ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

VERBUM MUNDO

«Бога ніхто ніколі не бачыў.
Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў» (Ян
1, 18)

 МІСІЯ КАСЦЁЛА:
АБВЯШЧЭННЕ БОЖАГА СЛОВА СВЕТУ 

 Слова ад Айца і да Айца 

90. Св. Ян выразна падкрэслівае галоўны парадокс хрысціянскай веры: з аднаго боку кажа, што «Бога ніхто ніколі не бачыў» (Ян 1, 18; пар. 1 Ян 4, 12). Ніякім чынам нашае ўяўленне, паняцці або словы не могуць апісаць або змераць бясконцую рэчаіснасць Найвышэйшага. Ён застаецца Deus semper maior. З другога боку сцвярджае, што Слова сапраўды «сталася целам» (Ян 1, 14). Адзінародны Сын, углядаючыся ў Айца, аб’явіў Бога, якога «ніхто ніколі не бачыў» (Ян 1, 18). Езус Хрыстус прыходзіць да нас, «поўны ласкі і праўды» (Ян 1, 14), якія праз Яго дадзены нам (пар. Ян 1, 17); бо «бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі» (Ян 1, 16). Такім чынам евангеліст Ян у Пралогу глядзіць на Слова, якое спачатку ёсць у Бога, потым становіцца целам, а затым вяртаецца да Айца, несучы з сабою нашую чалавечнасць, якую прыняў назаўсёды. Як той, хто выходзіць ад Айца і да Яго вяртаецца (пар. Ян 13, 3; 16, 28; 17, 8. 10), вучыць нас пра Бога (пар. Ян 1, 18). Сын, як сцвярджае св. Ірынэй з Ліёна, «ёсць тым, хто аб’яўляе Айца»310 . Можна сказаць, што Езус з Назарэта ёсць «экзэгетам» Бога, якога «ніхто ніколі не бачыў». «Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога» (Клс 1, 15). Тут спаўняецца прароцтва Ісаі аб плённасці слова Пана: як дождж і снег падае з неба, каб напаіць зямлю i даць ураджай, так Божае слова, «якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго» (Іс 55, 10-11). Езус Хрыстус – тое канчатковае і плённае Слова, якое выйшла ад Айца і вярнулася да Яго, дасканала выконваючы ў свеце Яго волю. 

 Абвяшчаць свету «Logos» надзеі 

91. Божае слова перадало нам Божае жыццё, якое перамяняе аблічча зямлі і чыніць усё новым (пар. Ап 21, 5). Яго слова робіць нас не толькі адрасатамі Божага Аб’яўлення, але таксама яго вестунамі. Гэта Ён, пасланы Айцом споўніць Яго волю (пар. Ян 5, 36-38; 6, 38-40; 7, 16-18), прыцягвае нас да сябе і ўключае ў саё жыццё і місію. Такім чынам Дух Уваскрослага робіць здольным нашае жыццё да плённага абвяшчэння Слова па ўсім свеце. Гэта досвед першай хрысціянскай супольнасці, якая пашырала Слова праз прапаведаванне і сведчанне (пар. Дз 6, 7). Я хацеў бы тут прыгадаць асабліва жыццё апостала Паўла, чалавека, якога цалкам здабыў Пан (пар. Флп 3, 12) – «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20), – і яго місію: «гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). Ён разумеў, што аб’яўленае ў Хрысце сапраўды ёсць збаўленнем усіх народаў, вызваленнем з няволі граху, каб здабыць свабоду дзяцей Божых. 

Той, каго Касцёл абвяшчае свету, - гэта Logos надзеі (пар. 1 П 3, 15); чалавек патрабуе «вялікай надзеі», каб жыць у сваёй сучаснасці, вялікай надзеі, якой ёсць «той Бог, які мае чалавечае аблічча і які палюбіў нас дарэшты»311 . Таму Касцёл па сваёй сутнасці місійны. Мы не можам затрымліваць для сябе слоў вечнага жыцця, якія дае нам Езус Хрыстус, калі Яго сустракаем: яны – для усіх, для кожнага чалавека. Кожны чалавек у наш час, ці ведае пра гэта, ці не, патрабуе гэтага паслання. Няхай Пан, як у часы прарока Амоса, абудзіць у людзях новы голад і новае прагненне слоў Пана (пар. Ам 8, 11). Мы ж адказваем за пераказ таго, што самі дзякуючы ласцы атрымалі. 

 З Божага слова нараджаецца місія Касцёла 

92. Сінод Біскупаў пацвердзіў, што неабходна ажывіць у Касцёле місійную свядомасць, прысутную у Божым народзе з самага яго пачатку. Для першых хрысціянаў місійнае прапаведаванне было неабходнасцю, што вынікала з самой натуры веры: Бог, у якога яны верылі, ёсць Богам усіх, адзіным і праўдзівым, які аб’явіўся ў гісторыі Ізраэля і канчаткова ў сваім Сыне, даючы гэтым адказ, які ўсе людзі ў глыбіні свайго сэрца чакаюць. Першыя хрысціянскія супольнасці чулі, што іх вера не з’яўляецца часткай спецыяльнага культурнага звычаю, іншага ў кожным народзе, але належыць да сферы праўды, якая датычыць у аднолькавай ступені ўсіх людзей. 

Таксама ў гэтым выпадку св. Павел паказвае нам сваім жыццём сэнс хрысціянскай місіі і яе першапачатковую паўсюднасць. Падумаем пра расказаны ў Дзеях Апосталаў эпізод, які меў месца на атэнскім Арэапагу (пар. 17, 16-34). Апостал Народаў устанаўлівае дыялог з людзьмі розных культур, усведамляючы, што таямніца Бога, Невядомага-Вядомага, пра якога кожны чалавек мае нейкае – хоць невыразнае – паняцце, сапраўды аб’явілася ў гісторыі: «Тое, чаму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам» (Дз 17, 23). Навізна хрысціянскага паслання заключаецца ў тым, што можна казаць усім народам: «Ён аб’явіўся, Ён сам. І сёння шлях да Яго адкрыты. Навізна хрысціянскага паслання не заключаецца ў думцы, але ў факце: Бог аб’явіўся нам»312 

 Слова і Божае Валадарства 

93. Такім чынам місія Касцёла нельга лічыць неабавязковай або дадатковай часткай эклезіяльнага жыцця. Трэба дазволіць Духу Святому фарміраваць нас па прыкладзе самога Хрыста як удзельнікаў Яго місіі: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21), каб мы перадавалі Слова ўсім жыццём. Менавіта гэтае Слова чыніць, што мы ідзём да братоў: гэтае Слова асвячае, ачышчае і вядзе да навяртання; мы толькі слугі. 

Таму трэба штораз больш адкрываць неабходнасць і прыгажосць абвяшчэння Слова, каб магло запанаваць Божае Валадарства, аб якім навучаў сам Хрыстус. У гэтым сэнсе абнаўляем разуменне, такое блізкае Айцам Касцёла, што калі абвяшчаецца Слова, гаворыцца пра Божае Валадарства (пар. Мк 1, 14-15), якім – як пераканаўча нагадвае Арыген313 ёсць сама асоба Езуса (Autobasileia). Пан дае збаўленне ўсім людзям у кожную эпоху. Усе заўважаем, як важна, каб святло Хрыста асвячала кожнае асяроддзе чалавека: сям’ю, школу, культуру, працу, вольны час і іншыя сферы грамадскага жыцця314 . Трэба абвяшчаць не нейкае слова суцяшэння, але слова, якое ўзрушвае, заклікае да навяртання, дае магчымасць сустрэцца з Богам, дзякуючы якому квітнее новае чалавецтва. 

