ЧАСТКА ДРУГАЯ

VERBUM IN ECCLESIA

«А тым, хто прыняў Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» (Ян
1, 12)

 БОЖАЕ СЛОВА І КАСЦЁЛ 


Касцёл прымае Слова
 

50. Пан вымаўляе сваё Слова, каб Яго прынялі тыя, хто быў створаны менавіта «праз» тое самае Слова. «Да свайго прыйшло» (Ян 1, 11); ад пачатку Слова не чужое нам, а стварэнне і Божае жыццё павінны былі быць у цесных адносінах. Пралог чацвёртага Евангелля кажа пра адкідванне Божага Слова «сваімі», якія «Яго не прынялі» (Ян 1, 11). Не прыняць Яго - значыць не слухаць Яго голасу, не падпарадкавацца Слову (Logos). Але там, дзе чалавек, хоць слабы i грэшны, шчыра адкрываецца на сустрэчу з Хрыстом, распачынаецца радыкальная перамена: «А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» (Ян 1, 12). Прыняць Слова значыць дазволіць, каб Яно нас фарміравала, каб мы моцаю Духа Святога прыпадобніліся да Хрыста, Адзінароднага Сына, які прыходзіць ад Айца (пар. Ян 1, 14). Гэта пачатак новага стварэння, нараджэнне новага стварэння, новага народу. Тыя, хто верыць, гэта значыць тыя, хто паслухмяны веры, хто «ад Бога нарадзіўся» (Ян 1, 13), становяцца ўдзельнікамі Божага жыцця: «сынамі ў Сыне» (пар. Гал 4, 5-6; Рым 8, 14-17). Св. Аўгустын, каменціруючы гэты ўрывак Евангелля паводле Яна, вобразна кажа: «Ты быў створаны праз Слова, але неабходна, каб праз Слова адрадзіўся»174 . Вымалёўваецца тут аблічча Касцёла як рэчаіснасці, акрэсленай прыняццем Божага Слова, якое становіцца целам, якое прыйшло і пасялілася між нас (пар. Ян 1, 14). Гэтае прабыванне Бога сярод людзей, гэтае shekinah, прадказанае ў Старым Запавеце (пар. Зых 26, 1), адбываецца цяпер праз канчатковае прабыванне Бога з людзьмі ў Хрысце. 

 Пастаянная прысутнасць Хрыста ў жыцці Касцёла 

51. Адносін паміж Хрыстом, Словам Айца, і Касцёлам нельга разумець у катэгорыях звычайнай падзеі мінулага, бо гэта жывыя адносіны, да ўстанаўлення якіх пакліканы кожны вернік. Мы кажам пра прысутнасць Божага Слова сярод нас сёння: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Папа Ян Павел ІІ казаў: «Пастаянная прысутнасць Хрыста каля чалавека кожнай эпохі ажыццяўляецца ў Яго целе, якім ёсць Касцёл. Таму Хрыстус абяцаў сваім вучням Духа Святога, які павінен быў ім «нагадаць» i растлумачыць Яго запаведзі (пар. Ян 14, 26) i стаць крыніцай новага жыцця ў свеце (пар. Ян 3, 5-8; Рым 8, 1-13)»175 . Дагматычная канстытуцыя Dei Verbum выяўляе гэтую таямніцу, карыстаючыся біблійным вобразам абранніцкага дыялогу: «Бог, які калісьці прамовіў, няспынна размаўляе з абранніцай свайго ўмілаванага Сына. І Дух Святы, праз якога ў Касцёле, а праз яго і ва ўсім свеце гучыць жывы голас Евангелля, прыводзіць вернікаў да паўнаты праўды і шчодра пасяляе ў іх слова Хрыста (пар. Клс 3, 16)»176 

Абранніца Хрыста, настаўніца слухання, з верай паўтарае і сёння: «Кажы, Пане, Твой Касцёл Цябе слухае»177 . Таму Дагматычная канстытуцыя Dei Verbum пачынаецца словамі: «Пабожна слухаючы і верна абвяшчаючы Божае слова, Святы Сабор <...> »178 . Фактычна гэта дынамічнае азначэнне жыцця Касцёла: «Гэтымі словамі Сабор паказвае тое, што адрознівае Касцёл: ён з’яўляецца супольнасцю, якая слухае Божае слова і абвяшчае яго. Касцёл не жыве самім сабою, але Евангеллем, з якога заўсёды і пастаянна нанова чэрпае ўказанні на далейшую дарогу. Толькі той, хто найперш слухае Божае слова, можа стаць пазней яго вестуном. Гэтыя словы павінен узяць сабе да сэрца і аднесці да сябе кожны хрысціянін»179 . У Божым слове, абвешчаным і слуханым, а таксама ў сакрамэнтах Езус кажа сёння, цяпер і тут, кожнаму з нас: «Я - твой, аддаюся табе», каб чалавек мог Яго прыняць і адказаць: «Я - твой»180 . Так Касцёл паўстае як асяродак, у якім дзякуючы ласцы мы можам адчуць тое, пра што кажа Пралог св. Яна: «А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» (Ян 1, 12). 

 ЛІТУРГІЯ – ПРЫВІЛЕЯВАНАЕ МЕСЦА БОЖАГА СЛОВА 

Божае слова ў святой Літургіі 

52. Гледзячы на Касцёл як на «дом Слова»181 , трэба найперш сканцэнтраваць увагу на святой Літургіі. Бо гэта прывілеяваны асяродак, у якім Бог прамаўляе да нас у рэчаіснасці нашага жыцця, прамаўляе сёння да свайго народу, які слухае і адказвае. Кожнае літургічнае дзеянне па сваёй натуры насычана Святым Пісаннем. Як сцвярджае канстытуцыя Sacrosanctum Concilium, «Святое Пісанне мае найвялікшае значэнне ў цэлебрацыі Літургіі, бо з яго бяруцца чытанні, якія тлумачацца ў гаміліі, і псальмы, якія спяваюцца. З яго чэрпаюць сваё натхненне і свой дух просьбы, малітвы і літургічныя песні. У ім таксама трэба шукаць значэнне дзеянняў і знакаў»182 . Больш за тое, трэба сказаць, што сам Хрыстус «прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаюць Святое Пісанне, гаворыць Ён сам»183 . Сапраўды, «літургічная цэлебрацыя становіцца няспынным, поўным і дзейсным абвяшчэннем Божага слова. Такім чынам, Божае слова, якое абвяшчаецца ў Літургіі, заўсёды з’яўляецца жывым і дзейсным праз моц Духа Святога і выяўляе чынную і невычэрпную ў сваёй плённасці любоў Айца да людзей»184 . Касцёл заўсёды даваў сведчанне разумення, што ў літургічнай дзейнасці Божае слова лучыцца з унутраным дзеяннем Духа Святога, праз якога яно дзейнічае ў сэрцы вернікаў. На самай справе гэта дзякуючы Параклету «Божае слова становіцца падмуркам літургічнага дзеяння, нормай і падтрымкай усяго жыцця. Дзеянне Святога Духа <...> падказвае сэрцу кожнага ўсё тое, што пры абвяшчэнні Божага слова гаворыцца для ўсёй супольнасці вернікаў. Умацоўваючы адзінства ўсіх, Дух Святы ажыўляе розныя дары і спрыяе іх разнастайнаму праяўленню»185 

Таму трэба зразумець і выкарыстаць асноўнае значэнне, якое літургічнае дзеянне мае для зразумення Божага слова. У пэўным сэнсе пунктам аднясення герменеўтыкі веры, якая датычыць Святога Пісання, павінна быць заўсёды Літургія, у якой Божае слова цэлебруецца як актуальнае і жывое слова: «У Літургіі Касцёл верна трымаецца спосабу чытання і тлумачэння Святога Пісання, які выкарыстоўваў сам Хрыстус, калі ад пачатку сваёй місіі заахвочваў даследаваць усё Пісанне»186 

Гэта бачна таксама ў мудрай педагогіцы Касцёла, які абвяшчае Святое Пісанне і слухае яго ў рытме літургічнага года. Гэтае абвяшчэнне і слуханне Божага слова ў часе мае месца асабліва ў Эўхарыстыі, а таксама ў Літургіі гадзінаў. У цэнтры ўсяго ззяе Пасхальная таямніца, з якой звязаны ўсе таямніцы Хрыста і гісторыя збаўлення, якія сакрамэнтальна ажыццяўляюцца. «Такім чынам святкуючы таямніцы Адкуплення, Касцёл адкрывае вернікам багацце збаўчых цнот і заслуг свайго Пана так, што яны выяўляюцца ўвесь час, каб вернікі сустрэліся з імі і напоўніліся ласкай збаўлення»187 . Таму заклікаю пастыраў Касцёла і супрацоўнікаў пастыраў да такой фармацыі ўсіх вернікаў, каб яны адчулі смак глыбокага сэнсу Божага слова, прадстаўленага ў Літургіі падчас усяго года, паказваючы асноўныя таямніцы нашай веры. Ад гэтага залежыць таксама адпаведны падыход да Святога Пісання. 

 Святое Пісанне і сакрамэнты 

53. Разглядаючы тэму значэння Літургіі ў разуменні Божага слова, Сінод Біскупаў хацеў таксама падкрэсліць сувязь паміж Святым Пісаннем і сакрамэнтальным дзеяннем. Надзвычай адпаедным з’яўляецца зразуменне сувязі паміж словам і сакрамэнтам, як ў пастырскай дзейнасці Касцёла, так і ў тэалагічных даследаваннях188 . Канешне «літургія слова – гэта важны элемент у справаванні кожнага сакрамэнту Касцёла»189 ; аднак у пастырскай практыцы вернікі не заўсёды разумеюць гэтую сувязь, а таксама не заўважаюць еднасць жэсту і слова. Гэта «заданне святароў і дыяканаў, асабліва калі яны цэлебруюць сакрамэнты, паказваючы еднасць, якую ствараюць слова і сакрамэнты ў місіі Касцёла»190 . У адносінах паміж словам і сакрамэнтальным жэстам выяўляецца ў літургічнай форме дзеянне Бога ў гісторыі праз дзейсны характар самога слова. У гісторыі збаўлення няма падзелу паміж тым, што кажа Бог, i тым, што Ён здзяйсняе; Яго слова жывое і дзейснае (пар. Гбр 4, 12), на што дарэчы ўказвае значэнне габрэйскага выразу dabar

Таксама ў літургічнай дзейнасці маем дачыненне з Яго словам, якое ажыццяўляе тое, пра што кажа. Выхаванне Божага народу да адкрыцця дзейснага характару Божага слова ў Літургіі дапамагае таксама зразумець дзеянне Бога ў гісторыі збаўлення і ў асабістай гісторыі кожнага, хто да яго належыць. 

