Марыя, зорка надзеі

49. У гімне VІІІ/ІХ стагоддзяў, а значыць ужо больш за тысячу гадоў назад, Касцёл вітае Марыю, Маці Пана як «зорку мора»: Ave maris stella. Чалавечае жыццё — гэта шлях. Да якой мэты? Як знайсці дарогу да яе? Жыццё нагадвае падарожжа па моры гісторыі, часта ў цемры і буры, калі мы ўглядаемся ў зоркі, што паказваюць курс. Сапраўднымі зоркамі нашага жыцця з’яўляюцца людзі, якія пражылі праведнае жыццё. Яны — агні надзеі. Безумоўна, Езус Хрыстус сам ёсць святлом, сонцам, якое ўзыходзіць па-над усякім змрокам гісторыі. Але, каб дасягнуць Яго, нам патрэбна бліжэйшае святло, а менавіта людзі, якія ззяюць Ягоным святлом і гэтак накіроўваюць нас у дарозе. Хто ж мог бы стаць для нас зоркай надзеі больш за Марыю? Сваім «так» Яна адкрыла дзверы свету для самога Бога; Яна стала жывым Каўчэгам Запавету, у якім уцелавіўся Бог, стаў адным з нас і «паставіў сярод нас свой шацёр» (пар. Ян 1, 14).

50. Таму мы так звяртаемся да Яе: Святая Марыя, Ты належала да тых пакорных і вялікіх душаў Ізраэля, якія, як Сімяон, чакалі «суцяшэння Ізраэля» (Лк 2, 55) і спадзяваліся, як Ганна, «на адкупленне Ерузалема» (Лк 2, 38). Ты жыла Святымі Кнігамі Ізраэля, якія казалі пра надзею — пра абяцанне, дадзенае Абрагаму і яго нашчадкам (пар. Лк 1, 55). Мы разумеем тую святую боязь, якая ахапіла Цябе, калі анёл Божы ўвайшоў у Тваё жытло і абвясціў Табе, што Ты народзіш таго, на каго спадзяваўся Ізраэль і каго чакаў свет. Дзякуючы Табе і Твайму славутаму «так», споўнілася надзея тысячагоддзяў, увайшоўшы ў свет і яго гісторыю. Ты схілілася перад веліччу гэтага задання і дала сваю згоду: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Поўная святой радасці, Ты паспяшалася да гор Юдэі, каб дабрацца да сваёй сваячкі Альжбеты, і тады Ты стала вобразам будучага Касцёла, які нясе ў сваім улонні надзею для свету цераз горы гісторыі. Але, акрамя радасці, выказанай на вякі словамі і спевам Твайго «Велічае», Ты ведала змрочныя прадказанні прарокаў пра цярпенні Слугі Божага ў гэтым свеце. У бэтлеемскай стайні падчас нараджэння заззяў бляск анёлаў, якія неслі добрую навіну пастухам, і ў той жа час было выразна бачным убоства Бога ў гэтым свеце. Стары Сімяон сказаў пра меч, які пройдзе праз Тваю душу (Лк 2, 35), пра знак супраціўлення свету, якім стане Твой Сын. Потым, калі пачалося Яго публічнае служэнне, Ты павінна была адысці, каб магла ўзрастаць новая сям’я, якую ён прыйшоў заснаваць і якая павінна была пашырацца дзякуючы ўзаемадзеянню тых, хто слухае і выконвае Твае словы (Лк 11, 27). Нягледзячы на веліч і радасць распачатай Хрыстом справы, Табе прыйшлося зведаць у назарэтанскай сінагозе праўду слоў пра «знак, якому будуць супраціўляцца» (Лк 4, 28 наст.). Так Ты ўбачыла, як узрастае сіла варожасці і непрыняцця вакол Езуса ажно да гадзіны крыжа, у якую Ты была вымушана глядзець, як Збаўца свету, нашчадак Давіда, Сын Божы, пазбаўлены ўсяго, памірае сярод кпінаў зладзеяў. Ты прыняла словы: «Жанчына, вось сын Твой» (Ян 19, 26). Пасля крыжа Ты атрымала новую місію. Пасля крыжа Ты стала па-новаму Маці, гэта значыць Маці тых, хто хоча верыць у Твайго Сына і ісці за Ім. Меч болю прайшоў праз Тваё сэрца. Ці памерла надзея? Ці свет застаўся без святла, а жыццё без мэты? У гэтую гадзіну Ты, несумненна, зноў пачула словы анёла, якімі ён адказаў на Твой страх у момант звеставання: «Не бойся, Марыя!» (Лк 1, 30). Як часта Пан, Твой Сын, казаў тое ж сваім вучням: «Не бойцеся!» У ноч Галготы Ты зноў чула гэтыя словы ў сваім сэрцы. Перад гадзінай здрады Ён сказаў сваім вучням: «Будзьце мужнымі, Я перамог свет» (Ян 16, 33). «Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца» (Ян 14, 27). «Не бойся, Марыя!» У гадзіну Назарэта анёл таксама сказаў Табе: «Валадарству Яго не будзе канца» (Лк 1, 33). А можа, яно скончылася, перш чым пачацца? Ні ў якім разе, каля крыжа, паводле слова самога Езуса, Ты стала Маці ўсіх вернікаў. З гэтай верай, якая нават у змроку Вялікай суботы была праўдзівай надзеяй, Ты выйшла насустрач раніцы Пасхі. Радасць уваскрасення ўзрушыла Тваё сэрца, і Ты па-новаму злучылася з вучнямі, якія павінны былі стаць сём’ёй Езуса праз веру. Ты была ў супольнасці вернікаў, якія пасля ўнебаўшэсця Пана аднадушна маліліся аб дары Духа Святога (пар. Дз 1, 14) і атрымалі Яго ў дзень Пяцідзесятніцы. «Валадарства» Езуса аказалася не такім, як уяўлялі людзі. Гэтае «валадарства» пачалося ў тую гадзіну і ніколі не будзе мець канца. Так, Ты застаешся сярод вучняў як іх Маці, як Маці надзеі. Святая Марыя, Маці нашая, навучы нас верыць, мець надзею і любіць разам з Табою. Пакажы нам шлях да Яго валадарства! Зорка мора, свяці нам і кіруй намі на нашым шляху.

 Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 30 лістапада 2007 года, у свята св. Андрэя апостала, у трэці год Нашага Пантыфікату.

BENEDICTUS PP. XVI

Corpus Inscriptionum Latinоrum, VI, n. 26003.

Пар. Poemata dogmatica, V, 53–64: PG 37, 428–429.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiae, nn. 1817–1821.

Summa Theologiae II–IIae, q. 4, a. 1.

H. Köster: ThWNT, VIII (1969) 585.

De excessu fratris sui Satyri, II, 47: CSEL 73, 274.

Тамсама, II, 46: CSEL 73, 273.

Пар. Ep. 130 Ad Probam 14, 25 – 15, 28: CSEL 44, 68–73.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiаe, n. 1025.

Jean Giono, Les vraies richesses (1936), Préface, Paris 1992, pp. 18–20, у: Henri de Lubac, Catholicisme. Aspects sociaux du dogme, Paris 1983, p. VII.

Ep. 130 Ad Probam 13, 24: CSEL 44, 67; пар. Цім 1,5.

Sententiae III, 118: CCL 6/2, 215.

Пар. тамсама, III, 71: CCL 6/2, 107–108.

Novum Organum I, 117.

Пар. тамсама, I, 10.

New Atlantisv.

У: Werke, IV, апрац. W. Weischedel (1956), 777.

I. Kant, Das Ende aller Dinge, у: Werke VI, апрац. W. Weischedel (1964), 190.

Capita de charitate, Centuria 1, cap. 1: PG 90, 965.

Пар. тамсама: PG 90, 962–966.

Conf. X, 43, 70: CSEL 33, 279.

Sermo 340, 3: PL 38, 1484; пар. F. Van der Meer, Augustinus der Seelsorger (1951), 318.

Sermo 339, 4: PL 38, 1481.

Conf. X, 43, 69: CSEL 33, 279.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiae, n. 2657.

Пар. In 1 Ioannis 4,6: PL 35, 2008s.

Пар. Testimoni della speranza, Città Nuova 2000, 156s.

Breviarium Romanum, Ad Officium lectionis, 24 Novembris.

Sermones in Cant., Serm. 26,5: PL 183,906.

Negative Dialektik (1966), pars tertia, III, 11, у: Gesammelte Schriften, Bd. VI, Frankfurt/Main 1973, 395.

Тамсама., pars altera, 207.

DS 806.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiae, nn. 988–1004.

Пар. тамсама, n. 1040.

Пар. Tractatus super Psalmos, Пс 128 (127), 1–3: CSEL 22, 628–630.

Gorgias 525a–526c.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiae, nn. 1033–1037.

Пар. тамсама, nn. 1023–1029.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiae, nn. 1030–1032.

Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiae, n. 1032.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Хостинг от uCoz