 Усе ахрышчаныя адказваюць за прапаведаванне 

94. Паколькі ўвесь Божы народ ёсць народам «пасланым», то так як пацвердзіў Сінод, «місія абвяшчэння Божага слова ёсць заданнем усіх вучняў Езуса Хрыста, якое вынікае з іхняга хросту»315 . Ніхто з веруючых у Хрыста не можа адчуваць сябе звольненым ад гэтага абавязку, які вынікае з сакрамэнтальнай прыналежнасці да цела Хрыста. Гэтая свядомасць павінна прысутнічаць у кожнай сям’і, парафіі, супольнасці, таварыстве і касцёльным руху. Увесь Касцёл як таямніца еднасці ёсць місійны, і кожны, згодна са сваім жыццёвым станам, пакліканы да таго, каб зрабіць значны ўклад у абвяшчэнне хрысціянскага паслання. 

Біскупы, а таксама прэзбітэры, згодна са сваёй місіяй, першымі пакліканы да таго, каб іх жыццё было цалкам аддадзена служэнню Слову, абвячшэнню Евангелля, цэлебрацыі сакрамэнтаў і такой фармацыі вернікаў, каб яны маглі аўтэнтычна пазнаваць Пісанні. Няхай таксама дыяканы адчуваюць сябе пакліканымі да супрацоўніцтва, згодна са сваёй місіяй, з гэтым заданнем евангелізацыі. 

Кансэкраванае жыццё ва ўсёй гісторыі Касцёла выразна паказала, што можа выконваць заданне абвяшчэння Божага слова і займацца прапаведаваннем у missio ad gentes, а таксама ў самых цяжкіх сітуацыях дастасавацца да новых умоў евангелізацыі, адважна і смела ўваходзячы на новыя шляхі, і адказваць на новыя выклікі, каб плённа абвяшчаць Божае слова316 

Свецкія пакліканы выконваць сваё прароцкае заданне, якое вынікае непасрэдна з хросту, і сведчыць аб Евангеллі ў штодзённым жыцці, усюды дзе прысутнічаюць. У сувязі з гэтым Айцы Сіноду выказалі «самую глыбокую павагу і ўдзячнасць, а таксама заахвоцілі да евангельскай паслугі, якую многія свецкія, а асабліва жанчыны выконваюць велікадушна і з удзелам у супольнасцях, рассеяных па ўсім свеце, па прыкладзе Марыі з Магдаліі, першага сведкі пасхальнай радасці»317 . Больш за тое, Сінод прызнае з удзячнасцю, што касцёльныя рухі, а таксама новыя супольнасці з’яўляюцца ў Касцёле вялікай дапамогай у справе евангелізацыі ў наш час і абуджаюць Касцёл шукаць новыя формы абвяшчэння Евангелля318 

 Неабходнасць «missio ad gentes» 

95. Заклікаючы ўсіх вернікаў абвяшчаць Божае слова, Айцы Сіноду пацвердзілі, што таксама ў наш час неабходны рашучы удзел у missio ad gentes. У любым выпадку Касцёл не можа абмежавацца пастырствам «падтрымання», прызначаным для тых, хто ўжо ведае Евангелле Хрыста. Місійны запал – гэта выразны знак сталасці эклезіяльнай супольнасці. Айцы таксама моцна падкрэслілі, што Божае слова – гэта збаўчая праўда, якой патрабуе кожны чалавек ва ўсе часы. Таму пасланне павінна быць выразным. Касцёл павінен ісці да ўсіх у моцы Духа (пар. 1 Кар 2, 5) i як прарок далей бараніць правы і свабоды чалавека ў слуханні Божага слова, шукаючы найбольш плённых сродкаў, каб яго абвяшчаць, нават нягледзячы на пераслед319 . Касцёл адчувае абавязак абвяшчаць усім Слова, якое збаўляе (пар. Рым 1, 14). 

 Прапаведаванне і новая евангелізацыя 

96. Папа Ян Павел ІІ, звяртаючыся да таго, што сказаў ужо папа Павел VI у апостальскай адгартацыі Evangelii nuntiandi, розным чынам нагадваў, што неабходна новая місійная эпоха, якая б актывізавала ўвесь Божы народ320 . На парозе трэцяга тысячагоддзя не толькі існуюць многія народы, якія яшчэ не пазналі Добрай Навіны, але шмат хрысціянаў патрабуе, каб нанова абвяшчалася ім з перакананнем Божае слова, каб яны маглі канкрэтна адчуць моц Евангелля. Столькі ёсць братоў «ахрышчаных, але недастаткова евангелізаваных»321 . Часта багатыя калісьці вераю і на пакліканні краіны губляюць сваю тоеснасць пад уплывам секулярызаванай культуры322 . Пра патрэбу новай евангелізацыі, якую вельмі адчуваў мой паважаны папярэднік, пра плённасць Божага слова трэба гаварыць на нова без старху, з перакананнем. Касцёл, упэўнены ў вернасці свайго Пана, нястомна абвяшчае добрую навіну Евангелля і заахвочвае ўсіх хрысціянаў да паўторнага адкрыцця таго, якім захапляльным ёсць наследаванне Хрыста. 

 Божае слова i хрысціянскае сведчанне 

97. З увагі на бязмежныя гарызонты місіі Касцёла і складаны характар дадзенай сітуацыі патрэбны новыя формы плённага пераказу Божага слова. Дух Святы, першы аўтар евангелізацыі, заўсёды будзе кіраваць дзейнасцю Хрыстовага Касцёла. Важным, аднак, з’яўляецца тое, каб у кожнай форме прапаведавання памяталася найперш пра ўнутраную сувязь паміж пераказам Слова і хрысціянскім сведчаннем. Ад гэтага залежыць верагоднасць таго, што абвяшчаецца. З аднаго боку, неабходна слова, якое перадае тое, што сам Пан нам сказаў. З другога боку, трэба надаць гэтаму слову верагоднасць, каб не было яно прыгожай філасофіяй або утопіяй, але рэчаіснасцю, якую можна жыць і дзякуючы якой можна жыць. Гэтая ўзаемная залежнасць слова і сведчання ўказвае на спосаб, якім Бог прамовіў праз уцелаўленне свайго Сына. Божае слова даходзіць да людзей «праз сустрэчу са сведкамі, дзякуючы якім становіцца прысутным і жывым»323 . Кожнаму чалавеку, асабліва новым пакаленням, патрэбна ўвядзенне ў Божае слова «дзякуючы сустрэчы з дарослым і яго праўдзіваму сведчанню, станоўчаму ўплыву сяброў і спадарожнічанню вялікай касцёльнай супольнасці»324 

Існуе цесная сувязь паміж сведчаннем Пісання як запісам таго, што Божае Слова кажа пра сябе, і сведчаннем жыцця вернікаў. Адно патрабуе другога і да яго вядзе. Хрысціянскае сведчанне перадае Слова, пра якое кажуць Пісанні. Пісанні ў сваю чаргу тлумачаць сведчанне, якое, дадзенае ўласным жыццём, з’яўляецца пакліканнем хрысціянаў. Такім чынам тыя, хто сустракае верагодных сведкаў Евангелля, пераконваюцца ў плённасці Божага слова ў тых, хто яго прымае. 