 Божае слова і Эўхарыстыя 

54. Тое, што агульна кажам пра адносіны паміж словам і сакрмэнтамі, мае больш глыбокае значэнне адносна эўхарыстычнай цэлебрацыі. Унутраная еднасць Божага слова і Эўхарыстыі ўкаранёная зрэшты ў сведчанні Святога Пісання (пар. Ян 6; Лк 24), засведчаная Айцамі Касцёла і пацверджаная Другім Ватыканскім Саборам191 . Прыгадаем вялікую мову Езуса пра хлеб жыцця, якая была абвешчана ў сінагозе ў Кафарнауме (пар. Ян 6, 22-69) і якая змяшчае ў сабе параўнанне Майсея з Езусам – таго, які размаўляў тварам ў твар з Богам (пар. Зых 3, 11), з тым, які аб’явіў Бога (пар. Ян 1, 18). У мове пра хлеб згадваецца Божы дар, які Майсей атрымаў для свайго народу ў постаці манны на пустыні і якім на самай справе з’яўляецца Torah – Божае слова, якое дае жыццё (пар. Пс 119 [118]; Прып 9, 5). Езус ажыццяўляе ў сабе даўні правобраз: «хлеб Божы – гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету <…> Я – хлеб жыцця» (Ян 6, 33-35). Тут «Закон стаўся Асобай. У сустрэчы з Езусам мы кормімся Езусам, можна сказаць самім жывым Богам, сапраўды спажываем „хлеб з неба”»192 . У мове ў Кафарнауме Янаў Пралог набывае больш глыбокае значэнне: калі ў ім Божае Слова (Logos) становіцца целам, тут гэтае цела становіцца «хлебам» дадзеным для жыцця свету (пар. Ян 6, 51), што з’яўляецца алюзіяй дару, які Езус учыніў з сябе ў таямніцы крыжа і што пацвярджаюць словы пра Яго Кроў, дадзеную для «піцця» (пар. Ян 6, 53). І так у таямніцы Эўхарыстыі паказана, што такое праўдзівая манна, праўдзівы хлеб з неба: гэта Божае Слова (Logos), якое сталася целам, якое аддало сябе за нас у Пасхальнай таямніцы. 

Апавяданне св. Лукі пра вучняў з Эмаус дазваляе нам пайсці яшчэ далей у разважаннях на тэму сувязі паміж слуханнем слова і ламаннем хлеба (пар. Лк 24, 13-35). Езус падышоў да іх назаўтра пасля шабату, слухаў як гаварылі пра свае няспоўненыя спадзяванні; ідучы з імі, Ён «растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго» (Лк 24, 27). Абодва вучні пачынаюць глядзець па новаму на Пісанні разам з Падарожным, які паказвае незвычайнае веданне іх жыцця. Тое, што здарылася ў тыя дні, не з’яўляецца ўжо паражэннем, але спаўненнем і новым пачаткам. Аднак нават гэтыя словы не здаюцца яшчэ дастатковымі для двух вучняў. Евангелле Лукі кажа нам, што «адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго» (Лк 24, 31) толькі тады, калі Езус узяў хлеб, прамовіў благаслаўленне, паламаў яго і даў ім, раней жа «вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго» (Лк 24, 16). Прысутнасць Езуса, найперш Яго слова, а затым жэст ламання хлеба дазволілі вучням распазнаць Яго; яны могуць яшчэ раз і наноў адчуць тое, што ўжо раней перажылі з Ім: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» (Лк 24, 32). 

 55. З вышэйсказанага бачна, што само Пісанне дае нам падказкі, якія дазваляюць заўважыць яго непарыўную сувязь з Эўхарыстыяй. «Таму трэба заўсёды памятаць, што Божае слова, якое Касцёл чытае і абвяшчае падчас Літургіі, вядзе да ахвяры запавету і да гасціны ласкі, гэта значыць, да Эўхарыстыі»193 . Слова і Эўхарыстыя так цесна звязаны з сабой, што нельга зразумець першага без другога: Божае слова становіцца сакрамэнтальным целам у эўхарыстычнай падзеі. Эўхарыстыя адкрывае нас на разуменне Святога Пісання, так як Святое Пісанне асвятляе і тлумачыць эўхарыстычную таямніцу. Фактычна, калі не прызнаецца, што Пан рэальна прысутнічае ў Эўхарыстыі, разуменне Пісання застаецца няпоўным. Таму «Касцёл заўсёды і ўсюды з аднолькавай руплівасцю, хоць і ў розных формах культу, ушаноўваў і хоча ўшаноўваць Божае слова і эўхарыстычную таямніцу. Натхнёны прыкладам свайго Заснавальніка, Касцёл ніколі не пераставаў святкаваць Яго Пасхальную таямніцу, збіраючыся разам, каб чытаць “тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго” (Лк 24, 27) і здзяйсняць справу збаўлення праз успамін Пана і сакрамэнты»194 

 Сакрамэнтальнасць слова 

56. Паўторнае адкрыццё дзейснага характару Божага слова ў сакрамэнтальным дзеянні і паглыбленне сувязі Слова з Эўхарыстыяй вядзе нас да вельмі важнай тэмы, якая нарадзілася падчас Сінадальнага Сходу, а датычыць яна сакрамэнтальнасці слова195 . Варта ў гэтым кантэксце нагадаць, што папа Ян Павел ІІ казаў пра «сакрамэнтальны аспект Аб’яўлення і асабліва эўхарыстычнага знаку, у якім непарыўная еднасць паміж самой рэччу і яе значэннем дазваляе ўсвядоміць глыбіню таямніцы»196 . Так разумеем, што крыніцай сакрамэнтальнасці Божага слова з’яўляецца менавіта таямніца ўцелаўлення: «Слова сталася целам» (Ян, 1, 14), рэчаіснасць аб’яўленай таямніцы становіцца для нас даступнай у «целе» Сына. Такім чынам Божае слова можа заўважацца ў веры праз пасрэдніцтва «знаку», якім з’яўляюцца словы i чалавечыя жэсты. Вера распазнае Божае слова, прымаючы жэсты і словы, у якіх Ён сам нам паказваецца. Сакрамэнтальны гарызонт Аб’яўлення ўказвае на гісторыка-збаўчыя акалічнасці, у якіх Божае Слова ўваходзіць у час і прастору, становіцца суразмоўцам чалавека, пакліканага прыняць у веры Яго дар. 

Сакрамэнтальнасць слова становіцца зразумелай праз аналогію з сапраўднай прысутнасцю Хрыста ў кансэкраваных постацях хлеба і віна197 . Прыступаючы да алтара і ўдзельнічаючы ў эўхарыстычнай гасціне, сапраўды прымаем у Камуніі Цела і Кроў Хрыста. Абвяшчэнне Божага слова падчас цэлебрацыі вядзе да прызнання, што прысутнічае сам Хрыстус, які прамаўляе да нас198 , каб мы прынялі Яго. Наконт таго, як трэба адносіцца да Эўхарыстыі і да Божага слова, св. Геранім піша: «Мы чытаем Святое Пісанне. Думаю, што Евангелле – гэта цела Хрыста; думаю, што Святое Пісанне – гэта Яго вучэнне. А калі Ён гаворыць: „Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай” (Ян 6, 53), то хоць гэтыя словы можна разумець у аднясенні да [эўхарыстычнай] таямніцы, не менш аднак цела Хрыста і Яго Кроў сапраўды з’яўляюцца словам Пісання, Божым вучэннем. Калі маем дачыненне з [эўхарыстычнай] таямніцай, і падае крошка, адчуваем сябе загубленымі. Калі ж слухаем Божае слова, і яно пранікае ў нашыя вушы, а таксама цела Хрыста і Яго кроў, а мы думаем пра штосьці іншае, якая ж вялікая небяспека нам пагражае?»199  Хрыстус, сапраўды прысутны ў постацях хлеба і віна, аналагічна прысутнічае ў Слове, якое абвяшчаецца ў Літургіі. Паглыбленне сэнсу сакрамэнтальнасці Божага слова можа спрыяць лепшаму зразуменню цэласнасці таямніцы Аб’яўлення ў «справах і словах, знітаваных цеснай унутранай сувяззю»200 , прыносячы карысць духоўнаму жыццю верных i пастырскай дзейнасці Касцёла. 

 Святое Пісанне і Лекцыянарый 

57. Падкрэсліваючы сувязь Слова з Эўхарыстыяй, Сінод слушна нагадаў таксама пра некаторыя аспекты цэлебрацыі, цесна звязанай з паслугай слова. Хацеў бы найперш звярнуць увагу на тое, наколькі важным з’яўляецца Лекцыянарый. Рэформа, распачатая Другім Ватыканскім Саборам201  прынесла плёны, даючы больш шырокі доступ да Святога Пісання, якое багата прапануецца, асабліва падчас нядзельнай Літургіі. Сённяшняя структура часта прадстаўляе найважнейшыя тэксты Пісання, а таксама спрыяе разуменню еднасці Божага плану, паказваючы сувязі паміж чытаннямі Старога і Новага Запавету, у цэнтры якіх «стаіць Хрыстус, які ўшаноўваецца ў сваёй Пасхальнай таямніцы»202 . Некаторыя цяжкасці, што надалей існуюць у разуменні сувязяў паміж чытаннямі з абодвух Запаветаў, трэба разглядаць у святле кананічнага чытання, гэта значыць у святле ўнутранай еднасці ўсёй Бібліі. Там, дзе выступае такая патрэба, адпаведныя інстытуцыі павінны заняцца апублікаваннем дапаможных матэрыялаў, якія аблегчаць зразуменне сувязі паміж прапанаванымі ў Лекцыянарыі чытаннямі, якія цалкам павінны быць абвешчаныя на літургічным сходзе, як гэта прадбачыць літургія дня. Іншыя магчымыя праблемы і цяжкасці трэба прадстаўляць Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. 

Мы не павінны таксама забываць, што цяперашні Лекцыянарый лацінскага абраду мае таксама экуменічнае значэнне, бо карыстаюцца ім і цэняць яго таксама вызнанні, якія яшчэ не знаходзяцца у поўнай еднасці з каталіцкім Касцёлам. Інакш выглядае справа Лекцыянарыя ў Літургіі каталіцкіх Усходніх Касцёлаў, таму Сінод просіць аб яго «аўтарытатыўным аналізе»203 , згодна з традыцыяй і кампетэнцыямі Касцёлаў sui iuris i з улікам таксама і ў гэтым выпадку экуменічнага кантэксту. 

