Песні жальбы

 

        Песні  жальбы  ўзніклі  ў  Польшчы  на  пачатку  XVIII ст.

Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве.   У  хуткім часе  гэтае набажэнства  стала  адным з   найбольш папулярных набажэнстваў  Вялікага посту і на нашай  зямлі.  Разважанне  Мукаў Хрыста ў Песнях жальбы  спрыяе  духу  пакаяння,  а  перадусім  мае  на мэце  служыць  нашаму  навяртанню.

 

Натхненне

1. Песні жальбы заспявайце! *
    Сэрцы болем напаўняйце,

    сэрцы болем напаўняйце!

2.  Вочы, плачце, як крыніцы, *
     дайце горкіх слёз напіцца (х 2).

3.  Нават сонца, месяц, зоры *
    сумна свецяць, нібы ў горы (х 2).

4.  Поўніць неба плач Анёлаў, *
    ўжо мінуў іх час вясёлы (х 2).

5.  Крышацца са страху скалы, - *
    мёртвыя з магіл паўсталі (х 2).

6. Хто жальбу сваю ўстрымае: *
    цэлы свет нібы канае (х 2).

7. Крыж Хрыстовы і кананне *
    душы вострым болем раняць (х 2).

8. Моцай, ласкай, сілай ранаў *
    знішчы злосць сэрц нашых, Пане (х 2).

9. Вось грэх мой перад Табою, *
    змый яго святой Крывёю (х 2).

10. У бяздонні мукаў Пана *

    я з правін сваіх паўстану (х 2).

 

Першая частка

       3 дапамогаю Божай ласкі пачынаем разважанне над  Мукаю нашага Пана Езуса Хрыста. Ахвяруем яго  нябеснаму Айцу на праслаўленне  і хвалу Ягонай  Боскай  велічы, пакорна  дзякуючы за  вялікую  і надзвычайную любоў да чалавецтва, за тое, што спаслаў свайго Сына, каб цярпеў за нас жахлівыя  пакуты   і прыняў   смерць   на крыжы. Гэтае разважанне ахвяруем таксама дзеля ўшанавання  Найсвяцейшай   Панны Марыі,  Маці Балеснай Божага Сына, а таксама на ўшанаванне св. Юзафа  і тых святых, якія   вызначаліся    асаблівым набажэнствам да Мукі Хрыста.   

        У першай частцы  будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў  у  час   ад  малітвы   ў Садзе Аліўным   ажно   да несправядлівага абвінавачвання перад   судом. Гэтыя   знявагі Пана,   які  іх  сам  за нас цярпеў,  будзем ахвяраваць, просячы  за святы Каталіцкі  Касцёл, за Святога Айца і  за  ўсё духавенства,  а таксама за непрыяцеляў Хрыстовага крыжа  і  ўсіх  няверных,  каб Пан Бог  даў  ім  ласку навяртання.

 

Гімн

1. Жаль невыносны сэрца працінае, *
    Езус мой любы келіх свой прымае; *
    кленчыць у садзе, льецца пот крывавы - *  

    Бог моцы, хвалы.

2. Пана святога вучань злы цалуе, *
    войска цяжкія ланцугі рыхтуе. *
    Без супраціву Езус іх прымае, *
    нас выбаўляе.

3. Б'е і штурхае люд свайго Прарока, *
    злосць і нянавісць,

    гнеў на кожным кроку. *

    Церпіць пакорна Бога Сын Адзіны, *

    чысты, нявінны.

4. Кроў запяклася, вусны пасінелі, *
    рукі ад цяжкіх ланцугоў змярцвелі. *
    Білі заўзята ледзь жывога Пана *
    ўсю ноч да рана.

5. Езу, мой Пане, дай дар пакаяння, *
    дай мне, Езусе, ласку навяртання. *
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.

 

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на жахлівыя мукі, *

    нібы ягня, Ты ў путы звязаны, *

    Езу, мілы Пане.

2. Езу, пацалункам здрадлівым *
    быў Ты праданы, *

    Езу, мілы Пане.

3. Езу, перад смерцю ў садзе *

   з неба прасіў ад Айца злітавання, *

   Езу, мілы Пане.

4. Езу, на малітве ў самоце *

    кроў заміж поту цякла струмянямі, *

    Езу, мілы Пане.

5. Езу, пацалунак ад Юды *

    Ты прыняў, не спаслаў пакарання, *

    Езу, мілы Пане.

6. Езу, ланцугамі цяжкімі *

    Ты, нібы злодзей, быў ноччу звязаны,*

     Езу, мілы Пане.

7. Езу, прад суддзёю, нявінны, *
    злоснымі кпінамі быў зняважаны, *
    Езу, мілы Пане.

8. Езу, да Каяфы жаўнеры *
    вывелі ў путах Цябе на світанні, *
    Езу, мілы Пане.

9. Езу, злой рукою па твары *

    быў моцна біты за праўды вызнанне, *

    Езу, мілы Пане.