 98. Гэтая ўзаемная залежнасць сведчання і Слова дазваляе зразумець тое, што папа Павел VI кажа ў апостальскай адгартацыі Evangelii nuntiandi. Нашая адказнасць не абмяжоўваецца ў прапанаванні свету агульных каштоўнасцяў, трэба выразна абвяшчаць Божае слова. Толькі тады будзем верныя наказу Хрыста: «Добрая Навіна, абвешчаная сведчаннем жыцця, павінна быць раней ці пазней абвешчана таксама словам жыцця. Няма праўдзівай евангелізацыі без абвяшчэння імя і вучэння, жыцця і абяцанняў, Валадарства і таямніцы Езуса Назараніна, Сына Божага»325 

Перакананне, што абвяшчэнне Божага слова патрабуе сведчання ўласнага жыцця, вельмі выразнае ў хрысціянскай свядомасці з самага пачатку. Сам Хрыстус ёсць сведкам верным і праўдзівым (пар. Ап 1, 5; 3, 14), сведкам Праўды (пар. Ян 18, 37). У сувязі з гэтым хацеў бы нагадаць многія сведчанні, якія мы мелі магчымасць пачуць падчас сінадальнага Сходу. Глыбока ўзрушылі нас апавяданні асоб, якія змаглі жыць верай і даваць выразнае сведчанне Евангелля таксама ў варожых хрысціянству рэжымах або сярод пераследу. 

Усё гэта не павінна абуджаць у нас страх. Езус сказаў сваім вучням: «Слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (Ян 15, 20). Таму разам з усім Касцёлам хачу ўзнесці да Бога гімн падзякі за сведчанне такой вялікай колькасці братоў і сясцёр, якія таксама ў наш час аддалі жыццё, каб перадаць праўду пра Божую любоў, аб’яўленую нам ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце. Больш за тое выказваю ўдзячнасць усяго Касцёла за хрысціянаў, якія не падаюць духам перад абліччам перашкод i пераследу з прычыны Евангелля. Адначасова з глыбокай і салідарнай любоўю думаем пра ўсіх вернікаў з супольнасцяў, якія асабліва ў Азіі і Афрыцы ў гэты наш час рызыкуюць жыццём або адкінуты грамадствам з-за сваёй веры. Бачым тут ажыццяўленне духа евангельскіх благаслаўленняў, якія кажуць пра церпячых пераслед з прычыны Пана Езуса (пар. Мц 5, 11). Адначасова не перастаём заклікаць урады дзяржаў, каб яны гарантавалі ўсім свабоду сумлення і рэлігіі, а таксама магчымасць публічна сведчыць аб сваёй веры326 

 БОЖАЕ СЛОВА I ЎДЗЕЛ У СВЕЦЕ 

 Служыць Езусу ў Яго «братах меншых» (Мц 25, 40) 

99. Божае слова кідае святло на чалавечую экзістэнцыю і мабілізуе сумленне да больш глыбокага роздуму над уласным жыццём, бо ўся гісторыя чалавецтва падлягае Божаму суду: «Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы» (Мц 25, 31-32). У наш час мы часта павярхоўна ацэньваем каштоўнасць сённяшняй часовай хвіліны, як бы яна была мала значнай для будучыні. Евангелле ж нагадвае нам, што ўсе павінны даць рахунак са свайго жыцця. У 25 раздзеле Евангелля паводле Мацвея Сын Чалавечы кажа, што гэта Яму зрабілі або не тое, што зрабілі або чаго не зрабілі аднаму з Яго меншых братоў (пар. 25, 40. 45): «Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (25, 35-36). Таму само Божае слова нагадвае пра неабходнасць нашага ўдзелу ў свеце і пра нашую адказнасць адносна Хрыста, Пана гісторыі. Абвяшчаючы Евангелле, заахвочваем узаемна сябе да чынення дабра і дзейнасці на карысць справядлівасці, паяднання і спакою. 

 Божае слова i ўдзел у грамадстве на карысць справядлівасці 

100. Божае слова схіляе чалавека кіравацца ў адносінах праведнасцю i справядлівасцю, сведчыць пра вялікую каштоўнасць у вачах Бога усіх чалавечых намаганняў дзеля таго, каб учыніць свет больш справядлівым і больш прыдатным для жылля327 . Божае слова выяўляе без двузначнасці несправядлівасць, а таксама прапагандуе салідарнасць і роўнасць328 . Так у святле слоў Пана мы распазнаём «знакі часу», прысутныя ў гісторыі, не ўкрываемся ад удзелу на карысць церпячых і ахвяр эгаізму. Сінод нагадаў, што ўдзел на карысць справядлівасці і перамены свету з’яўляецца галоўным для евангелізацыі. Як казаў папа Павел VI, маецца на ўвазе тое, каб «моцаю Евангелля дасягаць і як бы перамяняць крытэрыі ацэнкі, іерархію дабротаў, паставы і навыкі мыслення, імпульсы паводзінаў i жыццёвыя мадэлі чалавечага роду, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з Божым словам і планам збаўлення»329 

Таму Айцы Сіноду прысвяцілі асаблівую ўвагу тым, хто ўдзельнічае ў палітычным і грамадскім жыцці. Евангелізацыя і пашырэнне Божага слова павінны натхняць іх дзейнасць у свеце, якая скіравана да праўдзівага дабра ўсіх, з шанаваннем і абвяшчэннем годнасці кожнай асобы. Зразумела, не з’яўляецца непасрэдным заданнем Касцёла будаванне больш справядлівага грамадства, хоць ён мае права і абавязак мець голас у этычных і маральных пытаннях, якія датычаць дабра асоб і народаў. Непасрэдны ўдзел у грамадскай і палітычнай дзейнасці – гэта перадусім заданне свецкіх вернікаў, выхаваных у школе Евангелля. Таму Сінод рэкамендуе адпаведную адукацыю ў сферы прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла330 

 101. Больш за тое, хацеў бы звярнуць увагу ўсіх на значэнне абароны і абвяшчэння чалавечых правоў кожнай асобы, якія самі па сабе «паўсюдныя, непарушныя і неад’емныя»331 . Касцёл заўважае, што наш час стварае надзвычайную магчымасць, каб дзякуючы абвяшчэнню гэтых правоў годнасць чалавека больш плённа пазнавалася і паўсюдна прапагандавалася як рыса, якой Бог адзначыў сваё стварэнне332 , a Езус Хрыстус прыняў і адкупіў праз сваё ўцелаўленне, смерць і ўваскрасенне. Таму пашырэнне Божага слова служыць умацаванню прызнання і шанавання чалавечых правоў кожнай асобы333 

 Абвяшчэнне Божага слова, паяднанне і спакой паміж народамі 

102. Сярод многіх сфер удзелу Сінод горача рэкамендуе пашырэнне паяднання i спакою. У сённяшняй сітуацыі больш чым калі-небудзь трэба нанова адкрыць Божае слова як крыніцу паяднання і спакою, бо ў ім Бог яднае з сабою ўсё (пар. 2 Кар 5, 18-20; Эф 1, 10): Хрытус «мір наш» (Эф 2, 14), тым, хто разбурае муры падзелу. Падчас Сіноду шмат сведчанняў было пра сур’ёзныя і крывавыя канфлікты, а таксама напружанні, якія існуюць на нашай планеце. Часам здаецца, што гэтыя змаганні маюць характар міжрэлігійных канфліктаў. Яшчэ раз хачу паўтарыць, што рэлігія ніколі не можа апраўдаць нецярпімасці або войнаў. Нельга забіваць у імя Бога!334  Усе рэлігіі павінны схіляць да адпаведнага выкарыстання розуму і прапагандаваць этычныя каштоўнасці, якія фарміруюць грамадскае суіснаванне. 