 Абвяшчэнне Божага слова і паслуга лектараў 

58. Ужо падчас сінадальнага сходу, прысвечанага Эўхарыстыі, мы прасілі аб большай стараннасці ў чытанні Божага слова204 . Як вядома, наколькі Евангелле чытаецца святаром або дыяканам, настолькі чытанне першага і другога фрагменту Святога Пісання ў лацінскай традыцыі рэкамендуецца здзяйсняць лектару, мужчыне або жанчыне. Наконт гэтага хачу выказаць пажаданне Айцоў Сіноду, якія таксама пры гэтай нагодзе падкрэслілі, што патрэбна падрыхтоўка – праз адпаведную фармацыю205  – для выканання абавязку лектара падчас літургічнай цэлебрацыі206 , а асабліва да лектарату, які ў лацінскім абрадзе з’яўляецца паслугаю свецкіх. Неабходна, каб лектары, якія выконваюць гэтую паслугу, нават калі не былі ўстаноўленыя, мелі сапраўды адпаведную і старанную падрыхтоўку, як біблійную і літургічную, так і тэхнічную: «біблійнае навучанне павінна быць накіравана на тое, каб лектары разумелі чытанні ў іх уласным кантэксце і праз святло веры спасцігалі сутнасць аб’яўленага слова. Літургічнае навучанне павінна даць лектарам пэўнае разуменне сэнсу і структуры літургіі слова, а таксама сувязі паміж літургіяй слова і эўхарыстычнай літургіяй. Тэхнічная падрыхтоўка павінна даць лектарам навыкі публічнага чытання як жывым голасам, так і пры дапамозе сучасных гукаўзмацняльных сродкаў»207 

 Значэнне гаміліі 

59. «З волі самога Хрыста новы народ Божы цудоўным чынам складзены з розных членаў. Кожнаму з іх у дачыненні да Божага слова прызначаюцца розныя абавязкі і служэнні. Вернікі слухаюць само слова і разважаюць над ім, але тлумачаць яго толькі тыя, каму абавязак навучання належыць дзякуючы пасвячэнню, або тыя, каму даручана выконваць гэтае служэнне»208 , гэта значыць біскупам, прэзбітэрам і дыяканам. Таму зразумела, чаму Сінод прысвяціў тэме гаміліі столькі ўвагі. Ужо ў паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Sacramentum caritatis я нагадаў, што «з увагі на значэнне Божага слова паўстае неабходнасць палепшыць якасць гаміліі. Яна з’яўляецца “часткай літургічнага дзеяння”; павінна спрыяць больш поўнаму разуменню Божага слова і яго эфектыўнасці ў жыцці вернікаў»209 . Гамілія актуалізуе навіну Святога Пісання, каб вернікі маглі адкрыць прысутнасць і дзейснасць Божага слова у сваім штодзённым жыцці. Яна павінна аблегчыць разуменне цэлебраванай таямніцы, заахвоціць да місіі, рыхтуючы сход да вызнання веры, агульнай малітвы і эўхарыстычнай літургіі. Таму няхай гэтае заданне сапраўды прымуць блізка да сэрца тыя, спецыфічнай паслугай якіх з’яўляецца абвячшчэнне Слова. Трэба пазбягаць гаміліі агульных і абстрактных, якія закрываюць прастату Божага слова, а таксама непатрэбнага мнагаслоўя, што можа весці да засяроджвання ўвагі больш на казнадзеі, чым на сутнасці евангельскага паслання. Вернікам павінна быць зразумела, што казнадзей хоча паказаць Хрыста, які павінен быць у цэнтры кожнай гаміліі. Таму трэба, каб казнадзеі «заставаліся ў сяброўстве» i часта звярталіся да святога тэксту210 ; яны павінны рыхтавацца да гаміліі на медытацыі і малітве, каб прапаведавалі з перакананнем і запалам. Сінадальны Сход заахвочваў задаваць сабе наступнае пытанне: пра што гавораць прачытаныя тэксты? Што яны кажуць мне? Што я павінен сказаць супольнасці ў яе канкрэтнай сітуацыі?211  Казнадзей павінен «першым аднесці да сябе Божае слова, якое абвяшчае212 , бо – як кажа св. Аўгустын – «несумненна безвыніковым будзе дзеянне таго, хто абвяшчае знешне Божае слова, а не слухае яго ў сабе»213 . Трэба з вялікай стараннасцю рыхтаваць нядзельную і святочную гамілію; але нельга таксама забываць пра тое, што на працягу тыдня падчас св. Імшы з народам, калі гэта магчыма, трэба падаваць кароткія разважанні, дастасаваныя да сітуацыі, каб вернікі маглі прыняць пачутае слова і каб яно прынесла плён. 

 Неабходнасць Гамілітычнай дырэкторыі 

60. Прапаведаванне Божага слова з адпаведным аднясеннем да Лекцыянарыя – сапраўды мастацтва, якое трэба развіваць. Таму ў сувязі з тым, аб чым прасіў папярэдні Сінод214  адносна эўхарыстычнага Кампендыя215 , звяртаюся з просьбай да кампетэнтных улад, каб падумалі таксама пра адпаведныя сродкі і матэрыялы, якія дапамогуць святарам як мага лепш выканаць сваё заданне, як напрыклад, Гамілітычная дырэкторыя, у якой казнадзеі змогуць знайсці дапамогу, карысную ў падрыхтоўцы да выканання сваёй паслугі. Як нагадаў нам св. Геранім, прапаведаванню павінна сапутнічаць сведчанне ўласнага жыцця: «Твае чыны няхай не аспрэчваюць твае словы, каб не здарылася так, што калі абвяшчаеш навучанне ў касцёле, хтосьці ў душы не сказаў: „Чаму ж ты сам так не паступаеш?” <...> У выпадку Хрыстовага святара розум і слова павінны згаджацца»216 

 Божае слова, паяднанне і намашчэнне хворых 

61. Хоць у цэнтры адносін паміж Божым словам і сакрамэнтамі знаходзіцца несумненна Эўхарыстыя, трэба аднак падкрэсліць значэнне Святога Пісання таксама ў іншых сакрамэнтах, асабліва ў тых, якія звязаны з аздараўленнем, гэта значыць у сакрамэнце паяднання ці пакаяння, а таксама ў сакрамэнце намашчэння хворых. Часта пры цэлебрацыі гэтых сакрамэнтаў занядбоўваецца аднясенне да Святога Пісання. Трэба запэўніць яму належнае месца. Не трэба ніколі забываць, што «слова Божае ёсць словам паяднання, бо ў ім Бог паяднаў з сабою ўсё (пар. 2 Кар 5, 18-20; Эф 1, 10). Міласэрнае Божае прабачэнне, уцелаўленнем якога ёсць Езус, паднімае грэшніка»217 . «Божае слова асвятляе верніка, каб ён пазнаў свае грахі, яно заклікае яго да навяртання і да веры ў Божую міласэрнасць»218 . Для паглыблення моцы паяднання Божага слова рэкамендуецца, каб кожны пэнітэнт падрыхтаваўся да споведзі, разважаючы адпаведныя фрагменты Святога Пісання, і меў магчымасць распачаць споведзь чытаннем або выслухоўваннем біблійнай перасцярогі, у залежнасці ад таго, што прадбачыць яго ўласны абрад. Пажадана таксама, каб выказваючы скруху, пэнітэнт выкарыстаў «малітву, складзеную са слоў Святога Пісання»219 , прадбачаную абрадамі. Калі гэта магчыма, пажадана, каб у асаблівыя моманты года або, калі гэта здаецца адпаведным, індывідуальная споведзь большай колькасці пэнітэнтаў адбывалася ў межах пакутнага набажэнства, як прадбачыць рытуал, з ушанаваннем розных літургічных традыцый, падчас якога можна прысвяціць больш часу на літургію слова з выкарыстаннем адпаведных чытанняў. 

Таксама, калі маецца на ўвазе сакрамэнт намашчэння хворых, не трэба забываць, што «аздараўляльная моц Божага слова ёсць для таго, хто слухае, жывым заклікам да асабістага навяртання»220 . Многія старонкі Святога Пісання апісваюць суцяшэнне, умацаванне і аздараўленне, якія з’яўляюцца плёнам дзейнасці Бога. Асабліва трэба памятаць, што Езусу былі блізкія церпячыя і што Ён сам, уцелаўлёнае Божае Слова, узяў на сябе нашыя пакуты i цярпеў з любові да чалавека, надаючы сэнс хваробе і смерці. Было б добра, калі б у парафіях, асабліва ў шпіталях, у залежнасці ад акалічнасцяў, сакрамэнт хворых удзялялі супольна. Пры гэтых нагодах трэба прысвяціць больш часу на цэлебрацыю слова і на дапамогу хворым вернікам у перажыванні з верай свайго цярпення ў еднасці з адкупленчай ахвярай Хрыста, які вызваляе нас ад зла. 

 Божае слова і Літургія гадзінаў 

62. Адной з формаў малітвы, у якой Святое Пісанне адыгрывае галоўную ролю, з’яўляецца несумненна Літургія гадзінаў. Айцы Сіноду падкрэслілі, што яна з’яўляецца «прывілеяванай формай слухання Божага слова, бо у ёй вернікі сустракаюцца са Святым Пісаннем, а таксама з жывой Традыцыяй Касцёла»221 . Найперш трэба нагадаць вялікую тэалагічную і эклезіяльную годнасць гэтай малітвы. Бо «падчас Літургіі гадзінаў Касцёл, здзяйсняючы святарскі абавязак сваёй Галавы, “няспынна” (1 Тэс 5,17) прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыць плён вуснаў, што вызнаюць Ягонае імя. Гэтая малітва – “голас самой абранніцы, якая звяртаецца да свайго Абранніка. Больш за тое, гэта малітва Хрыста і Ягонага цела, скіраваная да Айца”»222 . На гэтую тэму Другі Ватыканскі Сабор сказаў: «Кожны, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконвае абавязак Касцёла і ў той жа час удзельнічае ў найвышэйшым гонары абранніцы Хрыста, паколькі, аддаючы Богу хвалу, стаіць перад Божым тронам у імя Маці-Касцёла»223 . Літургія гадзінаў як публічная малітва Касцёла паказвае хрысціянскі ідэал асвячэння ўсяго дня ў рытме, вызначаным праз слуханне Божага слова і малітву псальмамі, каб мэтаю ўсялякай дзейнасці было праслаўленне Бога. 