10. Езу, праз ілжывых двух сведкаў *

     падбухторшчыкам люду

     быў Ты названы, *    Езу, мілы Пане.

 

     Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе

    знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні,

    за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

 

Размова душы з Маці Балеснай

1.  Ах, я, Маці, ледзь трываю! *
    Смутак сэрца мне сціскае. *
    Раніць сэрца востры меч (х 2).

2.  О Марыя, што з Табою? *
    Так прыгнечана бядою, *
    бачу я Цябе ў слязах (х 2).

3.  Што пытаеш? Боль ліхая, *
    мае сілы забірае, *

    сэрца кроў мне заліла (х 2).

4. Маці Чыстая, Святая, *
    бачу, што Ты ледзь жывая, *
    боль замгліў Твой ясны твар (х 2).

5.  Сын мой любы, Сын Адзіны, *
    змучаны, крывёй заліты, *
    цяжка ўжо Яго пазнаць (х 2).

6.  Маці ласкі і любові, *
    буду плакаць я з Табою, *
    боль хачу дзяліць з Табой (х 2).

 

Напрыканцы кожнай часткі спяваем:

    Які за нас цярпеў ад ранаў, * Езу

    Хрыстэ, * змілуйся над намі.

 

Другая частка

           

Натхненне

 

Песні жальбы заспявайце...

 

У   другой   частцы   разважанняў   над  Мукаю   Пана  будзем  разважаць аб тым,  што  Пан Езус выцерпеў ад  несправядлівага прысуду  ажно да ўкаранавання  цернем.   Гэтыя   раны   і знявагі ахвяруем   Пану,  просячы супакою   для нашай     Бацькаўшчыны,  згоды паміж народамі,   а для нас саміх - пра5ачэння  грахоў, паратунку ад  зямных няшчасцяў, а асабліва

ад пажару, голаду, вайны і заразы.

 

Гімн

1. Грэшнікі, гляньце на пакуты Пана, *
    за грэх ваш цяжкі ён прымае раны. *
    Не лютасць катаў раніць Пана болем *
    а злая воля.

2. Створцу сусвету  судзяць людзі злосна, *

    б'юць, чыняць кпіны, абражаюць моцна. *

    Вуснаў збалелых Пан не адкрывае, *

     моўчкі трывае.

3. За грахі свету Езуса бічуюць, *
     грэшным патолю на вякі рыхтуюць. *
    Кроў, што са Збаўцы па слупе сцякае,*
    свет выбаўляе.

4. Свету гардыня венчыць скроні ружай,*
    на голаў Пана лёг вянок калючы. *
    Плашч апранае Езусу для жартаў, *
     злосная варта.

5.  Езу, мой Пане, дай мне пакаянне, *

     каб мне спазнаці шчасце навяртання.*

     Нашы правіны змыем мы слязамі, *

    зжалься над намі.

 

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на судзе супраць праўды, *

    хоць быў нявінны,  злачынцам названы, *

    Езу, мілы Пане.

2.  Езу, ад людзей жорсткіх, лютых, *
     горкую чашу прыняў зневажанняў,*
    Езу, мілы Пане.

3.  Езу, тройчы Пятром у страху *
     нават знаёмым не быў Ты прызнаны, *
    Езу, мілы Пане.

4.  Езу, у Пілата прад людам *
     быў Ты да крыві скатаваны, *
     Езу, мілы Пане.

5.  Езу, з Цябе крыўдна і злосна *
     Ірад смяяўся і кпілі дварчане, *
     Езу, мілы Пане.

6. Езу, ў белай вопратцы здзекі *
     злосных жаўнераў

     цярпеў Ты на світанні, *

     Езу, мілы Пане.

7. Езу, да слупа прывязаны, *
    нелітасціва Ты быў бічаваны, *
    Езу, мілы Пане.

8. Езу, дзеля большага болю *
    цернем калючым укаранаваны, *
    Езу, мглы Пане.

9. Езу, у плашч чырвоны жаўнерамі *
    здзекліва й злосна быў Ты ўбраны, *
    Езу, мілы Пане.

10.Езу, кроў праліў Ты святую, *
     невінаваты, цярпеў пакаранне, *
     Езу, мілы Пане

 

     Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе

     знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні,

     за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

 

Размова душы з Маці Балеснай

1. Бачу Сына без адзення, *

    кроў з плячэй цячэ струменем. *

    Пад бічамі Сыне мой (х 2).

2. Раны Сына, о Марыя, *
    жыватворныя, Святыя, *
    мне на сэрца пакладзі (х 2).

3. Бачу Сына я ў кароне, *
    церні моцна раняць скроні, *
    кроў сцякае па грудзях (х 2).

4. Маці, бачыш Сына ў муках, *
    Ты не будзь адна ў пакутах, *
    дай і мне спазнаць Твой боль (х 2)

5. Як жа мне, той беднай Маці, *
     Сынаў крыж на плечы ўзяці, *
     каб паднесці з ім хоць крок (х 2).