Верныя справе паяднання, здзейсненай Богам у Езусе Хрысце, укрыжаваным і уваскрослым, католікі i ўсе людзі добрай волі павінны старацца даваць прыклад паяднання, каб будаваць грамадства справядлівасці і спакою335 . Ніколі не забываем, што «там, дзе чалавечыя словы губляюць моц, бо пераважае драматычнае насілле і зброя, не слабне прарочая моц Божага слова, якое паўтарае нам, што спакой магчымы, i што мы павінны быць прыладамі паяднання і спакою»336 

 Божае слова і дзейсная любоў 

103. Удзел на карысць справядлівасці, паяднання і спакою мае канчаткова сваю крыніцу і сваё спаўненне ў любові, аб’яўленай нам у Хрысце. Услухоўваючыся ў сведчанні, прадстаўленыя на Сінодзе, мы лепш зразумелі сувязь паміж поўным любові слуханнем Божага слова і бескарыслівым служэннем братам; каб усе вернікі зразумелі, што неабходным з’яўляецца «перанясенне пачутага слова на ўчынкі любові, бо толькі такім чынам абвяшчэнне Евангелля, акрамя тыповых для чалавека недасканаласцяў, становіцца верагодным»337 . Езус прайшоў праз гэты свет, чынячы добра (пар. Дз 10, 38). Слуханне з адкрытасцю Божага слова ў Касцёле абуджае «любоў і справядлівасць адносна ўсіх, асабліва адносна ўбогіх»338 . Нельга забываць, што «любоў – caritas – заўсёды будзе неабходнай, нават у самым справядлівым грамадстве. <...> Хто спрабуе вызваліцца ад любові, будзе гатовы вызваліцца і ад самога чалавека»339 . Таму заахвочваю ўсіх вернікаў да частага разважання над гімнам любові, напісаным апосталам Паўлам, і да таго, каб чэрпаць з яго натхненне: «Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае» (1 Кар 13, 4-8). 

Такім чынам любоў бліжняга, укаранёная ў любові Бога, патрабуе ад нас нястомнага ўдзелу, кожнага індывідуальна і як эклезіяльнай супольнасці, мясцовай і паўсюднай. 

Св. Аўгустын кажа, што прынцыповай рэччу з’яўляецца тое, «каб мы разумелі, што мэтаю і паўнатою Закону, як і ўсіх Святых Кніг, ёсць любоў. <...> Калі ж каму здаецца, што зразумеў Святое Пісанне або яго частку, але не развівае гэтай падвойнай любові Бога і бліжняга, той яшчэ нічога не зразумеў»340 

 Абвяшчэнне Божага слова і моладзь 

104. Сінод прысвяціў асаблівую ўвагу абвяшчэнню Божага слова новым пакаленням. Маладыя людзі ўжо сёння з’яўляюцца актыўнымі членамі Касцёла і яго будучыняй. Мы часта бачым у іх спантаннае адкрыццё на слуханне Божага слова, а таксама шчырае жаданне пазнаць Езуса. У маладосці з’яўляецца неадхільнае і шчырае пытанне наконт сэнсу ўласнага жыцця і таго, які кірунак надаць сваёй экзістэнцыі. На гэтыя пытанні толькі Бог можа даць праўдзівы адказ. Гэтая ўражлівасць маладых на свет патрабуе адвагі яснага абвяшчэння; мы павінны дапамагчы маладым людзям у пазнаванні Святога Пісання і ў блізкім кантакце з ім, каб яно было быццам компас, які паказвае дарогу, якой трэба ісці341 . Таму яны патрабуюць сведак і настаўнікаў, якія будуць ісці разам з імі і весці іх да любові, а таксама да таго, каб яны перадавалі Евангелле, асабліва сваім аднагодкам, становячыся такім чынам праўдзівымі і верагоднымі вестунамі Слова342 

Трэба, каб Божае слова перадавалася таксама з думкаю пра пакліканні, каб дапамагчы маладым людзям і накіраваць іх у прыняцці жыццёвых рашэнняў, каб яны былі гатовыя на поўнае пасвячэнне343 . Праўдзіваму пакліканню да кансэкраванага жыцця і да святарства спрыяе верны кантакт з Божым словам. Яшчэ раз сёння паўтараю заклік, з якім я звярнуўся на пачатку майго Пантыфікату, каб акрыць насцеж дзверы Хрысту: «Хто дазваляе ўвайсці Хрысту, нічога не губляе, нічога – абсалютна нічога з тых рэчаў, дзякуючы якім жыццё ёсць свабодным, прыгожым і вялікім. Не! – толькі дзякуючы гэтаму сяброўству вызваляецца сапраўды вялікі патэнцыял чалавечнасці. <...> маладыя сябры, не бойцеся Хрыста! Ён нічога не адбірае, але дае ўсё. Хто Яму аддаецца, атрымлівае у сто разоў больш. Так, адкрыйце, насцеж адкрыйце дзверы Хрысту – і знойдзеце сапраўднае жыццё»344 

 Абвяшчэнне Божага слова і эмігранты 

105. Божае слова робіць нас чулымі на гісторыю і на тое, што ў ёй з’яўляецца новага. Таму ў сувязі з евангелізацыйнай місіяй Касцёла Сінод прысвяціў увагу таксама складанай з’яве эміграцыі, якая набывае ў гэтыя гады нечуваныя памеры. Паўстае тут далікатнае пытанне, якое датычыць бяспекі народаў i неабходнасці прыняць тых, хто шукае прыстанішча, лепшых умоў жыцця, здароўя і працы. Вялікая лічба асоб, якія не ведаюць Хрыста або якія маюць Яго скажоны вобраз, пасяляецца ў краінах з хрысціянскай традыцыяй. Адначасова асобы, якія належаць да народаў, з глыбокай хрысціянскай верай, эмігрыруе ў краіны, у якія трэба несці пасланне Хрыста. Гэтыя новыя сітуацыі ствараюць новыя магчымасці пашырэння Божага слова. У сувязі з гэтым Айцы Сіноду сцвердзілі, што эмігранты маюць права слухаць керыгму, якая ім прапануецца, але не навязваецца. Калі яны хрысціяне, то патрабуюць адпаведнай пастырскай апекі, каб умацаваць веру і самім стаць вестунамі евангельскага паслання. Усе дыяцэзіі, разумеючы складанасць з’явы, павінны мабілізаваць свае сілы, каб міграцыйны рух стаў таксама нагодай для адкрыцця новых формаў прысутнасці і абвяшчэння, а таксама каб адпаведна сваім магчымасцям паклапаціцца пра належнае прыняцце і натхненне гэтых нашых братоў, каб пачуўшы Добрую Навіну, яны самі сталі вестунамі Божага слова i сведкамі ўваскрослага Езуса, надзеі свету345 

 Абвяшчэнне Божага слова і церпячыя 

106. Падчас сінадальнай працы Айцы звярнулі таксама ўвагу на патрэбы абвяшчэння Божага слова ўсім церпячым фізічна, псіхічна або духоўна. У моманты болю больш выразна забіраюць голас у сэрцы чалавека канчатковыя пытанні наконт сэнсу ўласнага жыцця. Калі слова чалавека здаецца змаўкае перад таямніцай зла і цярпення, а нашае грамадства прызнае каштоўнасць жыцця толькі тады, калі яно адпавядае пэўнаму ўзроўню плённасці і дабрабыту, Божае слова аб’яўляе нам, што таксама гэтыя акалічнасці таямнічым чынам «ахоплены» Божай чуласцю. Вера, якая нараджаецца з сустрэчы з Божым словам, дапамагае нам прызнаць, што чалавечае жыццё годнае таго, каб у поўні яго пражыць, таксама тады, калі яно аслаблена цярпеннем. Бог стварыў чалавека для шчасця і жыцця, але ў выніку граху з’явіліся на свеце хвароба і смерць (пар. Мдр 2, 23-24). Аднак Айцец жыцця ёсць лекарам чалавека ў поўным значэнні гэтага слова і няспынна схіляецца з любоўю над чалавецтвам, якое церпіць. Найвышэйшае праяўленне блізкасці Бога ў цярпенні чалавека бачым у Езусе, які ёсць «Уцелаўлёным Словам. Ён цярпеў з намі і памёр. Праз сваю муку і смерць узяў на сябе і глыбока перамяніў нашую слабасць»346 