Няхай тыя, хто з увагі на свой стан жыцця абавязаны чытаць Літургію гадзінаў, верна выконваюць гэты абавязак для дабра ўсяго Касцёла. Біскупы, прэзбітэры і дыяканы, якія рыхтуюцца да святарства, якім Касцёл даручыў яе здзяйсняць, маюць абавязак штодзённа чытаць усе гадзіны224 . Калі маецца на ўвазе абавязак цэлебравання гэтай Літургіі ў каталіцкім Усходнім Касцёле sui iuris, трэба дастасавацца да таго, што прадпісвае іх права225 . Акрамя гэтага заахвочваю супольнасці кансэкраванага жыцця, каб дакладна цэлебравалі Літургію гадзінаў, каб маглі быць прыкладам і натхненнем у духоўным і пастырскім жыцці для ўсяго Касцёла. 

Сінод выказаў жаданне, каб больш распаўсюджваўся сярод Божага народу гэты тып малітвы, асабліва чытання Ютрані і Нешпараў. Гэтае пашырэнне напэўна паглыбіць знаёмасць Божага слова сярод вернікаў. Трэба падкрэсліць таксама значэнне Літургіі гадзінаў, прадугледжанай для І Нешпараў нядзелі і ўрачытсацяў, асабліва ў выпадках каталіцкіх Усходніх Касцёлаў. Таму рэкамендую, каб там, дзе гэта магчыма, у парафіях і супольнасцях кансэкраванага жыцця гэтая малітва чыталася з удзелам вернікаў. 

 Божае слова i Бэнэдыкцыянал 

63. Таксама тады, калі выкарыстоўваецца Бэнэдыкцыянал, трэба памятаць аб прадбачаным абвяшчэнні, слуханні і тлумачэнні Божага слова пры дапамозе кароткіх заўваг. Жэсту благаслаўлення, у выпадках прадугледжаных Касцёлам і калі аб гэтым просяць вернікі, не трэба прапускаць, але трэба ўключаць яго ў адпаведнай ступені ў літургічнае жыццё Божага народу. У гэтым сэнсе благаслаўленне як сапраўдны святы знак, «набывае сэнс і плённасць праз абвяшчэнне Божага слова»226 . Таму важна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці, каб абуджаць у верніках голад і прагненне ўсялякага слова, якое выходзіць з вуснаў Божых (пар. Мц 4, 4). 

 Меркаванні i канкрэтныя прапановы, якія датычаць літургічнай анімацыі 

64. Нагадаўшы некаторыя асноўныя элементы, якія характарызуюць адносіны паміж Літургіяй і Божым словам, хачу цяпер падсумаваць і пракаменціраваць некаторыя прапановы i меркаванні, прадстаўленыя Айцамі Сіноду, каб аблегчыць Божаму народу больш часты кантакт з Божым словам у межах літургічных дзеянняў або ў сувязі з імі. 

 a) Цэлебрацыя Божага слова 

65. Айцы Сіноду заклікалі ўсіх пастыраў цэлебраваць у давераных ім супольнасцях набажэнствы слова227 . Гэта прывілеяваныя нагоды для сустрэчы з Панам. Таму гэтая практыка прыносіць вернікам вялікую карысць і трэба яе лічыць важным элементам літургічнага пастырства. Гэтыя цэлебрацыі маюць істотнае значэнне ў падрыхтоўцы нядзельнай Эўхарыстыі, бо даюць вернікам магчымасць лепшага пазнаёміцца з багаццем Лекцыянарыя, каб разважаць над Святым Пісаннем і маліцца ім, асабліва ў адмысловыя перыяды літургічнага года – падчас Адвэнту і Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікоднага перыяду. Цэлебрацыя Божага слова вельмі рэкамендуецца ў тых супольнасцях, у якіх з прычыны адсутнасці святара не можа цэлебравацца эўхарыстычная Ахвяра ў абавязковыя святочныя дні. Беручы пад увагу ўказанні наконт нядзельных сходаў у чаканні на святара228 , сфармуліраваныя ўжо ў паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Sacramentum caritatis, рэкамендую, каб кампетэнтныя ўлады апрацавалі абрадавыя дырэкторыі, улічваючы досвед мясцовых Касцёлаў. Гэта аблегчыць у такіх сітуацыях цэлебрацыю слова, якая ўмацоўвае веру вернікаў, а таксама дазволіць пазбегнуць блытаніны іх з эўхарыстычнымі цэлебрацыямі; яны «павінны быць прывілеяванымі нагодамі для малітвы, каб Бог паслаў святых святароў паводле свайго Сэрца»229 

Акрамя таго, Айцы Сіноду заахвочвалі цэлебраваць Божае слова таксама з нагоды пілігрымак, асабліва святаў, місій для народу, дзён духоўных сустрэч і спецыяльных дзён пакаяння, перапрашэння i прабачэння. Што датычыць розных формаў народнай пабожнасці, то хоць яны не з’яўляюцца літургічнымі дзеяннямі і не трэба іх блытаць з літургічнымі цэлебрацыямі, аднак добра, каб з іх бралі прыклад, а асабліва каб яны ўключалі момант абвяшчэння і слухання Божага слова; сапраўды, «у біблійным слове пабожнасць народу мае невычарпальную крыніцу натхнення, недасягальныя прыклады малітвы, а таксама тэматычныя прапановы»230 

 б) Слова і маўчанне 

66. Айцы Сіноду ў многіх выступленнях падкрэслівалі каштоўнасць маўчання ў аднясенні да Божага слова і яго прыняцця ў жыцці вернікаў231 . Бо слова можа быць сказана і пачута толькі ў цішыні, знешняй і ўнутранай. Наш час не спрыяе засяроджанасці і часам здаецца, што адарванне ад сродкаў масавай камунікацыі хоць бы на хвіліну абуджае амаль страх. Таму сёння вельмі важна часта паўтараць Божаму народу, што маўчанне – гэта каштоўнасць. Адкрыццё нанова таго, што Божае слова адыгрывае галоўную ролю ў жыцці Касцёла, азначае таксама адкрыццё сэнсу засяроджанасці і ўнутранага спакою. Вялікая патрыстычная традыцыя вучыць нас, што таямніца Хрыста спалучана з маўчаннем232 , і толькі ў цішыні Слова можа загасціць у нас, як у выпадку Марыі, жанчыны, у якой Слова было непарыўна звязана з маўчаннем. Нашыя літургіі павінны спрыяць гэтаму сапраўднаму слуханню: Verbo crescente, verba defi ciunt233 . 

Няхай гэтая каштоўнасць выяўляецца асабліва ў літургіі слова, якая «павінна цэлебравацца такім чынам, каб спрыяць разважанню (медытацыі)»234 . Маўчанне, калі яно прадбачыцца, трэба лічыць «як частку літургічнага дзеяння»235 . Таму заклікаю пастыраў, каб яны заахвочвалі знаходзіць час на засяроджанасць, дзякуючы якой з дапамогаю Духа Святога Божае слова прымаецца сэрцам. 

 в) Урачыстае абвяшчэнне Божага слова 

67. Іншая прапанова Сіноду – надаваць, асабліва з нагоды важных літургічных цэлебрацый, урачыстую форму чытанню слова, асабліва Евангелля, праз выкарыстанне Евангеліярыя, які заносіцца ў працэсіі падчас уступных абрадаў, а затым прыносіцца на амбону дыяканам або святаром. Такім чынам аказваецца дапамога Божаму народу ў зразуменні таго, што «вяршыняй літургіі слова з’яўляецца чытанне Евангелля»236 . Ідучы за ўказаннямі, змешчанымі ва Уводзінах да Лекцыянарыя, карысна ўзбагаціць абвяшчэнне Божага слова спевам, асабліва Евангелля, з нагоды пэўных урачыстасцяў. Добрая рэч – спяваць акламацыю, уступнае слова: «Чытанне святога Евангелля...», а таксама заключную акламацыю: «Гэта слова Пана», каб падкрэсліць значэнне таго, што чытаецца237 

 г) Божае слова ў хрысціянскай святыні 

68. Каб аблегчыць слуханне Божага слова, трэба памятаць таксама пра тыя сродкі, якія могуць дапамагчы вернікам лепш засяродзіць сваю увагу. Таму неабходна паклапаціцца пра акустыку сакральных будынкаў, з захаваннем літургічных і архітэктурных нормаў. «Біскупы, адпаведна падтрыманыя, павінны паклапаціцца аб тым, каб будаваныя касцёлы былі адпаведнымі месцамі для абвяшчэння слова, разважання і эўхарыстычнай цэлебрацыі. Няхай таксама тады, калі не адбываюцца літургічныя дзеянні, сакральная прастора будзе вымоўнай, паказваючы хрысціянскую таямніцу ў адносінах да Божага слова»238 

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на амбону як на літургічнае месца, з якога абвяшчаецца Божае слова. Яна павінна быць змешчана ў добра бачным месцы, натуральна прыцягваючы ўвагу вернікаў падчас літургіі слова. Важна, каб гэтае месца было пастаянным і, як скульптурны элемент, эстэтычна спалучаным з алтаром для бачнага падкрэслівання тэалагічнага сэнсу падвойнага стала – слова і Эўхарыстыі. Амбона служыць толькі чытанню імшальных тэкстаў, рэспансарыйнага псальму, а таксама Абвяшчэння Пасхі; можна таксама адтуль прамаўляць гаміліі і чытаць інтэнцыі малітвы вернікаў239 

Айцы Сіноду прапануюць, каб у касцёлах было таксама адпаведнае месца для захоўвання Святога Пісання паміж цэлебрацыямі240 . Слушна, каб кніга, якая змяшчае Божае слова, мела бачнае і годнае пашаны месца ў хрысціянскай святыні, аднак цэнтральнае месца павінен займаць табэрнакулюм, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт241 

 e) Выкарыстанне ў літургіі выключна біблійных тэкстаў 

69. Сінод пацвердзіў тое, што зрэшты ўжо прадпісвае літургічная норма Касцёла242 , а менавіта, што чытанне фрагментаў Святога Пісання ніколі нельга замяняць іншымі тэкстамі, незалежна ад іх значэння з пункту гледжання пастырскага і духоўнага: «ніводзін тэкст з галіны духоўнасці ці літаратуры не можа прыраўноўвацца па каштоўнасці і багаццю са Святым Пісаннем, якое ёсць Божым словам»243 . Гэта вельмі старое распараджэнне Касцёла, якое трэба захоўваць244 . Ужо папа Ян Павел ІІ у сувязі з некаторымі злоўжываннямі звярнуў увагу на тое, наколькі важна ніколі не замяняць Святога Пісання іншымі чытаннямі245 . Нагадваем, што таксама рэспансарыйны псальм з’яўляецца Божым словам, якім мы адказваем на голас Пана, i таму не павінен замяняцца іншымі тэкстамі; пажадана, аднак, маліцца ім у форме спеву. 