6. Маці ласкі і любові, *
    буду плакаць я з Табою, *
    боль хачу дзяліць з Табой (х 2).

 

Напрыканцы:

   Які за нас цярпеў ад ранаў, *

   Езу Хрыстэ, *

   змілуйся над намі.

 

Трэцяя частка

 

Натхненне

 

Песні жальбы заспявайце...

 

У  гэтай, апошняй  частцы  будзем  разважаць аб тым, што  Пан  Езус выцерпеў   ад  хвіліны  ўкаранавання ажно   да  цяжкага  скону  на   крыжы. Усе  цярпенні, кпіны і крыўды, якія Ён зносіў, ахвяруем за грэшнікаў, каб Збаўца абудзіў іхнія  заблуканыя  сэрцы  і  натхніў

іх да пакаяння і жыцця  ў  праўдзе,   а т аксама  будзем маліцца  за  ўсе душы,   якія   церпяць  у  чыстцы,  каб літасцівы   Езус  пагасіў   сваёй   Крывёю  агонь  іхніх мукаў.   Будзем  таксама  прасіць  Пана,  каб Ён  і  нам

у  хвіліну  нашай  смерці  даў  ласку  скрухі  за  грахі  і дапамог  вытрываць у  надзеі   да   апошняй   хвіліны жыцця на гэтым свеце.

 

Гімн

1. Жорсткае сэрца, ты яшчэ не плачаш, *
    ці ж мукаў Пана страшных Ты не бачыш! *

    Езус Твой любы ўвесь крывёй сцякае,*

    сіл больш не мае.

2. Нас палюбіўшы, сышоў Езус з неба, *
    ды вось на плечы

    крыж прымае з дрэва. *

    Пад ім Ён кленчыць,

    млее, ўстаць не можа *

    добры наш Божа.

3. На крыж кладзецца, ціха церпіць мукі,*
    цвік, нібы джала, прабівае рукі. *
    Па-над зямлёю Збаўцу крыж узносіць, *

    неба галосіць.

4. Дрэва святое, дай нам Збаўцы Цела, *
    каб на табе ўжо болей не вісела. *
    Мы пахаваем Пана ў сумным гробе *
    з плачам ў жалобе.

5. Езу, мой Пане, прагну пакаяння, *
    прагну з надзеяй грахоў даравання. *
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.

6. Богу навекі хай жа будзе хвала *

    за ўсе знявагі - іх сустрэў нямала. *

    За нас цярпеў Ён, Бога Сын Адзіны, *

    Збаўца нявінны.

 

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на судзе ў Пілата *

    з ліхадзеямі быў параўнаны, *

     Езу, мілы Пане.

2. Езу, на Галгоце жахлівай *

    Ты смерць прыняў праз укрыжаванне,*

    Езу, мілы Пане.

3.  Езу, з крыжам цяжкім ішоў Ты, *
     нёс на гару ўсіх грахоў дараванне, *
     Езу, мілы Пане.

4.  Езу, да крыжа на Галгоце *

    быў Ты прыбіты тупымі цвікамі, *

    Езу, мілы Пане.

5. Езу, са злачынцамі разам *

    Ты прынародна быў пакараны, *

    Езу, мілы Пане.

6.  Езу, кпіны, здзекі жаўнераў *
     боль узмацнялі, пяклі Твае раны, *
     Езу, мілы Пане.

7.  Езу, на крыжы літасціва *
     злодзею ласку Ты даў паяднання, *
     Езу, мілы Пане.

8.  Езу, воцат з жоўцю змяшаны *
     далі Табе піць ў хвіліну канання, *
     Езу, мілы Пане.

9.  Езу, Ты знёс маўкліва пакуты, *
     каты не чулі Твайго наракання, *

     Езу, мілы Пане.

10. Езу, з крыжа вучнямі зняты, *
     у грабніцы Ты быў пахаваны, *
     Езу, мілы Пане.

 

Хвала,  пашана  нашаму  Пану *  за ўсе

знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні,

за  ўсе  мучэнні, *   за  наша з баўленне.

 

Размова душы з Маці Балеснай

1. Ах, я Маці нешчасліва, *
    ўжо цярпець не маю сілы, *

    на крыжы Мой любы Сын (х 2).

2.  О Марыя, боль Твой люты, *
     пад крыжом Твае пакуты, *
     я хачу дзяліць з Табой (х 2).

3.  Вось канае Мой Сыночак,
     закрывае Ён ўжо вочы, *
     Я канаю разам з Ім (х 2).

4.  Маці, страшнаю бядою *
     падзяліся Ты са мною, *

     дай і мне спазнаць Твой боль (х 2).

5.  Ох, не чую Сына мовы, *
     Ён схіліў на грудзі голаў, *
     Я на свеце ўжо адна (х 2).

6.  О, Марыя, Мукі Пана, *
     крыж, пакуты, боль і раны *
     буду ў сэрцы я насіць (х 2).

 

Напрыканцы:

     Які за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, *

     змілуйся над намі.

 

                                                                           

Хостинг от uCoz