Езус няспынна прабывае з церпячымі; Яго блізкасць трывае ў часе дзякуючы дзеянню Духа Святога ў місіі Касцёла, у слове і сакрамэнтах, у людзях добрай волі, у справах апекі, якую здзяйсняюць супольнасці з братняй любоўю, што паказвае сапраўднае аблічча Бога і Яго любові. Сінод дзякуе Богу за выразныя, а часта ўкрытыя сведчанні многіх хрысціянаў – святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх, – якія аддавалі свае рукі, вочы, а таксама сэрца і надалей аддаюць Хрысту, сапраўднаму лекару цела і душы! Заахвочваю таксама, каб яны надалей апекаваліся хворымі асобамі і давалі ім адчуць – у Слове і Эўхарыстыі – жыватворную прысутнасць Пана Езуса. Ім трэба дапамагаць чытаць Святое Пісанне і адкрываць, што менавіта іх стан дазваляе ім асаблівым чынам удзельнічаць у адкупленчым цярпенні Хрыста за збаўленне свету (пар. 2 Кар 4, 8-11. 14)347 

 Абвяшчэнне Божага слова і ўбогія 

107. Святое Пісанне паказвае асаблівую любоў Бога да ўбогіх і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе (пар. Мц 25, 31-46). Айцы Сіноду часта падкрэслівалі, што евангельскае пасланне, дзейнасць пастыраў і супольнасцяў павінна быць скіравана да гэтых нашых братоў. Сапраўды, «у першую чаргу маюць права на евангельскае пасланне менавіта ўбогія, якія патрабуюць не толькі хлеба, але таксама слова жыцця»348 . Паслуга любові, якой ніколі не можа не хапіць у нашых Касцёлах, павінна быць заўсёды звязана з абвяшчэннем слова і цэлебрацыяй святых таямніц349 . Адначасова трэба прызнаць i ацаніць факт, што таксама ўбогія бяруць удзел у евангелізацыі. У Бібліі сапраўднымі ўбогімі з’яўляюцца тыя, хто цалкам даручае сябе Богу, а сам Езус называе іх у Евангеллі шчаслівымі, «бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 3; пар. Лк 6, 20). Пан усхваляе прастату сэрца чалавека, які прызнае Бога праўдзівым багаццем, на Яго спадзяецца, а не на даброты гэтага свету. Касцёл не можа ашукаць убогіх: «пастыры павінны іх слухаць, вучыцца ад іх, весці іх у веры і накіроўваць да таго, каб яны былі актыўнымі творцамі ўласнай гісторыі»350 

Касцёл разумее, што існуе таксама убоства, якое з’яўляецца цнотай, якую трэба развіваць і выбіраць дабравольна, як рабіла гэта вельмі шмат святых, і існуе беднасць, якая часта з’яўляецца вынікам несправядлівасці і выклікана эгаізмам, якая вядзе да нястачы i голаду, а таксама правакуе канфлікты. Касцёл, абвяшчаючы Божае слова, разумее, што трэба «старацца знайсці „карысную раўнавагу” паміж убоствам, „якое трэба выбраць”, i убоствам, „якое трэба перамагаць” », адкрываючы «нанова ўстрыманасць i салідарнасць як евангельскія каштоўнасці і адначасова універсальныя. <...> Гэта азначае неабходнасць выбару справядлівасці i ўстрыманасці»351 

 Божае слова і ахова стварэння 

108. Удзел у свеце, якога патрабуе Божае слова, прымушае нас па-новаму паглядзець на ўвесь створаны Богам сусвет, які мае ўжо ў сабе сляды Слова, праз якое ўсё сталася (пар. Ян 1, 2). Бо як веруючыя i тыя, хто абвяшчае Евангелле, мы ў пэўным сэнсе адказваем таксама за стварэнне. Аб’яўленне, адкрываючы перад намі Божы план адносна сусвету, схіляе нас таксама да асуджэння неадпаведных пастаў чалавека, калі ён не прызнае таго, што ўсе рэчы з’яўляюцца адлюстраваннем Стварыцеля, звычайнай матэрыяй, якой можна маніпуляваць без усялякага сораму. Так чалавек не мае ў сабе гэтай істотнай пакоры, якая дазваляе яму прызнаць, што стварэнне – гэта Божы дар, які трэба прыняць і карыстацца ім згодна з Яго намерам. Наадварот, нахабства чалавека, які жыве «як бы Бог не існаваў», вядзе да выкарыстання i знявечання прыроды, непрызнання ў ёй спраў стваральнага Слова. У гэтым тэалагічным кантэксце хацеў бы згадаць выказванне Айцоў Сіноду, якія нагадалі, што «прыняцце Божага слова, засведчанага ў Святым Пісанні, а таксама ў жывой Традыцыі Касцёла, вядзе да новага позірку на рэчы і прычыняецца да стварэння праўдзівай экалогіі, якая мае свае найглыбейшыя карані ў паслухмянасці веры, развіваючы новыя тэалагічныя погляды на дабро ўсіх рэчаў, створаных у Хрысце»352 . Чалавека зноў трэба навучыць захапляцца і заўважаць сапраўдную прыгажосць, што аб’яўляецца ў створаных рэчах353 

 БОЖАЕ СЛОВА І КУЛЬТУРЫ 

 Каштоўнасць культуры для жыцця чалавека 

109. Тое, што Ян кажа пра ўцелаўленне Слова, паказвае непарыўную сувязь паміж Божым словам i людскімі словамі, праз якія яно аб’яўляецца нам. Разважаючы менавіта над гэтымі пытаннямі, Сінод Біскупаў затрымаўся над адносінамі паміж Божым словам і культурай. Бог не аб’яўляецца чалавеку абстракцыйна, але карыстаецца мовамі, вобразамі і выразамі, звязанымі з рознымі культурамі. Гэта плённыя адносіны, пра што сведчыць гісторыя Касцёла. Сёння гэтыя адносіны ўваходзяць у новую фазу дзякуючы распаўсюджванню і ўкараненню евангелізацыі ў сферы розных культур, а таксама дзякуючы сучаснаму развіццю заходняй культуры. Гэта вядзе перадусім да прызнання ролі культуры самой па сабе ў жыцці кожнага чалавека. Культура са сваімі разнастайнымі аспектамі з’яўляецца асноўным элементам чалавечага вопыту: «Чалавек існуе заўсёды паводле нейкай культуры, уласцівай сабе, якая ў сваю чаргу стварае паміж людзьмі адпаведную ім сувязь, вызначаючы міжчалавечы i грамадскі характар чалавечага існавання»354 

Божае слова на працягу стагоддзяў натхняла розныя культуры, плёнам чаго былі галоўныя маральныя каштоўнасці, славутыя формы мастацтва і прыкладныя стылі жыцця355 . Таму ў перспектыве новай сустрэчы Бібліі з культурамі, хацеў бы паўтарыць усім дзеячам культуры, што яны не павінны нічога баяцца, адкрываючыся на Божае слова, якое ніколі не знішчае сапраўднай культуры, але з’яўляецца няспынным імпульсам для пошуку ўсё больш адпаведных і больш значных чалавечых формаў выражэння. Кожная сапраўдная культура для таго, каб быць сапраўды для чалавека, павінна быць адкрытай на трансцэндэнцыю, канчаткова на Бога. 

 Біблія, як вялікі культурны код 

110. Айцы Сіноду звярнулі ўвагу на тое, як важна даць магчымасць асобам, працуючым у сферы культуры, атрымаць належнае веданне Бібліі, таксама ў секулярызаваных асяродках і сярод няверуючых356 ; у Святым Пісанні змешчаны антрапалагічныя і філасофскія каштоўнасці, якія мелі станоўчы ўплыў на ўсё чалавецтва357 . Трэба ў поўні адшукаць сэнс Бібліі як вялікага культурнага коду. 