 ж) Літургічны спеў, натхнёны Бібліяй 

70. Калі кажам пра каштоўнасць Божага слова падчас літургічнай цэлебрацыі слова, трэба памятаць таксама пра спеў у моманты, прадугледжаныя дадзеным абрадам, і выбіраць тыя з іх, якія маюць выразна біблійнае натхненне і якія дзякуючы гарманічнай сугучнасці слоў і музыкі змогуць выразіць прыгажосць Божага слова. Таму слушным з’яўляецца выкарыстанне тых спеваў, якія перадала нам традыцыя Касцёла і якія адпавядаюць гэтаму крытэрыю. Маю на ўвазе перадусім грыгарыянскі спеў246 

 з) Асаблівы клопат пра невідушчых і глуханямых 

71. У гэтым кантэксце хацеў бы таксама нагадаць пра асаблівы клопат аб тых, каму з прычын здароўя цяжка актыўна ўдзельнічаць у Літургіі, напрыклад, невідушчым і глуханямым. Заахвочваем хрысціянскія супольнасці, каб па меры магчымасці стараліся пры дапамозе адпаведных сродкаў выходзіць насустрач братам і сёстрам, якія маюць такія цяжкасці, каб таксама і яны мелі магчымасць жывога кантакту са словам Пана247 

 БОЖАЕ СЛОВА Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА 

 Сустрэць Божае слова ў Святым Пісанні 

72. Калі праўда, што Літургія – прывілеяванае месца абвяшчэння, слухання і цэлебравання Божага слова, то праўда таксама, што гэтая сустрэча павінна быць падрыхтавана ў сэрцах вернікаў, а перадусім паглыблена і прынята імі. Хрысціянскае жыццё адзначана галоўным чынам сустрэчай з Езусам Хрыстом, які заклікае нас пайсці за Ім. Таму Сінод Біскупаў шматразова падкрэсліваў значэнне пастырства ў хрысціянскіх супольнасцях як уласцівага асяродку, у якім можна ісці шляхам – індывідуальна і ў супольнасці – пазнавання Божага слова, каб яно сталася сапраўды фундаментам духоўнага жыцця. Разам з Айцамі Сіноду выказваю жывое жаданне, каб настала «новая эпоха большага ўмілавання Святога Пісання ўсімі членамі Божага народу, каб дзякуючы іх малітвам і настойліваму чытанню паглыблялася сувязь з асобай Езуса»248 

На працягу гісторыі Касцёла святыя неаднаразова казалі пра неабходнасць пазнання Святога Пісання, каб узрастаць у любові Хрыста. Гэта асабліва бачна ў Айцоў Касцёла. Св. Геранім, вялікі «шанавальнік» Божага слова пытаўся: «Ці можна жыць без ведання Святога Пісання, праз якое мы вучымся пазнаваць самога Хрыста, які з’яўляецца жыццём веруючых людзей?»249  Св. Геранім цалкам усведамляў, што Біблія – гэта прылада, «пры дапамозе якой Бог штодзённа прамаўляе да вернікаў»250 . І таму ён даваў рымскай матроне Леце наступную параду адносна выхавання дочкі: «Пераканайся, што яна штодзённа вучыць нейкі фрагмент Святога Пісання. <...> Пасля малітвы няхай займаецца чытаннем, а пасля чытання – малітвай. <...> Няхай замест упрыгожванняў i шаўковых шат палюбіць Божыя Кнігі»251 . Нас датычыць тое, што св. Геранім пісаў святару Непацыяну: «Чытай часта боскае Пісанне; больш за тое, не выпускай ніколі святой Кнігі з тваіх рук. Навучыся з яе таму, чаму павінен навучыцца»252 . Наследуючы вялікага святога, які прысвяціў жыццё вывучэнню Бібліі і даў Касцёлу яе лацінскі пераклад, называны Вульгатай, а таксама ўсіх святых, чыё духоўнае жыццё было сканцэнтравана вакол сустрэчы з Хрыстом, пастараемся нанова паглыбіцца ў Слова, якое Бог даў Касцёлу. Так мы зможам дасягнуць «высокай меры звычайнага хрысціянскага жыцця»253 , да чаго заахвочваў нас папа Ян Павел ІІ на пачатку трэцяга тысячагоддзя хрысціянства, якое корміцца няспынна слуханнем Божага слова. 

 Біблійная анімацыя пастырства 

73. У гэтым духу Сінод заахвочваў да асаблівага ўдзелу ў пастрыстве, каб паказваць цэнтральнае месца Божага слова ў жыцці Касцёла, рэкамендуючы «больш інтэнсіўнае „біблійнае пастрыства” не як адну з формаў пастырства, але як біблійную анімацыю ўсяго пастырства»254 . Не маецца на ўвазе арганізаванне некалькіх дадатковых сустрэч у парафіі або дыяцэзіі, але праверка, ці звычайная дзейнасць нашых хрысціянскіх супольнасцяў, парафій, таварыстваў і рухаў, сапраўды мае на мэце асабістую сустрэчу з Хрыстом, які аб’яўляецца нам у сваім слове. У гэтым сэнсе, паколькі «няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста»255 , біблійная анімацыя ўсяго звычайнага і надзвычайнага пастырства прычыніцца да лепшага пазнання асобы Хрыста, які аб’явіў Айца i стаў паўнатой Божага Аб’яўлення. 

Таму заахвочваю пастыраў і вернікаў памятаць пра значэнне гэтай анімацыі: гэта будзе таксама найлепшым спосабам пераадолення некаторых пастырскіх праблем, пра якія гаварылася падчас сінадальнага Сходу і якія звязаны, напрыклад, з памнажэннем сект, што прапагандуюць памылковае і інструментальнае чытанне Святога Пісання. Там, дзе вернікаў не ўводзяць у пазнанне Бібліі згодна з верай Касцёла, у плыні яго жывой Традыцыі, фактычна ствараецца пустка, у якой такія рэчаіснасці як секты могуць лёгка пускаць карані. Таму трэба таксама паклапаціцца пра адпаведную падрыхтоўку святароў і свецкіх, каб яны маглі вучыць народ Божы праўдзіваму кантакту са Святым Пісаннем. 

Больш за тое, як падкрэслівалася падчас сінадальных прац, было б добра, каб пастырская дзейнасць спрыяла таксама ўзнікненню шматлікіх малых супольнасцяў, якія складаюцца з сем’яў, укаранёных у парафіях ці звязаных з рознымі касцёльнымі рухамі і новымі супольнасцямі256 , якія пашыралі б малітоўную фармацыю і пазнаванне Бібліі паводле веры Касцёла. 

 Біблійнае вымярэнне катэхезы 

74. Важная галіна пастырства Касцёла, якая дае магчымасць мудра адкрыць нанова цэнтральнае месца Божага слова, з’яўляецца катэхеза, якая ў сваіх розных формах і фазах заўсёды павінна сапутнічаць Божаму народу. Апісаная Евангелістам Лукой сустрэча вучняў з Эмаус з Езусам (пар. Лк 24, 13-35) паказвае ў нейкім сэнсе прыклад катэхезы, у цэнтры якой - «тлумачэнне Пісанняў», якое можа даць толькі Хрыстус (пар. Лк 24, 27-28), паказваючы ў самім сабе іх спаўненне257 . І так нараджаецца зноў надзея, мацнейшая за ўсялякія няўдачы, якая чыніць з гэтых вучняў перакананых і верагодных сведкаў Уваскрослага. 

У Агульнай катэхетычнай дырэкторыі знаходзім важнае ўказанне адносна біблійнай анімацыі катэхезы, да якой варта вяртацца258 . Пры гэтай нагодзе хачу перадусім падкрэсліць, што катэхеза павінна быць «напоўнена і прасякнута думкаю, духам і біблійнымі і евангельскімі падставамі праз пастаянны кантакт з самімі тэкстамі, але таксама нагадаць, што катэхеза будзе настолькі багацейшай і больш плённай, наколькі будзе разумець словы паводле думкі і духа Касцёла; яна павінна натхняцца думкаю і жыццём дзвюх тысяч гадоў Касцёла»259 . Таму трэба заахвочваць да пазнавання постацяў, падзей і асноўных выказванняў святога тэксту; у гэтым можа таксама дапамагчы разумнае завучванне некаторых асабліва вымоўных біблійных фрагментаў, якія датычаць хрысціянскіх таямніц. Катэхетычная дзейнасць прадугледжвае заўсёды пазнаванне Пісанняў у веры і Традыцыі Касцёла, каб гэтыя словы ўспрымаліся як жывыя, як жывым ёсць сёння Хрыстус там, дзе два або тры сабраліся ў Яго імя (пар. Мц 18, 20). Яна павінна жыццёва перадаваць гісторыю збаўлення і змест веры Касцёла, каб кожны вернік прызнаў, што таксама яго існаванне належыць да гэтай гісторыі. 

У гэтай перспектыве важна звярнуць увагу на адносіны паміж Святым Пісаннем і Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, што пацвердзіла Агульная катэхетычная дырэкторыя: «Святое Пісанне, як „Божае слова, запісана пад натхненнем Духа Святога” i Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, як важнае актуальнае выражэнне жывой Традыцыі Касцёла і пэўная норма для навучання веры, маюць заданне, кожнае адпаведным сабе спосабам і адпаведна са сваім аўтарытэтам, ажывіць катэхезу ў сучасным Касцёле»260 

 Біблійная фармацыя хрысціянаў 

75. Каб дасягнуць пастаўленай Сінодам мэты, якой з’яўляецца наданне больш біблійнага характару ўсяму пастырству Касцёла, неабходна адпаведная фармацыя хрысціянаў, а асабліва катэхетаў. У сувязі з гэтым трэба звярнуць увагу на біблійны апасталат, які з’яўляецца, як паказвае эклезіяльны досвед, эфектыўным метадам дасягнення гэтай мэты. Акрамя гэтага Айцы Сіноду рэкамендавалі, каб па меры магчымасці – выкарыстоўваючы існуючыя ўжо акадэмічныя структуры – ствараць асяродкі фармацыі для свецкіх і місіянераў, у якіх можна навучыцца разумець Божае слова, жыць ім і абвяшчаць яго, а там, дзе гэта здаецца неабходным, «адкрываць спецыялізаваныя інстытуты вывучэння Бібліі, каб экзэгеты маглі здабываць салідныя тэалагічныя веды і былі чулымі да кантэксту сваёй місіі»261 

