольнасць да такога цярпення, якое мае вялікае значэнне для яго чалавечнасці. Хрысціянская вера паказала нам, што праўда, справядлівасць і любоў гэта не толькі ідэалы, але найвялікшыя рэчаіснасці. Яна паказала нам, што Бог — увасобленая Праўда і Любоў — захацеў цярпець за нас і разам з намі. Бэрнард з Клерво выкаваў цудоўнае выказванне: Impassibilis est Deus, sed non inocpassibilis29 — Бог не можа цярпець, але можа спачуваць. Бог настолькі цэніць чалавека, што сам стаў чалавекам, каб мець магчымасць цярпець разам з чалавекам цалкам рэальна, у целе і крыві, як прадстаўлена ў апісанні мукі Езуса. Таму ва ўсе чалавечыя пакуты ўвайшоў хтосьці, хто падзяляе боль і цярпенне; таму ва ўсе пакуты праліваецца con-solatio — суцяшэнне спачуваючай любові Бога, і так узыходзіць зорка надзеі. Несумненна, у нашых разнастайных пакутах і нядолі мы няспынна патрабуем таксама малых і сярэдніх формаў надзеі — зычлівага наведвання, аздараўлення ўнутраных і знешніх ран, паспяховага выйсця з якога-небудзь крызісу і гэтак далей. Пры меншых формах нядолі гэтых відаў надзеі можа быць няшмат. Але ў вялікай нядолі, калі трэба канчаткова вырашаць, ці трэба аддаць перавагу праўдзе над дабрабытам, кар’ерай, валоданнем, становіцца неабходнай упэўненасць у праўдзівай, вялікай надзеі, пра якую мы згадвалі. Таму мы патрабуем сведак, мучанікаў, якія цалкам ахвяравалі сябе, каб дзень за днём паказваць гэта. Нам неабходна таксама, каб сярод малых альтэрнатыў штодзённага жыцця мы ставілі дабро вышэй за выгоды, ведаючы, што гэтак мы жывём сапраўдным жыццём. Дазволім сабе паўтарыць яшчэ раз: здольнасць цярпець дзеля любові да праўды — гэта мера чалавечнасці. Аднак гэтая здольнасць цярпець залежыць ад тыпу і ад меры надзеі, якую мы носім у сабе і на якую абапіраемся. Святыя, будучы напоўненымі вялікай надзеяй, маглі прайсці вялікі шлях чалавечага існавання так жа, як гэта перад імі зрабіў Хрыстус.

40. Хацелася б да гэтага дадаць невялікую заўвагу, якая мае значэнне ў штодзённым жыцці. Пэўная форма пабожнасці, якая сёння, магчыма, менш распаўсюджаная, але нядаўна была шырока практыкаванай, кіравалася ідэяй «ахвяравання» малых штодзённых прац, якія няспынна звальваюцца на нас, каб такім чынам надаць ім сэнс. У практыкаванні гэтай формы пабожнасці, безумоўна, назіралася перабольшванне і нездаровыя моманты, але трэба спытацца, ці не было ў іх чагосьці істотнага, што магло б нам дапамагчы. Што значыць «ахвяраваць»? Гэтыя людзі былі перакананыя, што могуць уключыць свае нязначныя працы ў вялікае спачуванне Хрыста і праз гэта далучыцца ў нейкай ступені да скарбу спачування, якога патрабуе чалавецтва. Так малыя клопаты штодзённага жыцця могуць набыць сэнс і ўнесці ўклад у эканомію дабрыні і любові сярод людзей. Магчыма, нам таксама трэба задумацца, ці не можа такая практыка стаць патрэбнай і для нас.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Хостинг от uCoz