 Пазнаванне Бібліі ў школах і ва універсітэтах 

111. Асаблівым месцам спаткання Божага слова i культур ёсць школа i універсітэт. Пастыры павінны асабліва паклапаціцца пра тыя асяродкі, якія прапагандуюць глыбокае пазнанне Бібліі, каб таксама ў сённяшнім свеце яна мела плённы уплыў на культуру. Каталіцкія навуковыя асяродкі робяць арыгінальны ўклад – што павінна быць прызнана – у распаўсюджванне культуры і асветы. Нельга таксама занядбоўваць рэлігійнага навучання. Трэба старанна вучыць выкладчыкаў гэтага прадмету. У многіх выпадках для вучняў гэта адзіная магчымасць кантакту з пасланнем веры. Такое навучанне павінна спрыяць пазнаванню Святога Пісання, перамагаючы даўнія і новыя прадузятасці i стараючыся пераказаць яго праўду358 

 Святое Пісанне ў розных формах мастацтва 

112. Сувязь паміж Божым словам і культурай знайшла сваё адлюстраванне ў працах з розных галін, асабліва ў святле мастацтва. Таму вялікая традыцыя Усходу і Заходу заўсёды цаніла мастацкія формы выражэння, натхнёныя Святым Пісанне, як напрыклад сакральнае выяўленчае мастацтва i архітэктура, літаратура і музыка. Маю на ўвазе таксама старажытную мову ікон, якая нарадзілася ва ўсходняй традыцыі і пашыраецца паступова ва ўсім свеце. Увесь Касцёл разам з Айцамі Сіноду выражае прызнанне, павагу і захапленне мастакамі, «закаханымі ў прыгажосць», якія чэрпаюць натхненне са святых тэкстаў; яны зрабілі ўклад у аздабленне нашых касцёлаў, у цэлебраванне нашай веры, яны ўзбагацілі нашую літургію, i адначасова дзякуючы многім з іх у часе і прасторы нейкім чынам сталі адчувальнымі нябачныя і спрадвечныя рэчаіснасці359 . Заахвочваю кампетэнтныя інстытуцыі прапагандаваць у Касцёле салідную фармацыю мастакоў ў галіне Святога Пісання ў святле жывой традыцыі Касцёла і Настаўніцкага Інстытута Касцёла. 

 Божае слова і сродкі масавай камунікацыі 

113. З адносін паміж Божым словам і культурамі звязана важнае пытанне ўважлівага і разумнага карыстання даўнейшымі і новымі сродкамі масавай камунікацыі. Айцы Сіноду парэкамендавалі належна пазнаёміцца з гэтымі прыладамі і звярнуць увагу на іх хуткае развіццё, а таксама на розныя ўзроўні ўзаемнага уплыву і на прыкладванне большых намаганняў у здабыванні кампетэнцыі ў розных сферах, асабліва ў сферы гэтак званых новых медыяў, як напрыклад інтэрнэт. Касцёл ужо ў значнай ступені прысутны ў свеце масавай камунікацыі, і Настаўніцкі Інстытут Касцёла таксама выказваўся шматразова на гэтую тэму, пачынаючы ад Другога Ватыканскага Сабору360 . Выкарыстанне новых метадаў ў пераказе евангельскага паслання звязана з евангелізацыйным запалам веруючых, а сёння камунікацыя ахоплівае сваёй сеткай зямны шар i заклік Хрыста набывае новае значэнне: «Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах» (Мц 10, 27). Божае слова, акрамя таго, што выступае ў друкаванай форме, павінна гучаць таксама праз іншыя формы пераказу361 . Таму разам з Айцамі Сіноду хачу падзякаваць католікам, якія кампетэнтна ўдзельнічаюць у свеце медыяў, стараючыся, каб іх прысутнасць была значная, і заахвочваю да яшчэ больш шырокай і прафесійнай дзейнасці362 

Трэба прызнаць, што сёння сярод новых формаў масавай камунікацыі ўзрасла роля інтэрнэту, які з’яўляецца новым форумам, на якім павінна абвяшчацца Евангелле, пры захаванні, аднак, разумення таго, што віртуальны свет ніколі не зможа замяніць рэальны свет, а таксама што евангелізацыя можа карыстацца віртуальнымі шляхамі, якія адкрываюць новыя медыі, для ўстанаўлення важных адносін толькі з умоваю, што гэта прывядзе да асабістага кантакту, які з’яўляецца незаменным. Таксама ў свеце інтэрнэту, дзякуючы якому на мільёнах манітораў могуць з’явіцца мільярды вобразаў ва ўсім свеце, павінна быць бачным аблічча Хрыста i павінен чуцца Яго голас, «бо там, дзе няма месца для Хрыста, няма яго таксама і для чалавека»363 

 Біблія і інкультурацыя 

114. Таямніца ўцелаўлення ўсведамляе нам, што з аднаго боку Бог аб’яўляецца заўсёды ў канкрэтнай гісторыі, карыстаючыся запісанымі ў ёй культурнымі кодамі, але, з другога боку, Божае слова можа і павінна пераказвацца ў розных культурах, каб перамяняць яе знутры, на шляху евангелізацыі культур364 , як акрэсліў папа Павел VI. Так выяўляецца глыбокі міжкультурны характар Божага слова, падобна, дарэчы, і хрысціянскай веры, здольных да сустрэчы розных культур365 . У гэтым кантэксце можна зразумець таксама каштоўнасць інкультурацыі Евангелля366 . Касцёл глыбока перакананы, што Божае слова здольнае дайсці да ўсіх людзей у культурным кантэксце, у якім яны жывуць: «гэтае перакананне вынікае з самой Бібліі, якая, пачынаючы ад кнігі Быцця, набывае універсальную арыентацыю (пар. Быц 1, 27-28), падтрымлівае яе затым у благаслаўленні, абяцаным усім людзям дзякуючы Абрагаму і яго патомству (пар. Быц 12, 3; 18, 18), i канчаткова пацвярджае, ахопліваючы евангелізацыяй „усе народы”»367 . Таму інкультурацыю не трэба блытаць з павярхоўным прыстасаваннем і з сінкрэтычным замяшаннем, якое размывае арыгінальны характар Евангелля, каб учыніць яго больш лёгкім для прыняцця368 . Сапраўдным узорам інкультурацыі ёсць само ўцелаўленне Слова: «“Актуалізацыя” або “інкультурацыя”, <...> будзе сапраўдным адлюстраваннем уцелаўлення Слова, асабліва калі культура, перамененая i адроджаная Евангеллем, дасць уласнай жывой традыцыі арыгінальны выраз хрысціянскага жыцця, хрысціянскіх абрадаў і хрысціянскай думкі»369 , дзейнічаючы як бы рошчына ва ўлонні мясцовай культуры, ацэньваючы semina Verbi i тое, што ёсць у ёй станоўчым, а таксама, адкрываючы яе на евангельскія каштоўнасці370 

 Пераклад i распаўсюджванне Бібліі 

115. Калі інкультурацыя Божага слова з’яўляецца неад’емнай часткай місіі Касцёла ў свеце, вырашальным элементам гэтага працэсу ёсць распаўсюджванне Бібліі дзякуючы каштоўнаму ўдзелу перакладаў яе на розныя мовы. У сувязі з гэтым трэба заўсёды памятаць, што пачатак перакладу Пісанняў «сягае часоў Старога Запавету, калі габрэйскі тэкст Бібліі быў перакладзены вусна на арамейскую мову (Нм 8, 8. 12), а пазней пісьмова на грэцкую. Тлумачэнне па сутнасці ёсць заўсёды чымсьці большым, чым звычайная транскрыпцыя арыгінальнага тэксту. Пераход ад адной мовы да другой цягне за сабой неабходнасць змены культурнага кантэксту: паняцці не з’яўляюцца ідэнтычнымі, рознае пасланне заключаецца ў сімвалах, бо звяртаецца да іншых традыцый мыслення і іншых спосабаў жыцця»371 

Падчас сінадальных прац было сцверджана, што многія мясцовыя Касцёлы не маюць яшчэ поўнага перакладу Бібліі на сваю мову. Колькі ж народаў адчувае сёння голад і прагу Божага слова, але на жаль не можа мець яшчэ шырокага доступу да Святога Пісання372 , як было заўважана на Другім Ватыканскім Саборы! Таму Сінод «лічыць, што важнай найперш з’яўляецца фармацыя спецыялістаў, якія займаюцца рознымі перакладамі Бібліі»373 . Заахвочваю да інвестыцый сродкаў у гэтую сферу. Асабліва хацеў бы прасіць падтрымаць працу Каталіцкай Біблійнай Федэрацыі, каб расла колькасць перакладаў Святога Пісання, а таксама каб яны былі шырока распаўсюджанымі374 . З увагі на характар гэтай працы пажадана, каб яна была выканана, наколькі гэта магчыма, у супрацоўніцтве з рознымі Біблійнымі Таварыствамі. 