 Святое Пісанне падчас вялікіх касцёльных сустрэч 

76. Сярод многіх ініцыятыў, якія можна рэалізаваць, Сінод прапануе, каб падчас сходаў як на дыяцэзіяльным узроўні, так і нацыянальным ці міжнародным больш падкрэслівалася значэнне Божага слова, яго слуханне, а таксама чытанне Бібліі ў духу веры і малітвы. Таму падчас нацыянальных і міжнародных эўхарыстычных кангрэсаў, сусветных дзён моладзі і іншых сустрэч можна будзе з карысцю прызначыць большае месца на цэлебрацыю слова i біблійную фармацыю262 

 Божае слова і пакліканні 

77. Падкрэсліваючы, што неад’емным патрабаваннем веры з’яўляецца паглыбленне сувязі з Хрыстом, Божым Словам сярод нас, Сінод хацеў таксама падкрэсліць тое, што гэтае Слова заклікае кожнага асабіста, паказваючы такім чынам, што само жыццё – гэта пакліканне адносна Бога. Гэта азначае, што чым больш мы паглыбляем нашую асабістую сувязь з Панам Езусам, тым больш разумеем, што Ён сам кліча нас да святасці, патрабуючы канчатковага выбару, якім нашае жыццё адказвае на Яго любоў, прысвячаючы сябе заданням і паслугам, якія маюць на мэце будаванне Касцёла. У гэтай перспектыве можна зразумець заклікі, якія Сінод скіроўвае да ўсіх хрысціянаў, каб яны паглыблялі сувязь з Божым словам як ахрышчаныя, але таксама як пакліканыя да жыцця згодна з рознымі станамі. Тут закранаем адзін з асноўных пунктаў вучэння Другога Ватыканскага Сабору, які падкрэсліў пакліканне да святасці ўсіх вернікаў, кожнага згодна з уласным станам жыцця263 . Менавіта ў Святым Пісанні знаходзім аб’яўленне нашага паклікання да святасці: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш» (Лев 11, 44; 19, 2; 20, 7). Св. Павел паказвае затым хрысталагічныя падставы гэтага паклікання: Айцец у Хрысце «выбраў нас <…> перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 4). І так можам успрымаць, як скіраванае да кожнага з нас, яго прывітанне братоў і сясцёр з рымскай супольнасці: «Усім <...> умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста» (Рым 1, 7). 

 a) Божае слова і пасвячаныя распарадчыкі 

78. Звяртаючыся цяпер да распардчыкаў у Касцёле, якія атрымалі сакрамэнт пасвячэння, найперш нагадваю ім усім тое, што сказаў Сінод: «Божае слова з’яўляецца неад’емным у выхаванні сэрца добрага пастыра, распардчыка слова»264 . Біскупы, прэзбітэры і дыяканы не могуць цалкам думаць аб перажыванні свайго паклікання і місіі без рашучага і пастаянна новага імкнення да ўласнага асвячэння, адзіным слупом якога з’яўляецца кантакт з Бібліяй. 

 79. Пакліканым да біскупства, якія з’яўляюцца першымі і найбольш аўтарытатыўнымі вестунамі Слова, хачу нагадаць тое, што сцвердзіў папа Ян Павел ІІ у паслясінадальнай адгартацыі Pastores gregis. Каб падтрымліваць i паглыбляць духоўнае жыццё, біскуп павінен заўсёды ставіць «на першым месцы чытанне Божага слова і разважанне над ім. Кожны біскуп павінен заўсёды давярацца і адчуваць сябе давераным „ Богу і слову Ягонай ласкі, які можа збудаваць і даць спадчыну між усіх асвячаных” (Дз 20, 32). Таму, перад тым як сам будзе перадаваць слова, біскуп разам са сваімі прэзбітэрамі і як кожны вернік, а менавіта як увесь Касцёл, павінен слухаць слова. Павінен быць нібы „занураным” у слове, каб яно сцерагло яго і карміла як мацярынскае ўлонне»265 . Раю ўсім братам у біскупстве частае асабістае чытанне i стараннае вывучэнне Святога Пісання на ўзор Марыі, Virgo audiens i Каралевы Апосталаў. 

 80. Таксама ў дачыненні да прэзбітэраў хацеў бы прыгадаць словы папы Яна Паўла ІІ, які ў паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis прыпомніў, што «прэзбітэр – гэта перадусім распарадчык Божага слова, ён кансэкраваны і пасланы абвяшчаць усім Евангелле пра Валадарства, заклікаючы кожнага чалавека да паслухмянасці веры і ведучы вернікаў да штораз глыбейшага пазнання і ўдзелу ў таямніцы Бога, аб’яўленай і перададзенай нам у Хрысце». Таму сам святар павінен часта кантактаваць з Божым словам. «Не можа спыніцца на пазнанні моўных аспектаў ці экзэгетычных, хоць гэта неабходна, з сэрцам паслухмяным і размоленым ён павінен набліжацца да Слова, каб яно пранікнула ў глыбіню яго думак і пачуццяў і нарадзіла ў ім новы менталітэт – „розум Хрыстовы” (1 Кар 2, 16)»266 . У выніку яго слова, яго рашэнні і паставы павінны быць штораз больш выразным абвяшчэннем і сведчаннем пра Евангелле. «Толькі „трываючы” ў слове, святар стане дасканалым вучнем Езуса, пазнае праўду і будзе сапраўды свабодным»267 

Канчаткова пакліканне да святарства патрабуе сапраўднага асвячэння «ў праўдзе». Сам Езус выказвае гэтае патрабаванне да сваіх вучняў: «Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет» (Ян 17, 17-18). Вучні ў пэўным сэнсе «ўведзены ў бліскі кантакт з Богам праз занурэнне ў Божым слове. Слова Бога, калі можна так сказаць, ёсць абмыццём, якое іх ачышчае, творчай моцаю, якая перамяняе іх у Божыя істоты»268 . A паколькі сам Хрыстус – Слова Бога, якое сталася целам (Ян 1, 14), - ёсць «Праўдай» (Ян 14, 6), то малітва Езуса да Айца: «Асвяці іх у праўдзе», азначае ў больш глыбокім сэнсе: «учыні іх адным са Мною, з Хрыстом. З’яднай іх са Мною, Прыцягні да Мяне. Фактычна існуе толькі адзін Святар Новага Запавету - Езус Хрыстус»269 . Таму трэба, каб святары абнаўлялі і паглыблялі ўсведамленне гэтай рэчаіснасці. 

 81. Хацеў бы згадаць пра ролю Божага слова таксама ў жыцці пакліканых да дыяканату, не толькі як ступені, якая папярэднічае прэзбітэрскаму пасвячэнню, але як сталай паслугі. Дырэкторыя аб паслузе і жыцці сталых дыяканаў сцвярджае, што «у тэалагічнай тоеснасці дыякана выразна бачны рысы яго спецыфічнай духоўнасці, якая з’яўляецца ў асноўным духоўнасцю служэння. Самым дасканалым прыкладам з’яўляецца Хрыстус-Слуга, які быў цалкам адданы служэнню Богу дзеля дабра людзей»270 . У гэтай перспектыве зразумела, чаму ў розных вымярэннях дыяканскай паслугі «элементам, які характарызуе духоўнасць дыякана з’яўляецца Божае слова, якога ён павінен быць аўтарытатыўным вестуном, выказваючы веру ў тое, што абвяшчае, навучаючы таму, у што верыць, жывучы тым, чаму вучыць»271 . Таму рэкамендую, каб дыяканы праз вучобу і малітву ўзбагачалі сваё жыццё поўным веры чытаннем Святога Пісання. Няхай будуць уведзеныя ў пазанне Святога Пісання і яго правільную інтэрпрэтацыю; ва ўзаемныя сувязі паміж Пісаннем і Традыцыяй; асабліва ў карыстанне Святым Пісаннем у прапаведаванні, катэхезе і ўвогуле ў пастырскай дзейнасці272 

 б) Божае слова і кандыдаты да пасвячэння 

82. Сінод асабліва падкрэсліў галоўную ролю Божага слова ў духоўным жыцці кандыдатаў да службовага святарства: «Кандыдаты да святарства павінны вучыцца любіць Божае слова. Няхай Святое Пісанне будзе душой іх тэалагічнай фармацыі, пры гэтым трэба звярнуць увагу на неад’емную ўзаемную сувязь паміж экзэгезай, тэалогіяй, духоўнасцю і місіяй»273 . Той, хто рыхтуецца да службовага святарства павінен паглыбляць асабістую сувязь з Божым словам, асабліва праз lectio divina, бо праз такую сувязь умацоўваецца само пакліканне: у святле і ў моцы Божага слова можна адкрыць, зразумець і палюбіць уласнае пакліканне, пайсці за ім і выканаць сваю місію, абуджаючы ў сэрцы Божыя думкі, так каб вера, як адказ на Слова, стала новым крытэрыем суджэння і ацэнкі людзей і рэчаў, падзей і праблем274 

Гэтае падтрыманне малітоўнага чытання Святога Пісання не павінна ніякім чынам аддзяляцца ад неабходнага ў часе фармацыі экзэгетычнага вывучэння. Сінод раіць, каб канкрэтна дапамагалі семінарыстам заўважыць сувязь паміж вывучэннем Бібліі і малітвай пры дапамозе Святога Пісання. Вывучэнне Святога Пісання павінна паглыбляць разуменне таямніцы Божага Аб’яўлення і абуджаць да сведчання малітоўнага адказу Пану, які гаворыць. З другога боку, таксама праўдзівае малітоўнае жыццё чыніць, што ў душы кандыдата ўзрастае жаданне штораз глыбей пазнаваць Бога, які аб’яўляецца ў сваім слове як бясконцая любоў. Таму трэба прыкласці вялікія намаганні, каб у жыцці семінарыстаў развіваліся гэтыя ўзаемныя адносіны паміж вывучэннем i малітвай. Каб дасягнуць гэтай мэты, трэба ўводзіць кандыдатаў у вывучэнне Святога Пісання метадамі, якія спрыяюць інтэгральнаму падыходу. 

 в) Божае слова i кансэкраванае жыццё 

83. Адносна кансэкраванага жыцця Сінод нагадаў перадусім, што «яно нараджаецца са слухання Божага слова і прымае Евангелле як сваю норму жыцця»275 . Жыццё, якое з’яўляецца наследаваннем Хрыста беззаганнага, убогага і паслухмянага становіцца такім чынам «жывой экзэгезай Божага слова»276 . Дух Святы, у моцы якога была напісана Біблія, ёсць тым самым, хто асвятляе «новым святлом Божага слова, скіраванага да заснавальнікаў і заснавальніц. З яго узяла пачатак кожная харызма, а кожная Рэгула хоча быць выразам гэтага»277 , даючы пачатак формам хрысціянскага жыцця, якое адзначаецца евангельскім радыкалізмам. 

