Традыцыі народнага хрысціянства:

Папялец і Вялiкi пост

Апошнi дзень Запустаў, карнавальнага тыдня перад Вялiкi постам, называецца Тлустым ауторкам. На нашых землях ён не абыходзіўся так маштабна і весела, як у некаторых заходніх краінах, напрыклад, у Англіі і Францыі, дзе карнавальныя забавы набывалі найбольшы размах, а галоўнай святочнай стравай были разнастайныя бліны.

На землях даўняй Рэчы Паспалiтай, пакуль уплыў хрысцiянства не аслабеў, у Тлусты ауторак адбывалася «замыканне» Запустаў. Моладзь збiралася ў карчме цi ў нейчай большай хаце, каб развiтацца з вясёлым i бесклапотным карнавальным часам. Карнавальныя (запустовыя) забавы працягвалiся да самага канца аўторка, але пад вечар у iх пачыналi пераважаць сумныя ноткi, прадчуванне доўгага перыяду суму i развагi — i, мiж iншым, вяртання да цяжкай вясковай працы, якой так шмат увесну.

Вячэра традыцыйна ўжо была поснай: малочныя стравы, яйкi, селядцы. Музыка і жарты сціхалi незадоўга да поўначы i адбывалiся ўрачыстыя, па-барочнаму тэатральныя, рытуалы «замыкання». Яны выглядалi крыху па-рознаму ў розных рэгiёнах, але асноўныя атрыбуты iх былi агульнымi: попел як сiмвал Папяльца i селядзец — галоўны посны ласунак.

У лiтоўскай народнай традыцыi, якая, магчыма, сустракалася i на паўночным захадзе Беларусi, у канцы аўторкавай вячэры ў карчму цi ў хату, дзе яна адбывалася, прыходзiлi дзве сiмвалiчныя постацi, адна з якiх прадстаўляла «сала», а другая — «каноплi», i памiж iмi адбывалася iнсцэнiраванае змаганне, з прадказальным вынiкам: перамагалi «каноплi» (крынiца поснага канаплянага алею, на якiм належала ўсё смажыць у наступныя 40 дзён). Сала ж, якое выступала метафарай не толькi тлушчу для смажання, але i мяса ўвогуле, прысаромленае, вымушана было саступiць.

На працягу стагоддзяў селядцы былі ці не асноўным артыкулам імпарту ў Польшчы, Лiтве i Беларусi, прычым гэты попыт стымуляваўся менавiта традыцыямі хрысціянскага посту.

Селядзец — тыпова посная ежа. Самы распаўсюджаны на Балтыцы і ў Паўночным моры і досыць лёгкi ў здабычы, а таму адносна танны, селядзец быў цi не адзінай марской рыбай, вядомай «паспалiтаму» беларусу. Далей па ступені даступнасцi ішла траска, таксама тыпова посная ежа, яна была вядомай ужо толькi шляхце. Увозіліся не толькі самі селядцы, але нават і лёк — селядцовы расол — посны «ласунак» для самых бедных. Вядомы этнограф П. Шэйн ужо на пачатку ХХ ст. занатаваў:  «Брудная каламутная селядцовая жыжка ставіцца ў місцы на стол і складае мачанне для хлеба, сачнёў, рэдка — бліноў. Вядома, што пасля спажывання ляку кожны, пакутуючы ад смагі, увесь час п’е — не нап’ецца».

За Тлустым аўторкам надыходзіць Папяльцовая серада або Папялец — першы дзень 40-дзённага Вялікага посту ў католікаў. Назва паходзіць ад абраду пасыпання падчас святой Імшы галоваў вернікаў попелам, калі святар прамаўляе наступныя словы: «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся». Гэты абрад мае на мэце настроіць хрысціяніна на пакаянне і самаабмежаванне на ўвесь перыяд Вялікага посту.

У некаторых краінах на Папялец крэсляць попелам знак крыжа на чале верніка, і людзі ходзяць з гэтым крыжам ўвесь дзень, не саромеючыся і не звяртаючы ўвагі на кпіны або здзіўленыя позіркі.

Абавязак вернікаў у гэты дзень — сціслы пост не толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненні (дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта). Многія па традыцыі ўжывалі толькі хлеб і ваду. У гэты дзень прынятыя стравы з селядца, з ХІХ ст. — з бульбы, а таксама боршч, садавіна і г. д.

Даўней у час посту хлеб было прынята шмараваць павідлам, а не маслам, або мачаць яго ў алей. Селядцы гатавалі без смятаны, каву падавалі без вяршкоў і без цукру (а часам яе адмыслова замянялі цыкорыем або паленымі жалудамі). Пілі не гарбату, а ліпавае квецце, часам з сухарами. Не гралі вясёлай музыкі, не танцавалі полек і мазурак, нават у дзяцей забіралі  улюбёныя цацкі, пакідаючы ім хіба самыя занядбаныя. Ну і, зразумела, нельга было спажываць ані алкаголю, ані тытуню.

Вялікі пост — час цішыні і рэфлексіі, які мусіць схіліць душы да лепшых намераў і ўчынкаў. 40-дзённы працяг усталяваны невыпадкова: роўна столькі трываў патоп і побыт Езуса ў пустыні, і столькі ж гадоў Майсей вёў народ Божы ў зямлю абяцаную.

У Рэчы Паспалiтай ад пачатку XVIII ст. iснавала свая унiкальная традыцыя адарацыйных набажэнстваў у перыяд Вялікага посту, якая не сустракалася больш нiдзе ў каталiцкiм свеце: Песнi Жальбы, якiя можна назваць таксама драматычнай араторыяй, што прадстаўляе цярпенне Хрыста, якое асабiста перажываецца вернiкамi. Гэтая традыцыя некалi была вельмi глыбока ўкаранёная ў народнай свядомасцi (напрыклад, так называўся першы зборнiк вершаў Якуба Коласа, відавочна, часткова натхнёны рэлігійнымі матывамі).

Алесь Белы

 

Хостинг от uCoz