 Божае слова пераўзыходзіць культурныя межы 

116. У дыскусіі пра адносіны паміж Божым словам і культурамі, сінадальны Сход палічыў адпаведным нагадаць, што дасведчылі першыя хрысціяне ад дня Пяцідзесятніцы (пар. Дз 2, 1-13). Божае слова здольнае пранікнуць у розныя культуры і мовы і ў іх выразіцца, але тое самае слова змяняе межы паасобных культур, ствараючы супольнасць розных народаў. Слова Пана заахвочвае нас імкнуцца да больш шырокай еднасці. «Пераадолеем межы нашага досведу і ўвойдзем у сапраўды уневерсальную рэчаіснасць. Уваходзячы ў еднасць з Божым словам, мы ўваходзім у еднасць з Касцёлам, які жыве Божым словам. <...> Яна з’яўляецца пераадоленнем межаў паасобных культур, каб адшукаць сябе ва універсальным вымярэнні, якое лучыць усіх, яднае ўсіх, робіць нас усіх братамі»375 . Таму абвяшчэнне Божага слова патрабуе заўсёды, каб мы першымі здзейснілі новы exodus, адмовіліся ад нашых мерак і абмежаваных уяўленняў, каб адкрыцца на прысутнасць Хрыста. 

 БОЖАЕ СЛОВА І МІЖРЭЛІГІЙНЫ ДЫЯЛОГ 

 Каштоўнасць міжрэлігійнага дыялогу 

117. Разумеючы, што Бог Айцец, Сын і Дух Святы ўстанаўліваюць дыялог з чалавецтвам, Касцёл лічыць, што ў абвяшчэнне слова асноўным чынам уваходзіць сустрэча і дыялог з усімі людзьмі добрай волі, таму імкнецца сёння да дыялогу з асобамі, якія належаць да розных рэлігійных традыцый, пазбягаючы формаў сінкрэтызму і рэлятывізму, кіруючыся ўказаннямі дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору Nostra aetate, развітымі навучаннем наступных Папаў376 . Хуткі працэс глабалізацыі вядзе да таго, што мы жывём у блізкім кантакце з асобамі розных культур і рэлігій. Гэта добрая нагода для таго, каб паказаць, што праўдзівае рэлігійнае пачуццё можа ўмацоўваць сярод людзей адносіны паўсюднага братэрства. Вельмі важна, каб рэлігіі ў нашых часта секулярызаваных грамадствах фарміравалі менталітэт, які заўважае ва ўсемагутным Богу фундамент усялякага дабра, невычэрпную крыніцу маральнага жыцця, умацаванне глыбокага пачуцця паўсюднага братэрства. 

У юдэйска-хрысціянскай традыцыі, напрыклад, выступае яркае сведчанне любові Бога да ўсіх народаў, якой ужо ў запавеце, заключаным з Ноем, Ён ахоплівае адным вялікім абдымкам, сімвалізаваным у «вясёлцы на аблоках» (пар. Быц 9, 13. 14. 16), і якой – згодна са словамі прарокаў – хоча сабраць у адну паўсюдную сям’ю (пар. Іс 2, 2 і наст.; 42, 6; 66, 18-21; Ер 4, 2; Пс 47 [46]). Сапраўды, сведчанне пра існаванне цеснай сувязі паміж адносінамі з Богам і этыкай любові да кожнага чалавека сустракаемся ў многіх рэлігійных традыцыях. 

 Дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі 

118. Сярод розных рэлігій Касцёл з пашанаю глядзіць на мусульман. Яны звяртаюцца да Абрагама і аддаюць пашану Богу асабліва праз малітву, міласціну і пост. Сапраўды, у традыцыі ісламу ёсць шмат біблійных постацяў, сімвалаў і тэм377 . Працягваючы ўзнёслую справу шаноўнага Яна Паўла II, вельмі хачу, каб адносіны паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія развіваліся цягам многіх гадоў, грунтуючыся на даверы, развіваліся ў духу шчырага і поўнага павагі дыялогу378 . Сінод выказаў спадзяванне, што дзякуючы гэтаму дыялогу будзе паглыблена павага да жыцця як галоўнай каштоўнасці, умацаваныя неад’емныя правы мужчыны і жанчыны, а таксама іх роўная годнасць. Зважаючы на адрозненне грамадска-палітычнага і рэлігійнага парадку, рэлігіі павінны рабіць свой уклад у агульнае дабро. Сінод просіць Канферэнцыі Біскупаў, дзе гэта адпаведна і карысна, дапамагаць у арганізацыі сустрэч, якія маюць мэту ўзаемнага пазнання хрысціянаў і мусульман, каб распаўсюджваць каштоўнасці, патрэбныя грамадству для мірнага і станоўчага суіснавання379 

 Дыялог з іншымі рэлігіямі 

119. У гэтым кантэксце хачу таксама выказаць павагу Касцёла да старажытных духоўных традыцый розных кантынентаў, якія маюць каштоўнасці пашаны i супрацоўніцтва і могуць спрыяць паразуменню паміж людзьмі і народамі380 . Часта сцвярджаем, што раздзяляем каштоўнасці, выражаныя таксама ў іх рэлігійных кнігах, як напрыклад, павага да жыцця, кантэмпляцыя, маўчанне і прастата ў будызме; пачуццё sacrum, ахвяры і пасты ў індуізме; a таксама сямейныя і грамадскія каштоўнасці ў канфуцыянстве. З задавальненнем назіраем, што таксама ў іншых рэлігіях надаецца значэнне трансцэндэнцыі Бога, які прызнаецца Стварыцелем, шанаванню жыцця, сужэнства і сям’і, а таксама моцнаму пачуццю салідарнасці. 

 Дыялог і рэлігійная свабода 

120. Аднак дыялог не быў бы плённым, калі б не прадугледжваў таксама сапраўднай павагі кожнай асобы, дазваляючы ёй свабодна вызнаваць сваю рэлігію. Таму Сінод, заахвочваючы да развіцця супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных рэлігій, нагадвае адначасова пра тое, што «ўсім веруючым павінна быць гарантавана плённая свабода ў вызнаванні сваёй рэлігіі прыватна або публічна, а таксама свабода сумлення»381 : сапраўды, «павага і дыялог патрабуюць <…> узаемнасці ва ўсіх сферах, асабліва ў тым, што датычыць асноўнай свабоды, асабліва рэлігійнай. Яны спрыяюць спакою і згодзе паміж народамі»382 

 ЗАКАНЧЭННЕ 

 Канчатковае слова Бога 

121. На заканчэнне гэтых разважанняў, у якіх хацеў выказаць і паглыбіць багацце XII Звычайнага Агульнага Сходу Сіноду Біскупаў, прысвечанага Божаму слову ў жыцці і місіі Касцёла, хачу яшчэ раз заахвоціць увесь Божы народ, пастыраў, членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця, а таксама свецкіх, каб яны стараліся штораз лепш пазнаваць Святое Пісанне. Мы ніколі не павінны забываць, што падставай усялякай аўтэнтычнай і жывой хрысціянскай духоўнасці ёсць Божае слова, абвешчанае, прынятае, цэлебраванае і разважанае ў Касцёле. Гэтае ўмацаванне сувязі з Божым словам будзе мець тым большы размах, чым больш мы будзем разумець, што таксама ў Святым Пісанні, як і ў жывой Традыцыі Касцёла мы маем кантакт з канчатковым словам Бога пра сусвет і гісторыю. 