Хацеў бы нагадаць, што вялікая манаская традыцыя заўсёды лічыла галоўным элементам сваёй духоўнасці разважанне над Святым Пісаннем, асабліва ў форме lectio divina. Таксама сёння даўнейшыя і новыя формы спецыяльнай кансэкрацыі павінны быць сапраўднымі школамі духоўнага жыцця, у якіх чытаецца Святое Пісанне паводле Духа Святога ў Касцёле, каб увесь Божы народ мог мець з гэтага карысць. Таму Сінод рэкамендуе, каб у супольнасцях кансэкраванага жыцця заўсёды была салідная фармацыя да поўнага веры чытання Бібліі278 

Хацеў бы таксама нагадаць пра клопат і ўдзячнасць, якую Сінод выказаў членам кантэмпляцыйных законаў, якія з увагі на сваю адмысловую харызму прысвячаюць на працягу дня шмат часу неследаванню Маці Божай, якая старанна разважала словы і чыны свайго Сына (пар. Лк 2, 19. 51), а таксама Марыі з Бэтаніі, якая, седзячы ля ног Пана, слухала Яго слова (пар. Лк 10, 39). Маю на ўвазе асабліва манахаў і манашак з кляўзуровых законаў, якія праз аддзяленне ад свету глыбей яднаюцца з Хрыстом, сэрцам свету. Сёння Касцёл, больш чым калі-небудзь, патрабуе сведчання тых, хто дае абяцанне «нічога не ставіць вышэй за любоў Хрыста»279 . Сучасны свет празмерна заняты знешняй дзейнасцю, і яму пагражае загубленасць у ёй. Браты і сёстры з кантэмпляцыйных законаў сваім малітоўным жыццём, слуханнем і разважаннем Божага слова нагадваюць нам, што не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых (Мц 4, 4). Таму ўсе вернікі павінны памятаць, што гэтая форма жыцця «паказвае сучаснаму свету найважнейшую рэч, больш за тое, галоўную: існуе канчатковая праўда, для якой варта жыць, гэта значыць Бог і Яго невычарпальная любоў»280 

 г) Божае слова і свецкія вернікі 

84. Сінод шматразова выказваўся на тэму свецкіх вернікаў, дзякуючы ім за велікадушны ўдзел у пашырэнні Евангелля ў розных асяроддзях штодзённага жыцця, у працы, у школе, у сям’і і ў сферы выхавання281 . Гэтае заданне, якое вынікае з хросту, павінна выконвацца праз усё больш свядомае хрысціянскае жыццё, якое дазваляе «абгрунтаваць надзею», якая ёсць у нас (пар. 1 П 3, 15). У Евангеллі паводле Мацвея Езус кажа, што «Поле – гэта свет, добрае насенне – гэта сыны Валадарства» (13, 38). Гэтыя словы адносяцца асабліва да свецкіх хрысціянаў, якія, «далучаныя да часовай рэчаіснасці і праз удзел у зямной дзейнасці»282 , рэалізуюць сваё пакліканне да святасці, жывучы паводле Духа. Яны павінны фарміравацца так, каб распазнаваць Божую волю праз цесны кантакт з Божым словам, якое чытаецца і вывучаецца ў Касцёле пад кіраўніцтвам правамоцных пастыраў. Няхай здабываюць гэтую фармацыю ў школах вялікай духоўнасці Касцёла, у падстаў якіх ёсць заўсёды Святое Пісанне. Няхай дыяцэзіі па меры магчымасці ствараюць нагоду фармацыі свецкіх, якія выконваюць асабліва адказную функцыю ў Касцёле283 

 д) Божае слова, сужэнства і сям’я 

85. Сінод палічыў неабходным звярнуць увагу на сувязь паміж Божым словам, сужэнствам і хрысціянскай сям’ёй. Сапраўды, «абвяшчаючы Божае слова, Касцёл аб’яўляе хрысціянскай сям’і яе сапраўдную тоеснасць, тое, чым яна з’яўляецца і чым павінна быць паводле намеру Пана»284 . Таму ніколі нельга забываць, што Божае слова знаходзіцца ў пачатку сужэнства (пар. Быц 2, 24) і што сам Езус уключыў сужэнства ў інстытуцыі свайго валадарства (пар. Мц 19, 4-8), узносячы да годнасці сакрамэнту тое, што першапачаткова было ўпісана ў чалавечую натуру. «У цэлебрацыі сакрамэнту мужчына і жанчына вымаўляюць прарочыя словы пра ўзаемнае адданне сябе, каб быць „адным целам” на знак таямніцы еднасці Хрыста і Касцёла (пар. Эф 5, 31-32)»285 . Верныя Божаму слову, мы павінны таксама падкрэсліць, што сёння ў многім гэтая інстытуцыя атакуецца сучасным менталітэтам. На распаўсюджанае бязладдзе ў сферы пачуццяў і ўзнікненне спосабаў мыслення, якія баналізуюць чалавечае цела і сэксуальныя адрозненні, Божае слова адказвае, пацвярджаючы першасную дабрыню чалавека, створанага мужчынам і жанчынай і пакліканага да вернай, узаемнай і плоднай любові. 

З вялікай абранніцкай таямніцы вынікае адказнасць бацькоў за сваіх дзяцей. Да праўдзівага айцоўства і мацярынства належыць паказванне сэнсу жыцця ў Хрысце і сведчанне пра яго: праз вернасць і еднасць сямейнага жыцця сужэнцы з’яўляюцца для сваіх дзяцей першымі вестунамі Божага слова. Эклезіяльная супольнасць павінна іх падтрымліваць і дапамагаць ім умацоўваць малітву ў сям’і, слухаць слова і пазнаваць Біблію. Таму Сінод выказвае жаданне, каб у кожным доме была Біблія і каб яна захоўвалася ў годным месцы, каб можна было яе чытаць і карыстацца ёй падчас малітвы. Пры неабходнасці дапамогаю могуць быць святары, дыяканы або адпаведна падрыхтаваныя свецкія. Сінод раіць таксама стварыць малыя супольнасці, якія складаюцца з сем’яў, каб маліцца і разам разважаць адпаведныя фрагменты Пісання286 . Сужэнцы няхай таксама памятаюць, што «Божае слова з’яўляецца каштоўнай падтрымкай таксама ў цяжкасцях сужэнскага і сямейнага жыцця»287 

У гэтым кантэксце хачу прадставіць тое, што Сінод нагадаў на тэму задання жанчын адносна Божага слова. Уклад «жаноцкага генія» – як назваў яго папа Ян Павел ІІ288  – у пазнанне Святога Пісання і ва ўсё жыццё Касцёла сёння большы, чым у мінулым і датычыць таксама самога вывучэння Бібліі. Сінод прысвяціў асаблівую ўвагу неад’емнай ролі жанчыны ў сям’і, выхаванні, катэхезе і ў перадаванні каштоўнасцяў. Сапраўды, «яны змогуць абудзіць да слухання Слова, да асабістых адносін з Богам і змогуць паказаць сэнс прабачэння і евангельскага абмену»289 , а таксама несці любоў, быць настаўніцамі міласэрнасці і будаўнікамі спакою, уносячы цяпло і чалавечнасць у свет, які вельмі часта ацэньвае асобы, гледзячы на іх з халадком праз прызму карысці. 

 Малітоўнае чытанне Святога Пісання i «lectio divina» 

86. Сінод шматразова падкрэсліваў неабходнасць малітоўнага падыходу да святога тэксту як асноўнага элементу духоўнага жыцця ўсіх веруючых у розных паслугах і жыццёвых станах, з асаблівым улікам lectio divina290 . Божае слова знаходзіцца ў падстаў кожнай праўдзівай хрысціянскай духоўнасці. У сувязі з гэтым Айцы Сіноду ўзгадалі словы з Дагматычнай канстытуцыі Dei Verbum: «Таму [рэд. вернікі] няхай з ахвотай падыходзяць да чытання святога тэксту ці праз святую Літургію, перапоўненую Божымі словамі, ці праз пабожнае чытанне, ці праз адпаведныя для гэтага ўстановы ці іншыя сродкі дапамогі, якія пры падтрымцы і пад апекай пастыраў Касцёла паўсюль слаўна пашыраюцца ў наш час. І няхай яны памятаюць, што чытанню Святога Пісання павінна спадарожнічаць малітва»291 . Саборныя разважанні нагадваюць пра вялікую патрыстычную традыцыю, якая заўсёды заахвочвала да чытання Святога Пісання ў дыялогу з Богам. Як кажа св. Аўгустын: «Твая малітва – гэта тваё слова, скіраванае да Бога. Калі чытаеш <…>, Бог прамаўляе да цябе; калі молішся, то ты гаворыш з Богам»292 . Арыген, адзін з настаўнікаў такога чытання Бібліі, лічыць, «што разуменне Пісанняў, больш чым вывучэнне, патрабуе блізкасці з Хрыстом i малітвы». Ён перакананы, што «найлепшы шлях да пазнання Бога – любоў, а таксама, што няма праўдзівай scientia Christi без умілавання Яго». У Пасланні да Грыгорыя, вялікага александрыйскага тэолага, казаў: «Прысвяці сябе lectio Божых Пісанняў; вытрывала практыкуй гэта. Распачні lectio з намерам паверыць Богу і прыпадобніцца да Яго. Калі падчас lectio станеш перад закрытымі дзвярыма, пастукай, і адкрые табе вартаўнік, пра якога Езус сказаў: „Дазорца яму іх адкрые”. Прысвячаючы сябе такім чынам lectio divina, шукай старанна і з непарушнай надзеяй у Богу сэнс Божых Пісанняў, які ў іх багата прадстаўлены. Аднак ты не павінен спыняцца на стуканні і шуканні: каб зразумець Божыя справы табе абсалютна патрэбна oratio. Менавіта для таго, каб нас да яе заахвоціць, Збаўца сказаў не толькі: „Шукайце, і знойдзеце”, а таксама: „Стукайце, і адчыняць вам”, але дадаў: „Прасіце, і будзе вам дадзена”»293 

Аднак у гэтай сферы трэба асцерагацца небяспекі індывідуалістычнага падыходу, маючы на ўвазе тое, што Божае слова было дадзена нам менавіта для таго, каб будаваць супольнасць, каб яднаць нас у Праўдзе на нашым шляху да Бога. Гэтае Слова скіравана да кожнага асабіста, але гэта таксама Слова, якое будуе супольнасць, будуе Касцёл. Таму мы павінны чытаць святы тэкст заўсёды ў супольнасці Касцёла. Сапраўды, «вельмі важным ёсць чытанне ў супольнасці, бо жывым суб’ектам Святога Пісання з’яўляецца Божы народ, Касцёл. <...> Пісанне не належыць да мінулага, бо яго суб’ект, народ Божы, натхнёны самім Богам, ёсць заўсёды той сам, а таму слова заўсёды жывое ў жывым суб’екце. Таму важна, каб чытаць Святое Пісанне і слухаць Святое Пісанне ў супольнасці Касцёла, гэта значыць з усімі вялікімі сведкамі гэтага слова, пачынаючы ад першых Айцоў аж да сённяшніх святых, аж да сённяшняга Настаўніцкага Інстытута Касцёла»294 

Таму прывілеяваным месцам малітоўнага чытання Святога Пісання ёсць Літургія, а асабліва Эўхарыстыя, у якой, калі цэлебруецца Цела і Кроў Хрыста ў сакрамэнце, становіцца прысутным сярод нас само Слова. У пэўным сэнсе малітоўнае чытанне, асабістае і супольнае, павінна заўсёды мець аднясенне да эўхарыстычнай цэлебрацыі. Так як эўхарыстычная адарацыя рыхтуе эўхарыстычную літургію, спадарожнічае ёй і яе паглыбляе295 , так і малітоўнае чытанне, асабістае і супольнае, рыхтуе да таго, што цэлебруе Касцёл, абвяшчаючы Божае слова падчас Літургіі, спадарожнічае гэтаму і гэта паглыбляе. Разглядаючы ў такой цеснай сувязі lectio i Літургію, можна лепш заўважыць крытэрыі, якімі трэба кіравацца падчас гэтага чытання ў кантэксце пастырства і духоўнага жыцця Божага народу. 

 87. У дакументах, якія рыхтавалі Сінод і якія спадарожнічалі яму, гаварылася пра розныя метады чытання Святога Пісання з карысцю і ў духу веры. Аднак найбольшая ўвага была прысвечана lectio divina, якая сапраўды «можа адкрыць перад вернікамі скарб Божага слова, а таксама прывесці да сустрэчы з Хрыстом, жывым Божым Словам»296 . Хацеў бы коратка нагадаць тут яе асноўныя этапы: распачынаецца яна чытаннем (lectio) тэксту, якое абуджае жаданне праўдзівага пазнання яго зместу: што кажа біблійны тэкст сам па сабе? Без гэтага этапу існуе небяспека, што тэкст стане толькі прычынай, каб ніколі не выйсці па-за ўласныя думкі. Затым наступае разважанне (meditatio), у якім ставім сабе пытанне: што кажа нам біблійны тэкст? Тут кожны асабіста, і таксама супольнасць павінна адкрыцца на яго і супаставіць сябе з ім, паколькі не маецца на ўвазе разважанне над словамі, сказанымі ў мінулым, але ў дадзеную хвіліну. Затым падыходзім да этапу малітвы (oratio), якая прадбачыць пытанне: што мы кажам Пану ў адказ на Яго? Малітва ў якасці просьбы, заступніцтва, падзякі і праслаўлення – гэта першы спосаб, праз які Слова нас змяняе. Урэшце lectio divina заканчваецца кантэмпляцыяй (contemplatio), падчас якой прымаем – як дар Бога – Яго позірк пры ацэнцы рэчаіснасці і пытаемся: якой змены мыслення, сэрца і жыцця патрабуе ад нас Пан? Св. Павел піша ў Пасланні да Рымлянаў: «Не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая – добрая, прыемная і дасканалая» (12, 2). Кантэмпляцыя павінна сфарміраваць у нас мудрае бачанне рэчаіснасці паводле Бога, каб сфарміраваць у нас «розум Хрыста» (1 Кар 2, 16). Божае слова становіцца тут крытэрыем распазнання, яно «жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (Гбр 4, 12). Варта таксама нагадаць, што lectio divina у сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові. 

Дасканалай формай спалучэння i прадстаўлення гэтых элементаў з’яўляецца Маці Божая, якая стала для кожнага верніка прыкладам паслухмянага прыняцця Божага слова. Яна «захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19; пар. 2, 51), «у вялікім Божым плане ўмела заўважыць глыбокую думку, якая яднае падзеі, чыны і рэчы, на выгляд з сабой не звязаныя»297 

Хацеў бы таксама нагадаць тое, што сказана падчас Сіноду на тэму значэння асабістага чытання Святога Пісання таксама як пакутнай практыкі, з якой звязана магчымасць атрымання, згодна са звычайным распараджэннем Касцёла, адпусту для сябе або для памерлых298 . Практыка адпусту299  грунтуецца на вучэнні пра бясконцыя заслугі Хрыста, якія Касцёл размяркоўвае і выкарыстоўвае як распарадчык адкуплення, але прадугледжвае таксама вучэнне пра еднасць святых і кажа нам, «як вельмі ў Хрысце мы ўзаемна, унутрана з’яднаныя і як вельмі звышпрыроднае жыццё кожнага можа ўплываць на іншых»300 . У гэтай перспектыве чытанне Божага слова падтрымлівае нас на шляху пакаяння і навяртання, дазваляе нам паглыбіць пачуццё прыналежнасці да Касцёла і ўтрымлівае нас у больш глыбокай еднасці з Богам. Як сцвярджаў св. Амброзій: калі чалавек бярэ ў рукі з вераю Святое Пісанне і чытае яго, зноў ходзіць з Богам у раі301 

 Божае слова i Марыйная малітва 

88. Маючы на ўвазе непарушную сувязь паміж Божым словам і Марыяй з Назарэта, разам з Айцамі Сіноду заахвочваю прапагандаваць сярод вернікаў, асабліва ў сямейным жыцці, Марыйныя малітвы як дапамогу ў разважанні святых таямніц, пра якія апавядае Святое Пісанне. Вельмі карыснай прыладай ёсць, напрыклад, індывідуальны або супольны Святы Ружанец302 , у якім разважаецца разам з Марыяй таямніца жыцця Хрыста303 , і які дапоўнены папам Янам Паўлам ІІ таямніцамі Святла304 . Пажадана, каб абвяшчэнням паасобных таямніц спадарожнічалі кароткія фрагменты Бібліі, звязаныя з дадзенай таямніцай, што аблегчыць запамінанне некаторых значных фрагментаў Пісання адносна таямніцы жыцця Хрыста. 

Больш за тое, Сінод параіў распаўсюджванне сярод усіх вернікаў чытання малітвы Анёл Панскі. Гэта простая і глыбокая малітва, якая дазваляе нам «штодзённа успамінаць Уцелаўлёнае Слова»305 . Было б добра, каб Божы народ, сем’і і супольнасці кансэкраваных асоб былі вернымі гэтай Марыйнай малітве, адмаўляць якую на світанні, апоўдні і на захадзе сонца заахвочвае нас традыцыя. У малітве Анёл Панскі просім Бога, каб праз заступніцтва Марыі нам таксама было дадзена выканаць, так як Яна, Божую волю і прыняць у сваё нутро Яго Слова. Гэтая практыка можа нам дапамагчы ва ўмацаванні сапраўднай любові да таямніцы ўцелаўлення. 

Заслугоўваюць прызнання, ацэнкі і пашырэння таксама некаторыя старажытныя малітвы хрысціянскага Усходу, якія ў аднясенні да Theotokos, да Маці Божай, ахопліваюць усю гісторыю збаўлення. Маем на ўвазе асабліва Акатыст, а таксама Параклезу. Гэта пахвальныя гімны, якія спяваюцца ў форме літаніі. Прасякнутыя верай Касцёла і поўныя біблійных аднясенняў, яны дапамагаюць вернікам разважаць разам з Марыяй таямніцы Хрыста. Асабліва цудоўны гімн у гонар Маці Божай, званы Акатыст, што азначае - спеў стоячы, з’яўляецца адной з самых узнёслых формаў выяўлення Марыйнай пабожнасці ў бізантыйскай традыцыі306 . Малітва гэтымі словамі шырока адкрывае душу і рыхтуе да прыняцця спакою, што паходзіць звыш, ад Бога, таго спакою, якім ёсць сам Хрыстус, народжаны з Марыі дзеля нашага збаўлення. 

 Божае слова i Святая Зямля 

89. Калі разважаем над Божым Словам, якое сталася целам ва ўлонні Марыі з Назарэта, нашае сэрца скіроўваецца да той зямлі, на якой споўнілася таямніца нашага адкуплення і з якой Божае слова распаўсюдзілася аж да межаў зямлі. Праз Духа Святога Слова ўцелавілася ў канкрэтны момант і ў пэўным месцы, на акрайку зямлі, што знаходзілася на ўскраіне рымскай імперыі. Таму чым больш заўважаем паўсюднасць і выключнасць асобы Хрыста, з тым большай удзячнасцю глядзім на тую зямлю, на якой нарадзіўся, жыў і ахвяраваў сябе за нас усіх Езус. Камяні, па якіх ступаў наш Адкупіцель, поўныя ўспаміну, і надалей «уголас кажуць» нам пра Добрую Навіну. Таму Айцы Сіноду трапна нагадалі азначэнне Святой Зямлі як «пятага Евангелля»307 . Як жа важна, каб у гэтых месцах існавала хрысціянская супольнасць, нягледзячы на столькі цяжкасцяў! Сінод Біскупаў запэўніў, што ён - з усімі хрысціянамі, якія жывуць на зямлі Езуса, даючы сведчанне веры ва Уваскрослага. Хрысціяне, якія жывуць у гэтым месцы павінны быць «для паўсюднага Касцёла не толькі святлом веры, але таксама рошчынай згоды, мудрасці і раўнавагі ў жыцці грамадства, якое традыцыйна было і надалей застаецца плюралістычным, шматнацыянальным i шматрэлігійным»308 

Святая Зямля таксама сёння ёсць мэтаю пілігрымак хрысціянскага народу, якія з’яўляюцца актам малітвы і пакуты, пра што сведчылі аўтары ўжо ў старажытнасці, як напрыклад св. Геранім309 . Чым больш мы скіроўваем позірк і сэрца да зямнога Ерузалема, тым больш разгараецца ў нас жаданне нябеснага Ерузалема, праўдзівай мэты ўсялякага пілігрымавання, а таксама шчыры клопат аб тым, каб імя Езус, у якім як адзіным ёсць надзея, было прызнана ўсімі (пар. Дз 4, 12). 

 

Хостинг от uCoz