Як паказвае Пралог св. Яна, усё, што існуе, ёсць пад знакам Слова. Слова выходзіць ад Айца, прыходзіць пасяліцца паміж сваімі і вяртаецца на ўлонне Айца, каб занесці з сабою ўсё стварэнне, якое ў Ім і праз Яго было створана. Касцёл жыве цяпер сваёй місіяй у неспакойным чаканні эсхаталагічнага аб’яўлення Абранніка: «А Дух і Нявеста кажуць: “Прыйдзі”» (Ап 22, 17). Але гэта не пасіўнае чаканне, а місійная патрэба абвяшчэння Божага слова, якое аздараўляе і адкупляе кожнага чалавека: і сёння ўваскрослы Езус кажа нам: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню» (Мк 16, 15). 

 Новая евангелізацыя i новае слуханне 

122. Таму наш час павінен станавіцца штораз больш часам слухання нанова Божага слова, а таксама часам новай евангелізацыі. Паўторнае адкрыццё таго, што Божае слова мае цэнтральнае значэнне ў хрысціянскім жыцці, дапамагае нам зноў адшукаць найглыбейшы сэнс таго, што з моцаю нагадаў папа Ян Павел II: надалей весці missio ad gentes i аддаць усе сілы новай евангелізацыі, асабліва ў тых краінах, дзе евангелізацыя забытая або сустракаецца з распаўсюджанай абыякавасцю ў выніку пашырэння секулярызацыі. Няхай Дух Святы абудзіць у людзях голад і прагненне Божага слова, а таксама пакліча адданых вестуноў і сведак Евангелля. 

Па прыкладзе вялікага Апостала Народаў, які быў адноўлены пасля пачутага голасу Пана (пар. Дз 9, 1-30), мы таксама слухаем Божае слова, якое прамаўляе заўсёды да кожнага з нас асабіста тут і цяпер. Дзеі Апосталаў расказваюць нам, што Дух Святы выбраў Паўла разам з Барнабай, каб яны абвяшчалі і пашыралі Добрую Навіну. Няхай таксама сёння Дух Святы не перастае клікаць пераканаўчых i пераконваючых слухачоў i вестуноў слова Пана (пар. 13, 2). 

 Слова і радасць 

123. Чым больш мы будзем аддаваць сябе Божаму слову, тым больш зможам сцвердзіць, што таксама сёння трывае ў Божым Касцёле таямніца Пяцідзесятніцы. Дух Пана надалей спасылае свае дары на Касцёл, каб мы былі прыведзеныя да ўсёй праўды, адкрываючы перад намі сэнс Пісанняў і робячы нас верагоднымі вестунамі збаўчага слова ў свеце. I так вяртаемся да Першага Паслання св. Яна. У Божым слове таксама і мы пачулі, убачылі і дакрануліся да Слова Жыцця. Дзякуючы ласцы мы прынялі пасланне, што аб’явілася вечнае жыццё, таму прызнаём цяпер, што мы з’яднаныя паміж сабою, з тымі, хто апярэдзіў нас у знаку веры і з усімі, хто ва ўсім свеце слухае Божае слова, цэлебруе Эўхарыстыю і жыве сведчаннем любові. Гэтае пасланне было нам парададзена – нагадвае апостал Ян – каб «нашая радасць была поўнай» (1 Ян 1, 4). 

Сінадальны Сход дазволіў нам адчуць тое, пра што кажа Янава пасланне: абвяшчэнне Слова стварае еднасць i вядзе да радасці. Гэтая радасць глыбокая, вынікае з самога трынітарнага жыцця і перададзена нам у Сыне. Гэтая радасць – гэта невыказны дар, якога свет не можа даць. Можна арганізаваць святы, але не радасць. Паводле Святога Пісання радасць – гэта дар Духа Святога (пар. Гал 5, 22), які дазваляе нам паглыбіцца ў слова і ўчыніць, каб Слова ўвайшло ў нас, прыносячы плады на жыццё вечнае. Абвяшчаючы ў моцы Духа Святога Божае слова, хочам дзяліцца крыніцай праўдзівай радасці, не павярхоўнай і часовай, але той, якая нараджаецца з разумення таго, што Пан Езус мае словы вечнага жыцця (пар. Ян 6, 68). 

 «Mater Verbi et Mater laetitiae» 

124. Гэтая глыбокая сувязь паміж Божым словам і радасцю бачная менавіта ў Маці Божай. Нагадаем словы св. Альжбеты: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45). Марыя – благаслаўлёная, бо мае веру, певерыла, і ў гэтай веры прыняла ў сваё ўлонне Божае Слова, каб даць Яго свету. Гэтая радасць, народжаная са Слова, можа цяпер ахапіць усіх, хто ў веры дазваляе перамяняць сябе праз Божае слова. Евангелле паводле св. Лукі паказвае нам у двух фрагментах гэтую таямніцу слухання і радасці. Езус кажа: «Маці Мая і браты Мае – гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго» (8, 21). Чуючы заклік нейкай жанчыны з натоўпу, якая праслаўляла ўлонне, якое Яго насіла, а таксама грудзі, якія ссаў, Езус выяўляе сакрэт сапраўднай радасці: «Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!» (пар. Лк 11, 28). Езус паказвае сапраўдную веліч Марыі, адкрываючы таксама перад кожным з нас шлях да таго благаслаўлення, якое нараджаецца з Божага слова, прынятага і рэалізаванага на практыцы. Таму нагадваю ўсім хрысціянам, што нашая асабістая і супольнасная сувязь з Богам паглыбляецца праз веданне Божага слова. Напрыканцы звяртаюся да ўсіх людзей, таксама да тых, хто аддаліўся ад Касцёла, пакінуў веру або ніколі не чуў закліку збаўлення. Кожнаму Пан кажа: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20). 

Таму няхай кожны наш дзень фарміруецца праз паўторную сустрэчу з Хрыстом, Словам Айца, якое сталася целам: «Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трывае ў Ім» (Клс 1, 17). Суцішымся, каб слухаць слова Пана і разважаць над ім, каб дзякуючы плённаму дзеянню Духа Святога надалей яно прабывала i жыло ў нас праз усе дні нашага жыцця і прамаўляла да нас. Так менавіта Касцёл надалей абнаўляецца і адраджаецца дзякуючы слову Пана, якое трывае навекі (пар. 1 П 1, 25; Іс 40, 8). Такім чынам і мы зможам удзельнічаць у вялікім абранніцкім дыялогу, які заканчвае Святое Пісанне: «А Дух і Нявеста кажуць: “Прыйдзі”. І хто чуе, няхай скажа: “Прыйдзі”. <...> Той, хто сведчыць пра гэта, кажа: “Так, хутка прыйду”. Амэн. Прыйдзі, Пане Езу» (Ап 22, 17). 

 Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, 30 верасня 2010 г., ва ўспамін св. Гераніма, у шосты год Нашага Пантыфікату. 

BENEDICTUS PP. XVI

 

Хостинг от uCoz